Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паслугачы сатрапаў» — Сяргей Харэўскі адказвае расейскім літаратарам


Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

На просьбу Свабоды беларускі літаратар і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі пракамэнтаваў зварот расейскіх літаратараў да прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна з падтрымкай ягонай агрэсіі ва Ўкраіне.

«Я таксама, з поўным правам, магу лічыць сябе чалавекам і расейскае культуры. Бо і ў мяне дрыжэў расчулена голас, калі я дэклямаваў у школе вершы Пушкіна. І я натхнёна маляваў, яшчэ падлеткам, ілюстрацыі да лермантаўскага «Мцыры». А яшчэ я зь цеплынёю й бясконцай удзячнасьцю ўзгадваю сваіх мудрых настаўнікаў з Акадэміі мастацтваў у Пецярбурзе, дзе мне не адзін год давялося вучыцца. Я гэтага не цураўся і ніколі не зьбіраўся вытручваць гэтую памяць са свайго сэрца. Я нагбом колісь чытаў і Юрыя Бондарава, і Валянціна Распуціна, якім верыў. Але сёньня, кажучы словамі зь песьні Вахтанга Кікабідзэ, я б сказаў ім: «Вы меня не предали — разочаровали...»

Я расчараваны іхным халопскім зваротам, зваротам людзей, многія зь якіх ведаюць, што такое вайна, людзей, якія сьлепа, безаглядна ўспрымаюць брудную цемрашальскую прапаганду за чыстую манэту.

Незалежныя журналісты, дарагія мае расейскія «ўладары думаў», не хаваюцца, як вы пішаце, а сумленна выконваюць свае абавязкі. Гэта менавіта іх сёньня, як і сапраўдных украінскіх, у тым ліку і рускамоўных, інтэлігентаў сёньня зьбіваюць і не пушчаюць ва «ўзяты пад ахову» Крым! Вы пішаце пра ўвесь фашыстоўскі інтэрнацыянал, што ваяваў супраць СССР, але ня згадваеце ані радочкам гераічны ўнёсак сотняў тысячаў людзей, што біліся супраць гітлераўцаў не пад чырвонымі сьцягамі. Вы «забыліся» толькі пра савецка-нацыскі парад у Берасьці 1939 году і пра Катынь, пра зьверсты расейскіх карных батальёнаў і казацкіх швадронаў СС, што пакінулі крывавы сьлед і ў Беларусі.

Вы ніводнай літарай не згадалі, колькі гора народам Эўропы, Каўказу, Украіны, у тым ліку і Крыму, прынесла чырвоная сталінская навала. Вы нават згадалі пра танкі, што былі вырабленыя ў Чэхіі, але не згадалі пра тое, як вашыя суайчыньнікі душылі па вайне народныя рухі ў Будапэшце, Бэрліне і Празе. Вам ня сорамна за дэпартацыі і растаптаньне братняе Грузіі, дзе так шчыра і кранальна шануюць усё тых самых Пушкіна зь Лермантавым. Бяз каяньня за тыя злачынствы вам наканавана быць адно паслугачамі сатрапаў, з Каінавай пячаткаю. І вы падзеліце зь імі адказнасьць цалкам. І гэта ляжа нязводным таўром на ўсю вашую вялікую расейскую культуру, што ўзгадавала і мяне.

Народы Ўкраіны маюць унікальную супольную гісторыю, у якой старонак братэрства і ўзаемапавагі нашмат болей, чым чорных старонак нянавісьці, што пісаліся пад рулямі чужынцаў. Каб вы бывалі ва Ўкраіне часьцей самі, каб дзялілі там з украінцамі, рускімі, крымцамі хлеб, каб ведалі яе гісторыю лепей, вы б ніколі не напісалі тых поўных нянавісьці словаў, якія кідаеце ў твар сьвету. Вы меня не предали — разочаровали..."

У звароце да Пуціна, які падпісалі Валянцін Распуцін, Валеры Ганічаў, Альберт Ліханаў, Мікалай Драздоў і дзясяткі іншых расейскіх пісьменьнікаў, зазначаецца сярод іншага:

«У гэты трывожны час, калі вырашаецца лёс ня толькі Расеі і Ўкраіны, але і ўсёй нашай эўрапейскай цывілізацыі, мы выказваем сваю падтрымку Вашай цьвёрдай і адказнай пазыцыі. Мы разумеем, які цяжар гістарычнай адказнасьці лёг на Вашы плечы. І мы горача падтрымліваем Ваша рашэньне аказаць усебаковую дапамогу ўкраінскаму народу, народам Крыму, якія імкнуцца да мірнага і стваральнага жыцьця. Ваша цьвёрдая воля і Вашы ўзважаныя рашэньні выклікаюць у нас упэўненасьць у тым, што ўвесь рускі сьвет і ўсе народы Расеі і брацкай Украіны маюць надзейную абарону».

Расейскія пісьменьнікі паўтараюць словы Пуціна пра дзяржаўны пераварот у Кіеве, пра дэструктыўныя сілы Захаду, фашыстаў і нацыстаў у Кіеве, пра ўмяшаньне Захаду ў справы Ўкраіны.

Яны абураныя разбурэньнем помнікаў савецкай эпохі ва Ўкраіне, «замест якіх узводзяцца ў нацыянальныя героі Бандэра, Шухевіч і ўсе тыя, хто па-зьверску зьнішчаў палякаў, габрэяў, расейцаў і ўкраінцаў, змагароў з фашызмам».

Літаратары заклікаюць Пуціна не баяцца эканамічных санкцыяў і міжнароднай ізаляцыі Расеі, нагадваюць, што супраць СССР ваявалі, апроч немцаў, гішпанцы, італьянцы, галяндцы, нарвэжцы, харваты, румыны, французы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG