Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ўкраінскі пасол вернецца назад у Менск?


Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

Міністэрства замежных спраў Украіны выклікала пасла Ўкраіны ў Беларусі Міхаіла Ежэля для кансультацый у сувязі з пазыцыяй беларускага кіраўніцтва па Крыме. Што азначае гэты крок у дыпляматычнай практыцы? Як можна прадказаць далейшае разьвіцьцё беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

— Што азначае такі крок, як адкліканьне пасла для кансультацыяў, у міжнароднай дыпляматычнай практыцы? Наколькі сур’ёзны гэты крок, і як ён характарызуе адносіны паміж краінамі?

— Гэта вельмі сур’ёзны крок, і ён паказвае, што адносіны паміж краінамі вельмі адмоўныя. Калі ісьці паводле лёгікі пагаршэньня, то ланцужок выглядае так: адкліканьне пасла, разрыў дыпляматычных адносінаў, вайна.

Калі адклікаецца пасол для кансультацыяў, то гэта азначае, што ўрад, які адклікае пасла, вельмі незадаволены пазыцыяй іншай краіны. Як вынікае з заявы ўкраінскага МЗС, пазыцыя афіцыйнага Менску выклікае шмат нездавальненьня ў афіцыйнага Кіева.

— Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў стратэгічных пытаньнях заўсёды будзе разам з Расеяй. Ці можна прагназаваць, што на фоне такіх заяваў пасол Украіны ня хутка вернецца назад у Менск?

— Такое можа адбыцца. Хаця галоўнае — гэта адносіны паміж Украінай і Расеяй. Гэта самае галоўнае пытаньне і самая вялікая няпэўнасьць. У дыпляматычнай практыцы Беларусі ўжо было адкліканьне паслоў — адклікалі амбасадараў Эўразьвязу і Польшчы, а потым яны вярталіся ў Беларусь.

Ні для каго не сакрэт, што ідэйна Лукашэнка такі самы расейскі панславіст. Учора ён паўтарыў формулу, вельмі блізкую Пуціну, — «мы адзін народ». Зразумела, што ён гуляе на імпэрскіх пачуцьцях расейскага кіраўніцтва. І зразумела, што такія падыходы ніяк не адпавядаюць настроям іншых краінаў, суседзяў Беларусі, і настроям многіх жыхароў Беларусі.

Але для Лукашэнкі фактычна няма іншага выйсьця. Ідэйна ён вельмі блізкі да Пуціна, такі самы аўтарытарны кіраўнік. Адзінае — ён баіцца, што Пуцін, які мае значна больш рэсурсаў, можа яго паглынуць. Аднак, магчыма, Лукашэнка вырашыў, што пакуль Пуціну не да яго, і ў такой сытуацыі імкнецца як мага даражэй прадаць сваю падтрымку Пуціну.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG