Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна падпіша пагадненьне з Эўразьвязам 21 сакавіка


Палітычная частка пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам будзе падпісаная на наступным тыдні, паведамляе ўкраінскі ўрадавы інтэрнэт-партал.

«Толькі што я размаўляў з прэзыдэнтам Рады ЭЗ спадаром Ван Ромпэем. Ён паведаміў, што краіны-сябры Эўразьвязу гатовыя да правядзеньня 21 сакавіка саміту аб падпісаньні палітычнай часткі Пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўрапейскім Зьвязам», — адзначыў прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк.

ЭЗ таксама заявіў, што гатовы прыняць аднабаковае рашэньне пра допуск на рынак ЭЗ тавараў украінскіх вытворцаў. Гэта дадатковыя 400 млн даляраў для ўкраінскай эканомікі і ўкраінскага бізнэсу.

«Былі асьцярогі, што падпісаньне эканамічнай часткі пагадненьня можа мець нэгатыўныя наступствы для таго бізнэсу, які разьмешчаны на ўсходзе, і для тых прадпрымальнікаў, якія маюць цесныя адносіны з Расеяй. Менавіта таму намі прынятае ўзважанае рашэньне аб правядзеньні дадатковых кансультацыяў дзеля наступнага падпісаньня эканамічнай часткі пагадненьня», — адзначыў Яцанюк.

У сераду на сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск і нямецкі канцлер Ангела Мэркель таксама сьцьвярджалі, што зьбіраюцца падпісаць на будучым тыдні палітычную частку пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ.

Гэтае пагадненьне ў лістападзе адмовіўся падпісаць зрынуты прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG