Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца ў Данецку пасьля ўчорашняй бойні


У часе ўчорашняй бойкі
У часе ўчорашняй бойкі

Мы зьвязаліся з карэспандэнткай Свабоды ў Данецку Валерыяй Дубавай, якая цяпер знаходзіцца на месцы бойкі ў цэнтры гораду.

Валерыя Дубава: Зараз на месцы бойкі стаіць паламаны аўтобус, праводзяцца сьледчыя дзеяньні, працуюць судмэдэкспэрты. Жыхары Данецку нясуць туды кветкі, перавязаныя чорнымі жалобнымі стужкамі і стужкамі колеру нацыянальнага сьцягу Ўкраіны. Я гаварыла з гэтымі людзьмі, і яны казалі, што раней не былі актыўнымі, але цяпер сьмерць падчас мітынгу ўзрушыла іх, і яны вырашылі прыйсьці і выказаць сваю пазыцыю. Ня вельмі далёка ад месца падзеі знаходзіцца і пэўная колькасьць прарасейскіх актывістаў.

Ганна Соўсь: Якая апошняя інфармацыя пра колькасьць ахвяраў і пацярпелых?

Дубава: Паводле афіцыйных дадзеных міліцыі, загінуў адзін чалавек. Паводле неафіцыйных дадзеных загінулі двое чалавек, але міліцыя не пацьвярджае факт другой сьмерці. Ізноў жа паводле афіцыйных дадзеных, да лекараў зьвярнуліся 17 чалавек, якіх забралі машыны хуткай дапамогі ці яны самі дабраліся да мясцовых шпіталёў. Актывісты праўкраінскага мітынгу заяўляюць, што параненых значна болей. Проста далёка ня ўсе зьвярнуліся да мэдыкаў, паколькі баяліся, што іх будуць перасьледаваць і павязуць у пастарункі. У мяне ёсьць інфармацыя, што адзін чалавек, які не зьвярнуўся да мэдыкаў і намагаўся ехаць дадому, і ягоную машыну спынілі на выезьдзе з Данецку і адправілі яго ў пастарунак міліцыі, дзе трымалі да ранку, пры тым, што ў яго была траўма галавы, і ў міліцыю давялося выклікаць хуткую.

Соўсь: Вядзецца расьсьледаваньне. Што паведамляецца пра арганізатараў масавай бойкі і хто нясе за яе адказнасьць?

Дубава: Яшчэ ўчора перад пачаткам мітынгу праз сацыяльныя сеткі зьявілася інфармацыя ад прарасейскіх актывістаў, якія адкрыта заклікалі людзей прыйсьці і сарваць мітынг за адзіную Ўкраіну, прычым мясцовая ўлада не давала дазволу на правядзеньне абедзьвюх пратэстных акцый у адным і тым жа месцы, што і прывяло да такога канфлікту. Цяпер міліцыя высьвятляе асобы людзей, якія бралі ўдзел у бойцы. Сёньня МУС паведаміла, што чацьвёра людзей затрыманыя, яшчэ трыста з тых, хто браў удзел у бойцы, ідэнтыфікаваныя. Распачатая справа пра масавыя беспарадкі і справа аб прафэсійнай нядбайнасьці і халатнасьці міліцыянтаў, якія дапусьцілі такую сытуацыю. На мітынгу было больш за 300 праваахоўнікаў, сёньня гавораць пра тое, што такой колькасьці было недастаткова.

Соўсь: Як гэтыя падзеі паўплывалі на настроі людзей у Данецку і пляны далейшых мітынгаў за адзіную Ўкраіну?

Дубава: Думкі падзяліліся. Арганізатары акцыі ўжо сёньня заявілі, што шкадуюць, што не змаглі гарантаваць бясьпеку ўдзельнікаў акцыі. І вырашылі пакуль не праводзіць маштабных акцый. Будуць праводзіцца невялікія акцыі за еднасьць Украіны, наколькі мне вядома. Што да прарасейскіх акцый, то на выходныя заплянаваныя маштабныя мітынгі. Арганізатары іх не адмяняюць у сувязі з гэтай падзеяй.

Соўсь: Цяпер шмат абмяркоўваюць вэрсіі расейскага сьледу ва ўчорашняй бойцы. Наколькі яна пацьвярджаецца?

Дубава: Калі сыходзіць з афіцыйнай інфармацыі, то сярод затрыманых і ідэнтыфікаваных удзельнікаў бойкі няма грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, толькі грамадзяне Ўкраіны. Але пра тое, што ў Данецку на мітынгу ёсьць актыўныя людзі з Расеі, сьведчыць шэраг ускосных фактаў. Напрыклад, на кожным прарасейскім мітынгу выразна чуваць расейскую мову, толькі не расейскую, якой гавораць на Данбасе, якая моцна адрозьніваецца ад той, якой гавораць у Расеі. На слых гэта лёгка распазнаць. Акрамя таго падчас нядзельнай акцыі ў Данецку людзі спалілі сьцяг футбольнага клюбу Шахцёр, прыняўшы яго за чырвона-чорны сьцяг Украінскай паўстанцкай арміі. У мясцовых сьцяг Шахцёра ў вялікай пашане. Ніхто такога не зрабіў бы са сваіх. У панядзелак стала вядома, што вандалы расьпісалі помнік Тарасу Шаўчэнку, таксама гэты помнік стаяў тут не адзін дзясятак гадоў і ніхто яго не чапаў. Упершыню такі акт вандалізму адбыўся. Учора калегі паведамлялі, што бачылі прынамсі адзін аўтобус з расейскімі нумарамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG