Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму разышліся Данецк з Майданам


Прарасейскі мітынг у Данецку
Прарасейскі мітынг у Данецку

Зірнуўшы на 20 гадоў назад, можна пабачыць, што адбудзецца праз 20 гадоў наперад.

Калі б вам давялося выбіраць паміж мітынгамі на кіеўскім Майдане і пры Данецкай адміністрацыі, што б стала для вас індыкатарам таго, што сабраліся свае, вашага лягеру людзі? Мова? Сьцяг? Лёзунгі? Стыль дачыненьняў? Тое, як ставяцца да вас? Ці ўвогуле – нешта ненамацвальнае, «хімія»?

У Кіеве гавораць па-ўкраінску і па-расейску, у тым ліку са сцэны, у тым ліку лідэры Майдану. У Данецку на мітынгу лепш гаварыць па-расейску, за ўкраінскую можна атрымаць. Выбару тут няма.

Сьцяг. На Майдане ёсьць некалькі намётаў пад расейскімі трыкалёрамі. Бо ёсьць Расея, якая за Ўкраіну, а ня супраць яе. Што ты зробіш, калі ў іх адзін сьцяг на ўсіх, можна не адрозьніць. Гэта ў нас два – лукашэнкаўскі і нацыянальны. Прычым наш нацыянальны ў Данецку – як украінскі, успрымаецца за правакацыю, а на месцы лукашэнкаўскага там – расейскі трыкалёр. Ізноў – выбару няма.

Лёзунгі. У Данецку галоўны матыў – непрызнаньне ўлады ў Кіеве – падаграецца расейскімі тэлеканаламі, нягледзячы на тое, што новую ўладу легітымна абрала легітымная Вярхоўная Рада. Але й тут выбару няма – або не прызнавай разам з намі, або валі адсюль, пакуль жывы.

Разам тым, розьніца ў наяўнасьці і адсутнасьці выбару – гэта толькі вонкавае параўнаньне Данецку і Майдану. А ёсьць і ўнутранае, глыбіннае.

Ясна, што і стыль дачыненьняў людзей на Майдане – асаблівы. Яны перажылі атакі сілавікоў, шмат хто загінуў. Думаю, такое ж пачуцьцё было ў нас у 1991-м на барыкадах у Вільні. Тады ўвесь сьвет падзяляецца на дабро – людзей і зло – танкі. І ты разам з усімі гэтымі людзьмі апынаесься на баку чыстага дабра. Перажываньне вельмі падобнае на шчасьце. І яно чытаецца на тварах людзей Майдану. На тварах данецкіх дэманстрантаў яго няма. Бо ім нічога не супрацьстаіць, дабро не аддзеленае ад зла.

Ясна таксама, што на Майдане ніхто ня стане дапытвацца ў цябе, за каго і навошта сюды прыйшоў. У Данецку пры найменшай сымпатыі да ўкраінскай незалежнасьці, ты рызыкуеш адразу атрымаць вырок: западэнец, бандэравец, фашыст. Тры кулі адна за адной. Стандартны набор. Разгавор акончан!

Я думаю, што і з другога боку ёсьць такія тры кулі: напрыклад, я «западэнец», а ты – арда, я «бандэравец», а ты – «уласавец», «фашысты» з двух бакоў супадаюць. Здавалася б, проста. Але не страляюць украінцы гэтымі кулямі, імкнуцца размову пачаць, а ня скончыць. Чапляюцца са сваімі інтэрвію...

Дык вось, пра глыбінныя плыні. Зьнешне гэта – працэс дараспаду СССР. Унутрана – працэс самасьцьверджаньня Ўкраіны і ўкраінскай нацыі.

Данецк проста не гатовы ні ўнутрана, ні зьнешне. Гэтаксама, як дваццаць гадоў таму не была гатовая Ўкраіна.

Тады, дваццаць гадоў таму, пасьля першай хвалі распаду, я надрукаваў у газэце «Сабода» артыкул «Герой нашага часу. Беларуская ідэя як ідэя лепшага чалавека», дзе параўноўваў нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі і ў краінах Балтыі. Інакш кажучы, там, дзе «не пайшло» і там, дзе «пайшло». Вось цытата:

«З развалам саюзу рухнула і агульная сыстэма выхаваньня, а разам зь ёй – і той маналітны расейскі стэрэатып (героя нашага часу. – С.Д.). Сэнсам нацыянальнага адраджэньня народаў стала сьцьверджаньне свайго новага стэрэатыпу прыстойнага чалавека. І, відаць, толькі ў Беларусі гэты сэнс абмежаваўся фармальным бокам – атрыбутыкай незалежнасьці».

Інакш кажучы, калі мікраскопам забіваеш цьвік, калі мову ставіш на першым рубяжы абароны, увесь канфлікт факусуецца на мове і пераходзіць у плоскасьць, дзе няма выбару. Бо мова ці каўбаса (а ў нас так было) – гэта ня выбар.

Нядаўна адзін расейскі журналіст трапна заўважыў, што для такой краінішчы як Расея зводзіць сваю палітыку да «абароны рускамоўных», прычым ад каго? ад украінцаў! – азначае крах вялікай дзяржавы...

Аднак глядзіце, як сваімі мовамі яшчэ дваццаць гадоў таму распарадзіліся ў краінах Балтыі. Працягну цытаваньне:

«Цяжка ўявіць сабе, каб недзе ў Эстоніі і Латвіі – пры ўсёй іх дэмаграфічнай драме, калі палову насельніцтва складаюць савецкія людзі (прывет Данецку! – С.Д.), каб там ставілі мэтай мову, сьцяг і герб. Усё гэта было, але толькі як форма. Мэтай жа там ставілі сьцьвердзіць нацыянальны стэрэатып прыстойнасьці і прывесьці да ўлады прыстойных людзей».

Менавіта гэтая розьніца аддзяляе сёньня два мітынгі ва Ўкраіне. У Данецку стаяць за атрыбутыку – стаяць «насьмерць». У Кіеве стаяць за прыстойнае жыцьцё бяз дурняў – стаяць насьмерць. Кожны бачыць, што цывілізацыйная розьніца паміж Эўропай і Расеяй – гэта прорва, і тут зноў выбару няма – у Расеі, гардыня замінае. Пры тым, што звычайнаму чалавеку там жывецца непараўнальна горш, пра што сьведчыць і калясальная эміграцыя, і тое, што дзеці расейскага начальства спрэс атабарваюцца ў Эўропе. Гэта правіла, аксіёма. Але ва Ўкраіне гэтая аксіёма ператвараецца ў тэарэму, якую даказваць усё цяжэй – Эўропа зусім блізка, і тады – чаму ў нас ня так, а горш?

Вяртаючыся да колішняга артыкулу, успомню, чым усё скончылася ў тыя часы. Чаму ў краінах Балтыі «рускамоўнае» насельніцтва не паўстала, не паклікала Расею?

«Ды таму што эстонцы, латышы і літоўцы задалі на парадак больш высокі маральны стандарт, ня кажучы ўжо пра ўзровень і якасьць жыцьця. А расейцам Балтыі хапіла розуму не пратэставаць супраць прыстойнасьці. Яны, расейцы, хочуць жыць у такім, лепшым грамадзтве. А для гэтага трэба ўсяго зьлёгку ведаць мову, гісторыю і канстытуцыю краіны, у якой ты жывеш. Вось дзе толькі зьяўляецца мова ў балтыйскім варыянце нацыянальнае ідэі. Мова ад пачатку разглядалася не як праблема адраджэнцаў, а як праблема рускамоўных».

Словам, тое, што Балтыя прайшла 20 гадоў таму, цяпер праходзіць Украіна. Праходзіць найперш унутрана. А расейская агрэсія толькі прыдае гэтым працэсам паскарэньне.

Магчыма, Украіна выйдзе з супрацьстаяньня з тэрытарыяльнымі стратамі – ніхто, апроч Расеі, не гатовы сёньня да маштабнага Сталінграду, ня тыя часы на дварэ. Але Ўкраіна выйдзе. Яна ўвойдзе ў склад НАТА і Эўразьвязу і рушыць далей разам зь імі ўсімі, а ня нейкім сваім асаблівым непратораным шляхам.

Жыхары Данецку, які, магчыма, апынецца ў складзе Расеі, будуць езьдзіць ва Ўкраіну – так, як цяпер украінцы едуць у Польшчу ці Чэхію – працаваць на будоўлі і бэбісітэрамі, прыбіраць кавярні і зьбіраць трускалкі. І захапляцца, як тут усё зручна і па-людзку арганізавана.

А пасьля пройдзе яшчэ 20 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG