Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакей у краіне палітвязьняў


Байкот хакейнага чэмпіянату не адбыўся, але праваабаронцы і палітыкі прапаноўваюць скарыстаць спаборніцтвы як дадатковую магчымасьць прыцягнуць увагу да праблемы палітычных вязьняў у Беларусі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» накіраваў у ААН зьвесткі пра прэвэнтыўныя затрыманьні, праведзеныя ўладамі Беларусі напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі. Як запэўніў праваабаронца Ўладзь Лабковіч, «Вясна» будзе і далей інфармаваць Камітэт ААН па адвольных затрыманьнях пра факты парушэньня правоў чалавека, зьвязаныя з хакейным чэмпіянатам:
Уладзь Лабковіч
Уладзь Лабковіч
«Мы бачым, што само гэтае мерапрыемства не паўплывала на агульны клімат у Беларусі — маю на ўвазе палітычны і праваабарончы, а нават яго пагоршыла. На тле гэтага чэмпіянату мы маем вельмі жорсткія дзеяньні ўладаў адносна грамадзкіх актывістаў, якіх кожны дзень затрымліваюць і незаконна прыцягваюць да адказнасьці. У самым блізкім часе мы зьвернемся да дзяржаўных органаў з патрабаваньнем спыніць такія дзеяньні. Хаця мы разумеем, што ў нашай неправавой сытуацыі ніякіх прававых рашэньняў ня будзе».

У канцы красавіка 13 уплывовых праваабарончых арганізацыяў сьвету з ініцыятывы «Вясны» зьвярнуліся да ўрадаў краін-удзельніц чэмпіянату з заклікам ня слаць у Менск афіцыйныя дэлегацыі для ўдзелу ў мерапрыемствах, зьвязаных з чэмпіянатам.

Чаму не ўдалося дамагчыся адмены чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі на той падставе, што тут застаюцца палітвязьні, ці хаця б арганізаваць байкот чэмпіянату вядучымі хакейнымі краінамі? Лідэр АГП Анатоль Лябедзька прызнаўся, што не адразу стаў на пазыцыю байкоту, бо сам займаецца спортам і любіць спартовыя спаборніцтвы. Цяпер для Анатоля Лябедзькі прынцыпова тое, што спартовае сьвята немагчымае ў час, калі ў вязьніцах за палітычныя погляды сядзяць людзі:
Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Чэмпіянат адбудзецца, на яго ўжо прыяжджаюць людзі і будуць прыяжджаць. Трэба думаць пра тое, як выкарыстаць сытуацыю, якая склалася сёньня. Вось працягваецца грамадзкая кампанія „Справядлівая гульня за правы палітвязьняў“ — гэта кампанія салідарнасьці з палітвязьнямі і тымі, хто патрапіў пад палітычныя зачысткі. Такіх ужо 14 чалавек. А другое — кампанія ціску на беларускія ўлады, каб яны ўсё ж такі вызвалілі ўсіх 9 палітвязьняў. Прыкладам, у межах гэтай грамадзкай кампаніі людзі ў Вільні, Антвэрпэне выходзілі ў майках з лягатыпам кампаніі. Падобная актыўнасьць павялічваецца ў краінах Эўропы. Наколькі я ведаю, рыхтуецца пікетаваньне замежных прадстаўніцтваў Беларусі ў Эўропе. Дый у Беларусі сёе-тое робіцца. У сацыяльных сетках шмат пра гэта пішуць. Мяркую, нягледзячы на ўсе запалохваньні, гэтая тэма ня зьнікне».

Былы палітвязень Павал Севярынец згадаў, што калі пачалася кампанія за тое, каб байкатаваць хакейны чэмпіянат, пакуль не вызваляць палітвязьняў, у яго сапраўды зьявілася надзея, што такі рычаг уплыву на беларускі рэжым спрацуе і ён выйдзе на волю датэрмінова. Надзея ня спраўдзілася, давялося чакаць заканчэньня тэрміну:
Павал Севярынец
Павал Севярынец
«Дзякуй праваабаронцам і апазыцыянэрам, але агулам нашы высілкі аказаліся заслабыя. Калі б адбываліся мітынгі, пікеты, хвалі інфармацыі, мэтанакіраваная і масавая міжнародная праца, я перакананы, што ўдалося б вызваліць. Ня ўсіх, але прынамсі некаторых. Як паказвае практыка 2007–2008 гадоў, пры пэўных абставінах гэтага можна дамагчыся. Трэба толькі стварыць такі невыносны для рэжыму ціск звонку ці знутры. Але, на жаль, тут сілаў не хапіла. Дзякуй тым, хто такія высілкі ажыцьцяўляў, але іх аказалася недастаткова».

Павал Севярынец сказаў, што не зьбіраецца наведваць гульні чэмпіянату сьвету па хакеі, але заўзець будзе:

«Буду супроць зборнай Расеі, гэта дакладна. Бо Расеі нельга выйграваць алімпіяды ці чэмпіянаты. Тады ва ўсёй краіне зрывае дах, як паказвае практыка. Таму адзінае, што для мяне цікава на гэтым чэмпіянаце, гэта — калі, на якім этапе вылеціць Расея».

Ці магчыма чакаць, што падчас самога чэмпіянату ў Менску пройдуць публічныя акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі? Былая кіраўніца «Маладога фронту» Наста Дашкевіч гэта выключае:
Наста Палажанка
Наста Палажанка
«З боку беларусаў гэта немагчыма. Мяркую, усе беларусы, якія б маглі тут зладзіць якія пікеты, ужо сядзяць на Акрэсьціна. Усё будзе вылізана да дэмакратычнай чысьціні. А каго яшчэ не пасадзілі, да 9 траўня пасадзяць».
XS
SM
MD
LG