Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьце на Дзень Волі 2014. Жывая трансьляцыя

Жывая відэатрансьляцыя з шэсьця і мітынгу ў Менску. Маршрут: ад кінатэатру «Кастрычнік» да плошчы Бангалор. Рэпартаж нон-стоп, інтэрвію з удзельнікамі, камэнтары і рэакцыі.

19:43 25.3.2014
«Людзі ў цывільным» каля прыпынку «Унівэрсам Рыга» заштурхалі ў тралейбус некалькі маладых людзей з чорнымі сьцягамі — каля 7 чалавек.
19:44 25.3.2014
Калёна заходзіць у Парк дружбы народаў. Нашы карэспандэнты паведамляюць, што падчас шэсьця людзей ня стала менш — магчыма, колькасьць удзельнікаў акцыі нават павялічылася
19:52 25.3.2014
Пакуль калёна ішла да месца мітынгу, сьцямнела. На месцы збору ў парку Дружбы народаў змрочна, ніякага асьвятленьня няма. Мяркуючы па ўсім, на пляцоўку будуць пускаць праз турнікеты, таму не вядома, ці ўсе захочуць ісьці да сцэны. Ахвотных заходзіць за міліцэйскія турнікеты пакуль няшмат, на пляцоўцы літаральна некалькі дзясяткаў чалавек. У бок міліцыянтаў, якія стаяць побач з мэталашукальнікамі, чуюцца воклічы «Ганьба!».
20:06 25.3.2014
Значная частка людзей стаіць за агароджай і відавочна не зьбіраецца ісьці ўсярэдзіну. Віталь Рымашэўскі заявіў, што з такой прапускной сыстэмай прайсьці празь яе немагчыма будзе нават за 2 гадзіны. Паводле Рымашэўскага, гэта зроблена ўладамі наўмысна. Тыя людзі, якія апынуліся ўнутры агароджы, і тыя, якія засталіся звонку, падышлі адзін да аднаго, і фактычна, мітынг будзе адбывацца такім чынам — з двух бакоў агароджы.
20:09 25.3.2014
Значная частка людзей стаіць за агароджай і відавочна не зьбіраецца ісьці ўсярэдзіну. Віталь Рымашэўскі заявіў, што з такой прапускной сыстэмай прайсьці празь яе немагчыма будзе нават за 2 гадзіны. Паводле Рымашэўскага, гэта зроблена ўладамі наўмысна. Тыя людзі, якія апынуліся ўнутры агароджы, і тыя, якія засталіся звонку, падышлі адзін да аднаго, і фактычна, мітынг будзе адбывацца такім чынам — з двух бакоў агароджы.
20:09 25.3.2014
Мітынг пачаўся каля плоту. Хвілінай маўчаньня ўшанавалі загінулых падчас падзей ва Ўкраіне. Выступоўцы ўздымаюцца на агароджу, адкуль і прамаўляюць. Гэтак, палітоляг Алесь Лагвінец заявіў пра імпэрскую пагрозу з боку Расеі і заклікаў да неабходнасьці адстойваньня беларускага сувэрэнітэту.
20:14 25.3.2014
Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, стоячы на агароджы, гэтаксама заявіў, што ў дэмакратычнай Беларусі толькі адзін вораг — расейскі імпэрыялізм, якому трэба супрацьстаяць усімі магчымымі сродкамі. Натоўп падтрымаў выступоўцу крыкамі «Ганьба імпэрыялізму! Ганьба Расеі!»
20:21 25.3.2014
Выступіў былы палітзьняволены Павал Севярынец, які сказаў, што слова «воля» у беларускай мове азначае ня толькі свабоду, але і рашучасьць. І пажадаў беларусам паболей рашучасьці ў адстойваньні сваіх законных правоў. А пры канцы заклікаў байкатаваць расейскія і беларускія афіцыёзныя тэлеканалы, якія дыскрэдытуюць дэмакратычны рух што ў Беларусі, што ва Ўкраіне.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG