Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі афіцэр у Крыме: Мы служым Радзіме, а яна маўчыць


Украінскі вайсковец на варце каля брамы базы ў Керчы (фота 4 сакавіка).
Украінскі вайсковец на варце каля брамы базы ў Керчы (фота 4 сакавіка).

Украінскія вайскоўцы ў Крыме адчуваюць сябе кінутымі на волю лёсу. Яны да гэтага часу не атрымалі з Кіеву ясных загадаў, як дзейнічаць ва ўмовах расейскай акупацыі. Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода Аляксандру Лашчанку кажуць ва украінскай вайсковай частцы ў Еўпаторыі, заблякаванай расейскімі салдатамі.

Аблога доўжыцца тыдзень. Украінскія вайскоўцы ня маюць магчымасьці нармальна харчавацца, яны былі вымушаныя вывезьці з Крыму свае сем’і. Правакацыі і штурму яны чакаюць у любы момант. Нягледзячы на гэта, украінскія вайскоўцы не зьбіраюцца здраджваць прысязе. У гэтым запэўніў пад час гутаркі з карэспандэнтам Радыё Свабода адзін з украінскіх афіцэраў, які стрымлівае аблогу вайсковай часткі. (Ён вымушаны не называць свае імя і прозьвішча з-за пагроз з боку прарасейскіх актывістаў на адрас яго бацькоў, якія жывуць у Еўпаторыі).

— Якое цяпер становішча вашай вайсковай часткі ў Еўпаторыі?

— Я тут жыву і сплю з аўтаматам ужо цэлы тыдзень. Я — вайсковы чалавек, які прыняў прысягу народу Ўкраіны. І я ад гэтай прысягі не адмаўляюся. Маю сям’ю (жонку і траіх дзяцей — 13 і 7 гадоў, а таксама дзесяцімесячнае немаўля) прыйшлося эвакуяваць на мацерыковую Украіну. Але тут, у Еўпаторыі, жывуць мае бацька і маці. Наагул я больш за 20 гадоў праслужыў ва ўкраінскай арміі і не зьбіраюся нікуды бегчы ці адступаць. Гэта датычыцца і пяцёх маіх таварышаў па службе.

— Хто канкрэтна вас блякуе цяпер?

— Гэта так званыя «зялёныя чалавечкі». Нашу частку і іншыя часткі трымаюць у аблозе гэтыя «цвыркуны». Гэта нармальная прадуманая ваенная спэцапэрацыя. Гэта вайскоўцы Чарнаморскага флёту Расейскай Фэдэрацыі. Яны ціснуць на нас, служачых ўкраінскай арміі, а мы нават не можам у адказ пікнуць. У расейскіх вайскоўцаў ёсьць загад і яны дакладна прафэсійна яго выконваюць. Толькі ў нас такога дакладнага загаду чамусьці няма да гэтага часу. Маем акупацыю з боку Расеі, а наша цяперашняя ўлада ў Кіеве (ці Міністэрства абароны, ці іншыя ведамствы) нічога ня робяць, пальцам не варушаць. Прытым што ўкраінскія вайскоўцы, якія цяпер служаць на тэрыторыі Крыму, апынуліся паміж молатам і кавадлам. Вельмі дрэнна гэта ўсё. Маё асабістае меркаваньне — наш новы ўрад у Кіеве зрабіў і робіць шмат памылак наагул. Трэба было першапачаткова асьцярожней абыходзіцца з Крымам, з законам аб мовах. А цяпер ужо больш рашуча дзейнічаць, улічваючы, што мы застаемся вернымі прысязе.

Наагул кіеўскай уладзе трэба было дастукацца да сэрцаў крымчан, паклапаціцца пра іх, пра тых жа пэнсіянэраў. А гэтага так і не зрабілі. А цяпер значная частка крымчан разгубленая, надураная расейскімі тэлеканаламі. Адначасова і досыць абыякавых да таго, што адбываецца. А адбываецца акупацыя Крыму. І дзе гэтыя сілавыя структуры Украіны? Груба кажучы, апынуліся ў лайне? Вось той жа Аксёнаў ^[абраны ў канцы лютага кіраўнік Крымскага ўраду, які адмовіўся прызнаць новыя ўлады Кіеву і зьвярнуўся па дапамогу да Пуціна — РС^]. Мы пра яго ўпершыню пачулі тут, у Крыме, калі ён запатрабаваў ад нас прынесьці яму прысягу. Хто такі наогул гэты Аксёнаў? А расейскія тэлеканалы працягваюць насельніцтва замбаваць. Прытым няма ў Крыме ніводнага расейскага чалавека, якога б тут пакрыўдзілі б яго расейскую мову.

— А як бы магла рэагаваць на акупацыю цяперашняя ўкраінская ўлада? Пайсьці вайной за Крым?

— Не! Але павінен паступіць выразны загад. Вось, напрыклад, нападнікі пералезуць праз плот нашай вайсковай часткі і пачнуць пагражаць. А ў мяне аўтамат пад пахай і страляць нельга. Ну як жа так? Нават калі супраць нас пойдуць гэтыя ражаныя казачкі (з Растова-на-Доне яны ці адкуль), нават на гэты выпадак няма каманды. Мы нават не маем дазволу абараняць саміх сябе.

Я ў гэтай «хрэні» ужо цэлы тыдзень, а нас у Кіеве ніхто ня бачыць і ня чуе. Нашым камандзірам ў Кіеве ўсё роўна, што тут з намі адбываецца. Што яны сабе думаюць? Нельга так проста кінуць, забыцца і ўсё! Крым — наш дом і па гэтым доме ходзяць гэтыя «цвыркуны», людзі з аўтаматамі, расейскія вайскоўцы.

Я не хачу быць героем Украіны пасьмяротна. Але, калі прыйдзецца, то буду. Нас шасьцёра, у нас шэсьць аўтаматаў і дзьве з паловай тысячы патронаў.

З нас не трэба рабіць герояў, але павінны быць хоць нейкія выразныя загады, дакладная інфармацыя аб тым, што адбываецца ў Крыме.

— А які менавіта загад з Кіеву павінен прагучаць у такой сытуацыі?

— Павінен быць выразны загад: што менавіта рабіць у такой сытуацыі. А ня проста заклікі не паддавацца на правакацыі, хоць гэта і важна. У дадзеным выпадку адбываецца агрэсія, і гэта захоп тэрыторыі.

— Якія цяпер у Вас умовы для нясеньня службы? Як вы харчуецеся?

— Тушонку прывезьлі пяць дзён таму, вось і выжываем. Ледзь удалося вырвацца, як мы жартавалі , «у самаволку» і падкупіць харчоў. Вось і ўсё. Сухаядзеньне — ні супу, ні баршчу. Сядзім у аблозе — вымушаныя глядзець расейскія тэлеканалы, а ўкраінскія ўсё тут адключылі. Мабільная сувязь працуе, інтэрнэту ня маем.

— А што далей — колькі яшчэ можаце прастаяць?

— Колькі заўгодна, як бы складана не было. Чэсна кажу. Мы — вайскоўцы і павінны трымацца. Усе мы, шасьцёра, ня дзеці, мы па дваццаць гадоў праслужылі ўжо. Мы нікога не баімся. Крыўдна толькі ад таго, што навязвае зараз пра Крым расійскае тэлебачаньне. І крыўдна ад такога стаўленьня ўлады ў Кіеве. Але мы — вайскоўцы, мы прынялі прысягу і мы не здадзімся! Нас тут прымушаюць іншую прысягу скласьці. Як гэта так? Двойчы прысягу не прымаюць! Проста крыўдна за дзяржаву. Мы служым Радзіме, а яна маўчыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG