Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлындзікаў патлумачыў Лукашэнку, чаму «кляпаць» самалёты не атрымаецца


Верталёт Аляксандра Лукашэнкі ў Баранавічах, архіўнае фота
Верталёт Аляксандра Лукашэнкі ў Баранавічах, архіўнае фота

Аляксандр Лукашэнка ў часе наведваньня авіяцыйнага рамонтнага заводу ў Баранавічах распарадзіўся арганізаваць у Беларусі вытворчасьць самалётаў і верталётаў.

Паводле яго слоў, для выпуску тых жа верталётаў ужо ёсьць адпаведная пляцоўка ў Воршы, дзе пакетам акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу валодае ўкраінская кампанія «Мотор Січ», якая мае магчымасьць наладзіць вытворчы цыкль:

«Рухавік ёсьць, купіць пару-тройку складаных прыбораў. А ўсё астатняе — бяры і кляпай, рабі корпус», — падсумаваў Лукашэнка.

Па такой жа схеме кіраўнік Беларусі заклікае «кляпаць» і самалёты — праўда, калі не атрымаецца самастойна, то можна ў каапэрацыі з Расеяй.

Колішні дырэктар заводу ў вырабе спэцыялізаванай тэхнікі «Амкадор» Васіль Шлындзікаў у інтэрвію Свабодзе згадаў, што напачатку 1990-х сам выношваў ідэю запуску ў вытворчасьць лёгкаматорных самалётаў, але працэс спыніўся якраз з прыходам да ўлады Лукашэнкі. Таму ён ня можа стрымаць сьмеху:

«Што я магу сказаць? Я ў свой час таксама марыў зрабіць — праўда, не верталёт, а маленькі самалёт. У нас жа тады заводы і ў Расеі, і ў Казахстане былі. Пакуль даедзеш — памерці можна. Ну, і тады пераконвалі, што бізнэс будзе разьвівацца, таму пэрспэктыўна рабіць лёгкаматорныя самалёцікі для дзелавых людзей. На мяне нават выходзілі групы энтузіястаў з аэраклюбу на Баравой: маўляў, каб дапамаглі, то мы б арганізавалі вытворчасьць невялікіх самалётаў — ёсьць сябры ў Расеі, і калі скаапэравацца, то гэта цалкам рэальна. Мы паглядзелі на прататыпы і, як і цяпер Лукашэнку, падалося, што ў прынцыпе маглі б „кляпаць“ 2-4-мясцовыя лятальныя апараты для бізнэс-асяродку. Але ж ніхто ня думаў, што ў нас гэты бізнэс-асяродак на 20 гадоў закансэрвуецца і ніяк ня будзе разьвівацца. Усё гэта скончылася на стадыі высьвятленьняў, вывучэньня магчымасьцяў, а потым прыйшла новая ўлада, і ўжо стала не да самалётаў.

Па вялікім рахунку, усё можна зрабіць. Толькі не дзяржава павінна гэтым займацца, а бізнэс. Калі бізнэс вырашыць, знойдуцца такія энтузіясты, то калі ласка, няхай спрабуюць. Але калі зоймецца дзяржава, то будзе тое ж, што і з мадэрнізацыяй дрэваапрацоўкі ці цэмэнтных заводаў. Тады ўжо дакладна будуць ня ўзьлёты, а толькі пасадкі».

Сам Лукашэнка прыйшоў да высновы, што займацца толькі мадэрнізацыяй і рамонтам існай тэхнікі беспэрспэктыўна, а таму неабходна рабіць крок наперад і самастойна асвойваць выпуск новай, запатрабаванай на рынках прадукцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG