Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея перамагла ў Жэнэве, — экспэрты


Джон Керы і Сяргей Лаўроў
Джон Керы і Сяргей Лаўроў

Дасягнутыя ў Жэнэве дамоўленасьці адносна шляхоў выхаду з крызысу ва Ўкраіне пракамэнтавалі палітычныя экспэрты.

«Жэнэва стала дыпляматычнай перамогай Расеі: армія, выведка, спэцпадразьдзяленьні і прапаганда — усе адзначыліся на полі бою. Пуцін можа ганарыцца», — адзначыў у Twitter брытанскі журналіст Бэн Джуда.

Ён мяркуе, што галоўным спрэчным пытаньнем пагадненьня ў Жэнэве зьяўляецца інтэрпрэтацыя пункта аб «раззбраеньні незаконных фармаваньняў».

«Расея ня будзе раззбройваць групы на ўсходзе, пакуль ня зьнікне ўсё, што ёй не падабаецца, а менавіта — Майдан», — піша Бэн Джуда.

Паводле палітоляга Яна Брэмэра, перамовы ў Жэнэве вядуць да першай дээскаляцыі крызысу ва Ўкраіне, зрэшты расейцам удалося зьмяніць правілы гульні, і Жэнэўскія дамовы даюць абодвум бакам трохі часу.

Затое дасьледчык Эўрапейскага цэнтра Карнэгі, Улі Шпэк выказаў меркаваньне, што пагадненьні абмежавалі сувэрэнітэт Украіны.

«Пункт пагадненьня аб тым, што ўсе бакі павінны ўстрымацца ад любога гвалту абмяжоўвае сувэрэнітэт Украіны. Я не ўпэўнены, ці гэта законна», — адзначыў Шпэк.

Паводле аналітыка, Жэнэўскае пагадненьне дае Маскве магчымасьць крытыкаваць Майдан ў Кіеве.

«Расея фактычна выйграла трохі часу», — піша ён.

«Жэнэўскае пагадненьне не ўстанаўлівае перашкод для далейшай дэстабілізацыі Ўкраіны з боку Расеі. Дыпляматыя правалілася» , — таксама адзначыў экспэрт.

Прафэсар Кіева-Магілянскай акадэміі Андэрс Умланд у Twitter пажартаваў з таго, што адпаведна з умовамі пагадненьня, расейцы павінны вызваліць і Крым.

«Дык акупацыя Крыму скончана? ... «усе незаконна захопленыя вуліцы, плошчы і іншыя грамадзкія месцы ва ўкраінскіх гарадах і мястэчках павінны быць вызваленыя», — піша Ўмланд, цытуючы тэкст пагадненьня.

Жэнэўскія дамовы фактычна прызналі, што Ўкраіна страціла Крым — піша прафэсар ваенных дасьледаваньняў Каралеўскага каледжа Лёндана Лорэнс Фрыдман:

«Галоўнае дасягненьне з перамоў для Расеі ў тым, што Крым быў прызнаны страчаным для Ўкраіны. Па-за гэтым, шмат што залежыць ад канкрэтнай імплемэнтацыі пагадненьняў»

У выніку чатырохбаковай сустрэчы Ўкраіна — ЭЗ — ЗША — Расея былі дасягнутыя дамоўленасьці, сярод якіх: раззбраеньне незаконных фармаваньняў, вызваленьне захопленых будынкаў і плошчаў, амністыя пратэстоўцаў, арганізацыя ва Ўкраіне канстытуцыйнага працэсу з удзелам усіх рэгіёнаў, і ўтрыманьне ўсіх бакоў канфлікту ад гвалту, запалохваньня і правакацый.

Дамоўленасьці таксама вызначылі асаблівую ролю місіі АБСЭ ў неадкладным выкананьні палажэньняў пагадненьня накіраваных на дээскаляцыю сытуацыі ва Ўкраіне, паведамляе ўкраінская служба «Голас Амэрыкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG