Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абмяжоўвае вяшчаньне міжнародных СМІ


Рада кіраўнікоў па пытаньнях вяшчаньня ЗША (Broadcasting Board of Governors, BBG) асудзіла рашэньне расейскіх уладаў спыніць радыёвяшчаньне амэрыканскіх СМІ, якія засталіся на тэрыторыі Расеі.

У лісьце ад 21 сакавіка, дырэктар інфармагенцтва «Россия сегодня» Дзьмітры Кісялёў заявіў, што запыт BBG аб падаўжэньні кантракту на вяшчаньне ў Расеі не задаволяць.

Паводле гэтага рашэньня, з канца сакавіка спыняецца вяшчаньне апошніх праграм «Голаса Амэрыкі», якія заставаліся ў расейскім эфіры. Сярод іх навінавыя перадачы на рускай мове і ўрокі ангельскай мовы на частаце 810 AM у Маскве.

«Масква абрала няправільны шлях і вырашыла абмяжоўваць свабоду слова», — заявіў кіраўнік BBG Джэф Шэл.

«Мы заклікаем спадара Кісялёва і іншых прадстаўнікоў расейскіх уладаў адкрыць расейскі эфір для нашых праграм і праграм іншых міжнародных СМІ. Мы просім даць нам роўныя ўмовы: у той час як ціск Масквы на мэдыя-прастору ўзмацняецца, расейскія СМІ, у тым ліку канал Russia Today, які знаходзіцца ў падпарадкаваньні спадара Кісялёва, карыстаюцца адкрытым доступам да вяшчаньня ў ЗША і па ўсім сьвеце. Расейскія грамадзяне заслугоўваюць такой самай свабоды доступу да інфармацыі», — цытуе «Голас Амэрыкі» Джэфа Шэла.

Аб’ём вяшчаньня «Голаса Амэрыкі» і «Радыё Свабода» / «Радыё Свабодная Эўропа» дасягнуў піку ў 2005 годзе, калі рускамоўныя перадачы «Голаса Амэрыкі» трансьляваліся на нацыянальных тэлеканалах, а «Голас Амэрыкі» і «Радыё Свабода» актыўна супрацоўнічалі з расейскімі радыёстанцыямі. Аднак расейскія ўлады сталі больш пільна сачыць за гэтымі станцыямі і запатрабавалі, каб яны зноўку падалі дакумэнты на атрыманьне ліцэнзій.

З 2006 году, адмаўляючы ў ліцэнзіях адным радыёстанцыям і запалохваючы астатнія, урад РФ сыстэматычна скарачаў аб’ём вяшчаньня праграм BBG на тэрыторыі Расеі і практычна цалкам спыніў трансьляцыю перадач на тэлебачаньні. У 2012 годзе «Радыё Свабода» выціснулі з апошняй расейскай радыёстанцыі ў АМ-дыяпазоне ў Маскве.

Дзьмітры Кісялёў вядомы сваімі рэзкімі антызаходнімі і гамафобнымі выказваньнямі на расейскім дзяржаўным тэлебачаньні. У сьнежні 2013 году яго прызначылі кіраўніком міжнароднага інфармагенцтва «Россия Сегодня», створанага на базе радыёстанцыі «Голас России» і агенцтва РИА «Новости».

У Расеі тым часам імкліва разгортваецца кампанія супраць апазыцыйных і незалежных СМІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG