Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гітарыст «Guns’n’Roses» Рон Тал выступіў у Менску


Фота Амбасады ЗША ў Менску
Фота Амбасады ЗША ў Менску

28 красавіка ў менскім бары «Койот» адбылося гітарнае шоў з нагоды прыезду ў сталіцу Беларусі ўдзельніка славутай амэрыканскай рок-групы «Guns’n’Roses» Рона Тала (Ron Thal). Візыт музыкі быў зладжаны пры падтрымцы амбасады США ў Рэспубліцы Беларусь.

Менскі барабаншчык Слава Чарнуха патлумачыў: «З месяц таму мне патэлефанавалі з амэрыканскай амбасады і спыталіся, ці ня змог бы я наладзіць прыём Рона Тала. Я даў сваю згоду, пасьля чаго наладзіў актыўнае ліставаньне з гітарыстам. Напачатку плянавалася зладзіць толькі адзін ягоны майстар-кляс, аднак у выніку праграма ягонага пабыту ў Менску значна пашырылася. 27 красавіка адбылася аўтограф-сэсія Рона ў рок-школе «Discovery», пасьля — сустрэча з навучэнцамі музычнай вучэльні імя Глінкі, а таксама сэмінар у клюбе «TNT», прысьвечаны тэме прасоўваньня музыкі, і рэпетыцыя з удзельнікамі гітарнага шоў у «Койоте».

Гэтае шоў адкрыў сольным выступам малады прадстаўнік беларускай клясычнай гітарнай школы, ляўрэат прэстыжных міжнародных конкурсаў Яраслаў Макарыч. Пасьля на сцэне зьявіўся сам Рон Тал са сваёй унікальнай гітарай. З выкарыстаньнем фанаграмы «-1» ён выканаў некалькі пьес, пры гэтым пастаянна жартаваў, адказваў на пытаньні прысутных, распавядаў пра свой інструмэнт і прыстасаваньні для апрацоўкі гуку.

Для ўдзелу ў гітарным шоў былі запрошаны вядучыя беларускія выканаўцы. Рытм-сэкцыю стварылі Слава Чарнуха і бас-гітарыст Валер Башкоў, у якасьці вакалістаў выступілі ўладальніца 4 прэміі конкурсу дзіцячай песьні «Эўрабачаньне-2003» Вольга Сацюк і вакаліст групы «The Road Dogs» Сяргей Скляраў. Сярод гітарыстаў, якія джэмавалі з Ронам Талам, былі Сяргей Трухановіч, Павал Трыпуць, Віктар Навумік, Юрый Віленчык, Міхаіл Філіпеня, Аляксандр Кіс. Разам яны выканалі песьні з рэпэртуару «Guns’n’Roses», а таксама шэраг агульнавядомых твораў са спадчыны сусьветнага блюзу і рок-н-ролу.

На гітарным шоў у «Койоте» прысутнічаў часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Этан Голдрыч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG