Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чабурашка наўрад ці выжыве ў Расеі, але ёсьць іншыя мадэлі інтэрнэт-цэнзуры


Нягледзячы на тое, што расейскі сэнатар замяў сваю прапанову стварыць у Расеі ўласны «сувэрэнны» інтэрнэт, Крэмль відавочна спрабуе атрымаць большы кантроль над сецівам. Карэспандэнт Радыё Свабода Глен Кейтс разглядае розныя мадэлі фільтраваньня інтэрнэту і спрабуе даведацца якая з гэтых мадэляў найбольш імаверная ў Расеі.

Чароўны герой савецкай кніжкі 1966 і аднайменнага мультфільму нядаўна апынуўся ў цэнтры абмеркаваньня крамлёўскіх намераў ўсталяваць больш строгі кантроль над выкарыстаньнем інтэрнэту.

У канцы красавіка верхняя палата парлямэнту Расеі выступіла з прапановай аб стварэньні ўнутрырасейскага інтэрнэту, недаступнага з-за мяжы. Выключэньнем маглі б стаць хіба што краіны, якія ўваходзяць у мытны саюз з Расеяй. Назваць гэтую сетку прапанавалі ў гонар Чабурашкі — плюшавага героя дзіцячай кніжкі.

Пазьней сэнатар Максім Каўджарадзэ растлумачыў, што яго прапанова тычыцца толькі навуковай супольнасьці. Тым ня менш, Чабурашка — цалкам ўдалы сымбаль крамлёўскіх намаганьняў па стварэньні больш «сувэрэннага» інтэрнэту.

Герой казкі Эдуарда Усьпенскага, які раней і не падазраваў пра існаваньне людзей, трапляе ў маскоўскі краму ў скрыні з апэльсінамі. Яму неабходна прыстасавацца да новых абставінаў.

Новыя ўмовы ствараюцца ў Расеі і вакол дагэтуль свабоднага інтэрнэту. Як адрэагуюць на гэта карыстальнікі пакуль незразумела. У красавіку Дзяржаўная Дума Расеі прыняла закон, які патрабуе ад нерасейскіх апэратараў захоўваць усю мясцовую інфармацыю ў Расеі прынамсі на працягу 6 месяцаў. Паводле газэты «Коммерсант», прызначаная расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным спэцыяльная камісія рэкамэндуе стварыць сыстэму, якая магла б фільтраваць і мець доступ да любой інфармацыі, якая праходзіць праз расейскія сэрвэры.

Разьмясьціць сэрвэры і цэнтры захаваньня інфармацыі ў Расеі — дарагое задавальненьне, і ці пойдуць на гэта асноўныя кампаніі, такія як Google або Facebook — пакуль незразумела. Як, зрэшты, невядома ці стане Масква сапраўды блякаваць сайты, якія не падпарадкуюцца.

На што б ён не адважыўся, Пуцін тут выступае нароўні з іншымі аўтакратычнымі лідэрамі па ўсім сьвеце, якія спрабуюць падпарадкаваць сабе неабсяжную прастору інтэрнэту. Аднак абмежаваць доступ у дагэтуль вольную прастору можа быць ня так і проста.

Ніжэй некалькі прыкладаў цэнзуры інтэрнэту — пачынаючы ад часовых мераў па абмежаваньні свабоды ў сеціве ў канкрэтных сытуацыях і да крайнасьці — сапраўды «дзяржаўнага» інтэрнэту.

Гэтыя абмежаваньні суправаджаюцца і самацэнзурай, якую ў рознай ступені навязваюць пагрозамі пакараць за разьмяшчэньне няўхваленага дзяржавай кантэнту. Карыстальнікі і кампаніі ўсьведамляюць, што іх дзейнасьць можа адсочвацца і, такім чынам, ператвараюцца ў добраахвотных стваральнікаў цэнзурнага асяродзьдзя.

«Абгароджаны сад» Паўночнай Карэі



«Абгароджаны сад» — гэта ўнутраная сетка, сапраўды незалежная сыстэма, доступ да якой маецца толькі ўнутры краіны. Паўночнакарэйская сетка Кванмен (яркая) — выбітны «посьпех» у справе стварэньня цалкам падцэнзурнага інтэрнэт-рэжыму. Вядома пра яе няшмат, бо мала хто па-за гэтым так званым «пустэльным царствам» меў да яе доступ. Аднак, паводле рэпартажу агенцтва AP, у сыстэме да 5500 сайтаў. Яны належаць, галоўным чынам, унівэрсытэтам або дзяржаўным установам.

Такая сыстэма можа працаваць толькі ў месцах абсалютнай інфармацыйнай блякады, такіх як Паўночная Карэя ці Куба, якая валодае падобнай сеткай.



Кітайская «агнявая сьцяна»



Кітайская сыстэма «Залаты шчыт» блякуе і фільтруе інфармацыю, якую лічыць небясьпечнай кіруючая Камуністычная партыя краіны. Яе посьпех абумоўлены, галоўным чынам, тым, што ўрад з самага пачатку вырашыў кантраляваць інтэрнэт. Па меры таго, як на працягу першага дзесяцігодзьдзя 21 стагодзьдзя хутка разрастаўся інтэрнэт, мясцовыя сайты, якія падпарадкоўваюцца правілам дзяржаўнай цэнзуры, сталі нормай. У той час як заходнія кампаніі зь цяжкасьцю адаптаваліся або адмаўляліся падпарадкоўвацца гэтым правілам, мясцовыя кампаніі, такія як галоўны пошукавік краіны Байду, квітнелі.

Кітайскія карыстальнікі лёгка могуць трапіць на неабходную старонку, карыстаючыся люстранымі сайтамі, даступнымі ў правайдэраў, якія не трапляюць пад цэнзуру. Аднак, паколькі разьвітая сетка ўжо забясьпечвае мясцовых карыстальнікаў, мала хто зь іх зробіць дадатковыя намаганьні.

«Халяль»-інтэрнэт Ірану



Пасьля выбараў 2009 году, калі тысячы пратэстоўцаў супраць ураду запоўнілі вуліцы Тэгерану, Іран значна ўзмацніў цэнзуру інтэрнэту. Быў зачынены доступ да заходніх сайтаў, такіх як Twitter, Facebook і Youtube. У 2011 годзе Іран пачаў працу над стварэньнем сеткі «Халяль», якая будзе існаваць толькі ўнутры краіны. Карыстальнікам, паводле словаў аднаго зь міністраў, будуць даступныя толькі старонкі, якія падтрымліваюць адпаведны «этычны і маральны ўзровень».

Пакуль Тэгеран працягвае працу над стварэньнем унутранай сеткі, іранскія цэнзары адфільтроўваюць і забараняюць сайты, якія ўяўляюць пагрозу Ісламскай рэспубліцы. Стварыць зусім новую сыстэму, якая не абапіраецца на ўжо існуючую інфраструктуру, падобную кітайскай, аказалася няпроста. Многія працягваюць карыстацца заходнімі сацыяльнымі сеткамі з дапамогай люстраных сайтаў.



Разьвіваецца турэцкая мадэль



Прэм’ер-міністар Турцыі Рэджэп Эрдаган уступіў у барацьбу зь «цёмнымі сіламі» інтэрнэту ад таго часу, як у мінулым чэрвені краіну ахапілі антыўрадавыя пратэсты. Калі ж у пачатку 2014 году ў інтэрнэце былі апублікаваныя сакрэтныя аўдыёзапісы, якія інкрымінуюць удзел ў карупцыі яго сям’і, урад Эрдагана ў сакавіку запатрабаваў заблякаваць Twitter і Youtube. Нягледзячы на рашэньне суду аб адмене гэтага ўказу, Youtube, паводле відавочцаў, па-ранейшаму застаецца недаступным.

Нядаўні посьпех сваёй партыі на муніцыпальных выбарах Эрдаган расцаніў як магчымасьць працягваць рэпрэсіі супраць інтэрнэту. Былі пашыраны паўнамоцтвы турэцкай выведкі ў доступе да інфармацыі карыстальнікаў, а правайдэры пачалі карыстацца фільтрацыйнымі тэхналёгіямі, падобнымі да кітайскіх.



Што абярэ Расея?



На першы погляд, Расеі ў самы раз падыходзіць кітайская «агнявая сьцяна» . Такія расейскія сайты як пошукавік «Яндэкс» ці сацыяльная сетка «Вконтакте» валодаюць большай папулярнасьцю на расейскім рынку, чым іх заходнія супернікі. Тым ня менш, некаторай часткай свайго посьпеху яны абавязаны ужываньнем замежных мадэляў і інвэстыцый.

«Яндэкс» зарэгістраваны ў Галяндыі; яго акцыямі гандлююць на біржы NASDAQ у Нью-Ёрку. У красавіку стваральнік «Вконтакте» пакінуў Расею пасьля таго, як, па яго словах, быў вымушаны прадаць сваю долю ў кампаніі дзеячам, набліжаным да Крамля. Кіраўніцтва абедзьвюх кампаній выказала незадаволенасьць новымі расейскімі законамі супраць інтэрнэту, якія імаверна нясуць шкоду іх бізнэсу.

Да цяперашняга моманту Расія галоўным чынам падвяргала спагнаньням або блякаваньню асобныя вэб-сайты і блогераў, такіх як апазыцыянэр Аляксей Навальны. Але становіцца відавочным, што Крэмль на гэтым не супакоіцца.

«Сувэрэнны інтэрнэт» можа заставацца крамлёўскім ідэалам, аднак сцэнаром для Расеі хутчэй за ўсё стане шматузроўневы падыход, кшталту турэцкага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG