Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1999


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1999 год. Палітычныя падзеі ў Югаславіі зноў сталіся прычынай для пашырэньня моўных абсягаў нашага радыё — Радыё Свабодная Эўропа распачала перадачы па-альбанску — у рамках паўдзённаславянскай рэдакцыі радыё быў створаны аддзел вяшчаньня на Косава, дзе ў гэтым годзе адбыліся этнічныя канфлікты паміж мясцовымі альбанцамі і сэрбамі.

Беларуская рэдакцыя працягвала асвойваць новыя тэмы — у гэтым годзе зьявіліся новыя перадачы: «Ад панядзелка да панядзелка» — агляд інфармацыйнай прасторы Беларусі за тыдзень; музычная перадача Сержука Сокалава-Воюша «Дзеясьпеў»; «У сьвет на заробкі» — праца за мяжою; спартовая перадача «Заўзятар»; «Урокі найноўшай гісторыі» — аналіз палітычных пераменаў папярэдняга апошніх дзесяці гадоў ХХ стагодзьдзя.

Галоўнай праграмнай навінкай 1999 году сталася першая цыклічная сэрыя штодзённых перадачаў «Слова дня- Слоўнік Свабоды», якая легла ў аснову першага кніжнага праекту беларускай Свабоды. Некаторыя фрагмэнты сэрыі прагучаць сёньня ў нашым архіўным разьдзеле.

***

У 1999 годзе адбылася важная кадравая падзея — ад 1 студзеня беларускую службу Радыё Свабода ўзначаліў новы дырэктар — ім стаў Аляксандар Лукашук, які цяпер са мной у студыі. Аляксандар — як становяцца дырэктарамі на Радыё Свабода?

«Спачатку згадаю імя свайго папярэдніка — Вячкі Станкевіча. Вячка, сын вядомага мовазнаўцы Янкі Станкевіча, пачаў працаваць на Свабодзе напрыканцы 1980-х гадоў, пасьля пасьпяховай кар’еры інжынэра ў Амэрыцы. У Мюнхэне ён зьмяніў на пасадзе дырэктара Юрку Сянькоўскага. І менавіта падчас кіраўніцтва Вячкі адбываліся драматычныя гістарычныя трансфармацыі — перабудова, распад СССР, незалежнасьць Беларусі, кароткае вяртаньне „Пагоні“ і бел-чырвона-белага сьцяга, а таксама даволі значныя перамены ў жыцьці службы. Мы пераехалі зь Мюнхэну ў Прагу, у рэдакцыі пачалі працаваць журналісты зь Беларусі. Вось жа, калі Вячка вырашыў вярнуцца ў Злучаныя Штаты і прысьвяціць сябе грамадзкай дзейнасьці, і пачаўся пошук новага дырэктара. Увогуле гэтая працэдура на Свабодзе такая самая, як і ў іншых публічных амэрыканскіх карпарацыях: абвяшчаецца адкрыты конкурс на пасаду і разглядаюцца заявы. У выпадку зь беларускай службай такія весткі былі зьмешчаныя ў амэрыканскім і брытанскім друку, і на працягу двух месяцаў радыё атрымлівала і разглядала заявы прэтэндэнтаў. Дыяпазон быў даволі шырокі — ад прафэсараў славістыкі да дыск-жакеяў. У апошні дзень падачы заяваў з падтрымкай Вячкі, у якога я шмат чаму навучыўся, падаў сваю і я».

— Аляксандар Лукашук — першы ў гісторыі радыё дырэктар службы неамэрыканец, не грамадзянін заходнай краіны. Як гэты фактар уплываў на рашэньне кіраўніцтва прызначыць дырэктарам цябе?

«Фактычна ніяк. Можа, нейкія праверкі праводзіліся больш дасканальна — прынамсі я пра гэта ня ведаю. Але радыё з дысыдэнцкага станавілася прафэсійным. Суседнія службы адна за адной дамагаліся права на рэтрансьляцыю ў сваіх краінах, і гэта вымагала значна большай увагі да чыста прафэсійных аспэктаў працы. Я працаваў на радыё ўжо пяць гадоў, меў папярэдні досьвед працы зь Бі-Бі-Сі, з Бэльгійскім радыё і тэлебачаньнем, амэрыканскім дакумэнтальным кіно, рэгулярна друкаваў артыкулы ў амэрыканскім друку. Калі выбар спынілі на мне, я адчуў адначасна і зразумелае задавальненьне, і цяжар адказнасьці».

— Ці быў у новага дырэктара плян разуменьня — што трэба рабіць у першую чаргу?

«Калі я зараз узгадваю, дык было даволі моцнае жаданьне. Справа ў тым, што ў нас быў моцны канкурэнт — расейская служба, якая вяшчала 24 гадзіны ў суткі на большай колькасьці перадатчыкаў і традыцыйна мела нашмат большыя рэсурсы — і матэрыяльныя, і кадравыя, і інтэлектуальныя — чымся іншыя службы. Дык вось, ва ўмовах вяшчаньня на СССР гэта азначала, што большасьць слухала Свабоду па-расейску, а не па-ўкраінску ці па-беларуску ці па-казахску. І параўнаньні якасьці таксама былі не на карысьць беларускай Свабоды. Я моцна хацеў зрабіць усё, не шкадаваць ні сябе, ні іншых, каб ніхто ў Беларусі ня мог мне сказаць: так, канешне, беларуская служба, усё гэта міла, але вось расейская...»

Ці спраўдзілася гэтае жаданьне новага дырэктара беларускай службы Радыё Свабода — мы даведаемся крыху пазьней, а зараз — аўтэнтычны эфір 1999 году.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:21 0:00
Наўпроставы лінк


***
Год 1999 у сьвеце

Палітыка

Расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын перажывае працэс імпічмэнту і двойчы мяняе ўрад. Прэм’ерам Расеі становіцца Ўладзімер Пуцін. — Пачынаецца другая чачэнская вайна. — Пасьля забойстваў і дэпартацыі косаўскіх альбанцаў пачынаецца вайна ў Косаве. Авіяцыя НАТО пачынае бамбаваньне Бялграду. — Усходні Тымор абвяшчае незалежнасьць. — Барыс Ельцын добраахвотна пакідае пасаду прэзыдэнта Расеі.

Навука i тэхналёгія

Колькасьць карыстальнікаў Інтэрнэту на Зямлі дасягае 150 мільёнаў, палова зь іх жыве ў ЗША. — Швэйцарац Бэртран Пікар і брытанец Браен Джоўнз упершыню абляцелі зямны шар на паветраным балёне. — Насельніцтва Зямлі дасягае 6 мільярдаў чалавек.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная нямецкаму пісьменьніку Гюнтэру Грасу.

У 1999 годзе памірае кінарэжысэр Стэнлі Кубрык.

Песьня году - Eiffel 65 / Blue

***

Нагадаю, сёньня госць перадачы На хвалі Свабоды — Аляксандар Лукашук, які ў 1999 годзе стаў дырэктарам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Я пытаюся ў яго — якія тры найважнейшыя рэформы ўдалося ажыцьцявіць?

«Пытаньне кароткае, але адказ можа быць доўгі. Удалося павялічыць праграмы ўдвая — з чатырох да васьмі гадзінаў. Гэта адбылося ў 2001 годзе. Сёньня мы маем самы вялікі аб’ём вяшчаньня за ўсе 50 гадоў існаваньня беларускай службы. Другое — зьмяніўся характар праграмы. Мы цяпер працуем у жывым эфіры і раніцай, і днём, і ўвечары. Тэмпарытмы перадачаў адпавядаюць самаму высокаму стандарту — гэта даўно ўжо не чытаньне газэты ў мікрафон. У нас на працягу гадзіны бывае больш за сотню мантажных стыкаў: галасы вуліцы, міліцэйскія мэгафоны, тэлефанаваньні, музычныя фрагмэнты, рыпеньне сьнегу і бульканьне гарэлкі — усе гукі жыцьця. Ужо некалькі гадоў прафэсійная праца нашых карэспандэнтаў тут у Празе і ў Беларусі лічыцца найлепшай ці адной з найлепшых сярод усіх службаў Радыё Свабода — нас ставяць у прыклад. Ну і трэцяе — ці, магчыма, нават першае — гэта, канешне, зьмест праграмы. Я скажу толькі пра адметнасьць нашай службы тое, што ніхто з калегаў на Радыё Свабода не паўтарыў. Гэта тры вялікія праекты, штодзённыя перадачы, якія гучалі на працягу цэлага году: у 1999-м штодня выходзіў у эфір „Слоўнік Свабоды“, у 2000-м — перадача „Галасы стагодзьдзя“, у 2001-м — „Верш на Свабоду“. Вось такім чынам на пераломе тысячагодзьдзяў мы паспрабавалі зафіксаваць і стварыць мастацкія дакумэнты агульнанацыянальнага і агульначалавечага сьветаадчуваньня. Гэтыя перадачы паводле працаёмістасьці, напружаньня ня мелі аналягаў. Але вось жа каманда Свабоды іх адолела — выйшлі і працягваюць выходзіць кнігі і пераклады, іх перадрукоўваюць, вывучаюць, выкарыстоўваюць ва ўнівэрсытэтах. У прафэсійнай журналістыцы ёсьць такая градацыя: тэкст у тыднёвіку жыве тыдзень, у штодзённай газэце — адзін дзень, на радыё — толькі тую хвіліну, што гучыць. Вось жа нашыя радыётэксты аказаліся доўгажыхарамі і працягваюць сваё існаваньне доўга пасьля сваёй хвіліны ў эфіры».

А зараз — зноў наш архіў.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:20 0:00
Наўпроставы лінк


***
1999 ГОД У БЕЛАРУСІ

17 студзеня — амбасадары пяці эўрапейскіх краінаў вяртаюцца ў Беларусь пасьля сямі месяцаў дыпляматычнай вайны

27 студзеня — каля 12 тысячаў рабочых праводзяць у Менску мітынг з патрабаваньнем павышэньня ўзроўню жыцьця і адстаўкі Лукашэнкі

22 лютага — беларуская апазыцыя стварае Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў

23 лютага — краіны Эўразьвязу адмяняюць забарону на ўезд беларускіх урадоўцаў

2 красавіка — Беларусь спыняе супрацоўніцтва з НАТО і ваенныя кантакты са Злучанымі Штатамі і іншымі краінамі НАТО

6 красавіка — пры няясных абставінах у шпіталі памірае Генадзь Карпенка

24 красавіка — Упершыню ў апытаньнях колькасьць супраціўнікаў Лукашэнкі перавышае колькасьць прыхільнікаў

6-16 траўня — апазыцыйныя прэзыдэнцкія выбары з удзелам Зянона Пазьняка і Міхаіла Чыгіра, паводле неафіцыйных зьвестак большую колькасьць галасоў сабраў Пазьняк

7 траўня — Зьнікае былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка

30 траўня — падчас канцэрту папулярнай музыкі з прычыны штурханіны ў станцыі мэтро Няміга загінула 54 чалавекі і больш за 100 былі параненыя

14 ліпеня — арыштаваны рэктар Гомельскага мэдунівэрсытэту Юры Бандажэўскі

20 ліпеня — сканчэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 году. Масавыя акцыі апазыцыі за адстаўку

Канец ліпеня — старшыня Вярхоўнага Савету 13 скліканьня выяжджае ў Літву

16 верасьня — зьнікае старшыня апазыцыйнага Цэнтарвыбаркаму Віктар Ганчар

26 верасьня — частка сяброў Беларускага Народнага Фронту ўтварае Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка

29 верасьня — пад ціскам уладаў спынены выхад газэты «Навіны»

17 кастрычніка — у Менску і іншых гарадох Беларусі праходзіць Марш Свабоды, жорстка разагнаны ўладамі, больш за 50 пацярпелых, больш за 300 затрыманых

30 кастрычніка — канчаткова афармляецца раскол Беларускага Народнага Фронту, утвараецца Партыя БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі

8 сьнежня — Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падпісалі ў Маскве дамову аб стварэньні саюзнае дзяржавы


***
Сёньня мы гаворым з дырэктарам беларускай «Свабоды» Аляксандрам Лукашуком. Што не ўдалося новаму дырэктару? Што ён яшчэ хацеў бы зрабіць?

«Самае галоўнае — не ўдалося дамагчыся рэтрансьляцыі нашых перадачаў у Беларусі. Слухачы ў Расеі, Украіне, на Каўказе, у Прыбалтыцы — ня кажучы пра краіны Ўсходняй Эўропы ўключна з былой Югаславіяй — даўно атрымалі магчымасьць слухаць Свабоду на мясцовых FM-станцыях, на каналах дзяржаўнага радыё, на ўльтракароткіх і сярэдніх хвалях, якія выдатна чуваць у любы час сутак — і на кухні, і ў аўтамабілі, і на дачы. Для слухачоў у Беларусі ўсё яшчэ быццам працягваецца Халодная вайна — трэба лавіць Свабоду на кароткіх і сярэдніх хвалях, якія трансьлююцца з-за мяжы. І гэта — праблема нумар адзін. На жаль, масавая аўдыторыя ў Беларусі проста ня мае альбо не карыстаецца кароткахвалевымі прыймачамі. Час кароткіх хваляў увогуле канчаецца. І мы маем пакуль толькі адзін альтэрнатыўны сродак — інтэрнэт. Але ў Беларусі пакуль карыстаньне інтэрнэтам, асабліва слуханьне радыё праз інтэрнэт, ня надта разьвітае. У прынцыпе нашая галоўная мэта, як я яе разумею — перастаць вяшчаць, стаць непатрэбнымі, як сталі непатрэбныя перадачы Радыё Свабодная Эўропа сьпярша па-польску, пасьля па-вугорску, а нядаўна — па-літоўску, па-латыску, па-эстонску. Спадзяюся, што для дасягненьня гэтай мэты беларускай службе не спатрэбіцца яшчэ 50 гадоў. Прынамсі, мы стараемся зрабіць усё дзеля гэтага магчымае».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Яшчэ адзін тэкст са Слоўніка Свабоды.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:44 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG