Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіі супраць украінскіх сьвятароў у Крыме


Захопленага ў Крыме сьвятара Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы будуць судзіць.

Сьвятара Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы Міколу Квіча зь Севастопаля так званыя «праваахоўныя органы Крыму» адпусьцілі пасьля таго, як яго выкралі проста з імшы.

Як паведаміў інфармацыйны рэсурс украінскай грэка-каталіцкай царквы, на яго склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні. Праз два тыдні адбудзецца суд. Яму выказалі падазрэньне, што ён нібыта арганізуе правакацыі.

Айцец Мікалай катэгарычна адмаўляе такія абвінавачаньні. Ён заявіў, што і надалей застанецца ў Крыме са сваімі вернікамі.

«Айцец Мікалай, акрамя абавязкаў сьвятара, выконвае ў Крыме служэньне галоўнага ваеннага капэляна УГКЦ. Гэта магло стаць прычынай такіх дзеяньняў узброенай „самаабароны Крыму“ адносна яго», — адзначылі ў УГКЦ.

Яго затрымалі ў суботу, 15 сакавіка, падчас службы ў храме міліцыя і прадстаўнікі «самаабароны Крыму».

Паводле сьведак, два чалавекі ў форме міліцыянтаў і чатыры «самаахоўцы» ў камуфляжы з павязкамі «Дружинник» вывелі сьвятара з храма і пасадзілі ў аўтамабіль.

Потым стала вядома, што айца Мікалая адвезьлі ў яго кватэру, дзе праводзіўся ператрус.

Паводле паведамленьня грамадзкага актывіста Алега Фомушкіна, раніцай у суботу 15 сакавіка невядомыя ў масках на станцыі Армянск сілай выцягнулі з вагона цягніка Адэса — Сымфэропаль пастара адной з пратэстанцкіх цэркваў Данііла Сымэненку зь Ялты. Пазьней прадстаўнікі ягонай царквы паведамілі, што затрыманага ўдалося вызваліць, і цяпер ён у Джанкоі.

У дэпартамэнце Патрыяршае курыі УГКЦ па справах душпастырства сілавых структур Украіны паведамілі, што на працягу сакавіка 2014 году грэка-каталіцкія сьвятары ня раз атрымлівалі пагрозы ў вуснай ці пісьмовай форме з патрабаваньнем пакінуць тэрыторыю Крыму. Але ўсе пастыры вырашылі не пакідаць сваіх вернікаў у такі складаны час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG