Гэтая выстава зьяўляецца заключным акордам праграмы ІІ менскага фэстывалю фатаграфіі і адначасова распачынае пастаянную выставачную дзейнасьць адносна новага для сталіцы Беларусі мастацкага асяродку.
Намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Фотамастацтва» Марына Бацюкова адзначыла:
– Мы жадаем з году ў год паказваць фатаграфію, зьвяртаць на яе ўвагу як мага большай колькасьці людзей, якія зацікаўленыя ў разьвіцьці сучаснага мастацтва і з тым, каб яны ўсьвядомілі, што фатаграфія – гэта адзін зь ягоных відаў. Яна бывае самая розная. І каб такое разуменьне прыйшло, трэба рабіць выставы, каб людзі бачылі ня толькі творчасьць беларускіх фатографаў, але й тое, што робіцца ў гэтай галіне побач. І тады ўжо можна пачынаць аналізаваць, ці вартае ўвагі тое, што робіцца ў нас і ў суседзяў і ў якім кірунку варта разьвівацца.
Зьмест выставы складаюць тры экспазыцыі. Пяцёра малдаўскіх аўтараў выставілі праект пад назвай «Ашчаднае стаўленьне да дробных рэчаў», які аб’яднаў працы, што паказваюць будзённае жыцьцё рэальных людзей, іх штодзённыя драмы і гісторыі як у палітычным, так і ў эканамічным кантэксьце, у тым ліку і пераасэнасаваньне мінулага Малдовы і Прыднястроўя.
Творчая група «L∞K» з Украіны ў складзе ажно 15 аўтараў паказвае праект «Нашае агульнае асабістае». Ягоная тэма: суадносіны індывідуальнага і калектыўнага пачаткаў у мысьленьні як асобна ўзятага чалавека, так і грамадзкага падсьвядомага соцыюму ў цэлым. «Няма і ня можа быць нічога асабістага», – быццам сьцьвярджаюць сваёй экспазыцыяй фатографы з групы «L∞K».
Нарэшце, Беларусь прадстаўленая сумесным праектам толькі двух аўтараў: Андрэя Дубініна і Андрэя Карачуна. Ён мае назву «Чалавек на дарозе» і ў агульных словах распавядае пра філязофію падарожжаў па розных краінах. Куратарам гэтага праекту выступіў вядомы беларускі фотамастак Вадзім Качан.
Куратар украінскай экспазыцыі Аляксандар Ляпін падкрэсьліў:
– Ва Ўкраіне ў маладых фотамастакоў маюцца значныя магчымасьці для творчага росту. Ужо хоць бы таму, што Ўкраіна крыху больш інтэграваная ў Эўропу, многія нашы фатографы працуюць з заходнімі галерэямі, часопісамі, агенцтвамі, маюцца ў нас аўтары, вядомыя ва ўсім сьвеце. І таму любая выстава, як гэтая вось у Менску, – гэта неабходная частка творчага працэсу, яны разьвіваюць фатографаў як творцаў.
Тым ня менш адной толькі гэтай выставай сьвята сучаснай маладой фатаграфіі не завяршаецца. 4-5 красавіка ў рамках праекту «Увага, усьмешку!» («Say Cheese!») адбудуцца сэмінары для фатографаў-аматараў на тэму «Сучасныя тэхналёгіі, тэндэнцыі і мэтады».
4 красавіка ў Інстытуце журналістыкі БДУ адбудзецца лекцыя Аляксандра Ляпіна «Творчасьць у фатаграфіі», а ў Цэнтры сучасных мастацтваў на вул. Някрасава, 3 выкладчык Інстытуту дызайну Саюзу дызайнэраў Украіны Ігар Бельскі зробіць майстар-кляс па пінхал-камэры. 5 красавіка ў Інстытуце журналістыкі БДУ зь лекцыямі і майстар-клясамі выступяць беларускія фатографы Андрэй Дубінін, Віктар Жураўкоў, кіраўнік галерэі візуальных мастацтваў «NOVA» Ўладзімер Парфянок, інжынэр фірмы CANON, выкладчык курсаў па фатаграфіі Андрэй Дубіцкі, дырэктар музэю-галерэі «Свет Фота» Віктар Суглоб.
Цяпер можна пачуць высновы, што з разьвіцьцём лічбавых тэхналёгій фотамастаком можа зрабіцца ледзь ня кожны. Вось што думае з гэтай нагоды Аляксандар Ляпін:
– Ня мае значэньня, якім апаратам ты карыстаесься – лічбавым ці стужкавым. І якасьць апарату ня грае ролі. Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Усё ж фатаграфуем мы галавой, а не апаратам.
Выстава сучаснай малдаўскай, украінскай і беларускай фатаграфіі будзе працаваць да 30 красавіка, апрача субот і нядзель.
Падрабязнасьці на сайце: http://www.photounion.by/