Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ядзерная зброя супраць расейшчыны». Моладзь заклікае пераходзіць на лацінку


Скрыншот зь відэароліку
Скрыншот зь відэароліку
Беларускамоўныя студэнты Аляксей Сапрыкін і Вераніка Злобіч ініцыявалі кампанію «Heta Svajo», мэта якой — папулярызаваць сярод моладзі выкарыстаньне беларускай лацінкі.

Лацінка — варыянт лацінскага альфабэту, прыстасаванага для запісу беларускай мовы. Цяпер ужываецца ў шэрагу сучасных выданьнях, прэсе беларускае дыяспары, у аздабленьні музычных дыскаў, у інтэрнэце.

Паводле ініцыятараў праекту, беларуская лацінка можа стаць своеасаблівай зброяй супраць засільля расейшчыны ў Беларусі, а таксама дапамагчы беларусам, якія езьдзяць у іншыя краіны.

Ідэю падтрымалі ў Арт Сядзібе . Аляксей зь сябрамі ўжо стварылі два відэаролікі. У першым роліку галоўнымі героямі выступаюць Францішак Багушэвіч, Ян Баршчэўскі, Кастусь Каліноўскі, Янка Купала, Браніслаў Тарашкевіч — тыя, хто ў свой час карысталіся лацінкай.


У другім кліпе зьняўся беларускі гурт «Amaroka». Вокладка іх апошняга альбому таксама напісана па-беларуску лацінскім альфабэтам.


Аляксей Сапрыкін кажа, што праект хутка разьвіваецца і ў наступных роліках здымуцца музыкі з «Akute», тэлевядоўца Андрусь Такінданг, лёгкаатлетка Аліна Талай, тай-баксёр Віталь Гуркоў. Яны таксама выкарыстоўваюць лацінку і жадаюць паспрыяць яе распаўсюду.
Ёсьць прапанова стварыць дадатак для мабільных тэлефонаў, які б трансьлітэраваў з кірыліцы на лацінку, і наадварот.
Няма лепшага спосабу адмежавацца да ўсходняга суседа, чым дэманстраваць культурныя адметнасьці, у тым ліку мовы і яе графічнага ўвасабленьня


«Цікавасьць да лацінкі ў мяне ўзьнікла яшчэ ў школе і была зьвязаная з гуртам NRM, які падпісваў альбомы лацінкай, а таксама творам Францішка Багушэвіча, які мы вывучалі па беларускай літаратуры. Твор быў напісаны лацінкай. Стала цікава, што беларускую мову можна запісваць ня толькі звыклымі кірылічнымі, але і лацінскімі літарамі.


Акрамя таго, лацінскія літары здаюцца мне прыгажэйшымі, лацінка стала своеасаблівай барыкадай, празь якую трэба перайсьці, каб пазбавіцца расейскага ўплыву. Пасьля я ўжо даведаўся пра „Нашу Ніву“ і Браніслава Тарашкевіча. Спампаваў на кампутар адмысловую раскладку на клявіятуры, якая мае ўсе дыякрытычныя знакі», — кажа Аляксей Сапрыкін.


У пераходзе з кірыліцы на лацінку ініцыятар праекту «Heta Svajo» бачыць і моцны палітычны складнік. На думку хлопца, цяпер, калі тэма расейскай экспансіі стала як ніколі актуальнай, няма лепшага спосабу адмежавацца да ўсходняга суседа, чым дэманстраваць культурныя адметнасьці, у тым ліку мовы і яе графічнага ўвасабленьня:
Аляксей Сапрыкін
Аляксей Сапрыкін
«Беларуская лацінка — гэта сакрэтная ядзерная зброя Беларусі, якая дапаможа нам ня толькі аддаліцца ад Расеі, але і наблізіцца да эўрапейскай культуры. Я думаю, што калі б Беларусь перайшла на лацінку, то расейцаў бы гэта моцна зьбянтэжыла і ім бы нічога не засталося, як толькі адпусьціць нас. Безумоўна, перайсьці хаця б часткова на лацінку ня так проста, але гэтая справа не адштурхне людзей, таму што лацінка — гэта спосаб адрозьнівацца, да таго ж у нас ёсьць выдатна распрацаваная сыстэма лацінкі, якой няма ў той жа Расеі. Таксама я лічу, што менавіта культурніцкія адметнасьці і адрозьненьні, адным зь якіх і ёсьць наша лацінка, змогуць зьмяніць сьвядомасьць і мэнталітэт беларусаў».

Аляксей Сапрыкін лічыць, што памыляюцца тыя, хто бачыць у выкарыстаньні лацінкі дадатковыя складанасьці: наадварот, лацінка можа істотна спрасьціць жыцьцё беларуса.

«Беларусь ледзь ня першая ў сьвеце па колькасьці атрыманых Шэнгенскіх візаў, нашы людзі шмат падарожнічаюць. Дык вось веданьне лацінкі істотна спрасьціла разуменьне суседніх нам моваў, напрыклад польскай ці літоўскай. Ды і да самой беларускай мовы лацінка ўзьняла бы цікавасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG