Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Башар Асад падтрымаў уварваньне Пуціна ва Ўкраіну


Акцыя падтрымкі Асада ў Маскве
Акцыя падтрымкі Асада ў Маскве

У тэлеграме высока ацэнена «мудрае кіраўніцтва прэзыдэнта Пуціна і яго намаганьні ў абароне міжнароднай законнасьці і мэтаў ААН»

Дыктатар Сырыі Башар аль-Асад накіраваў у чацьвер тэлеграму калегу з Расеі Уладзіміру Пуціну са словамі салідарнасьці з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну, паведаміла сірыйскае дзяржаўнае агенцтва «САНА».

Як гаворыцца ў паведамленьні, Асад вітаў намаганьні Пуціна, накіраваныя на «аднаўленьне бясьпекі і стабільнасьці ва Ўкраіне, а таксама на супрацьстаяньне спробам тэрарыстаў-экстрэмістаў спыніць законнасьць і дэмакратыю ў сяброўскай краіне».

У тэлеграме высока ацэнена «мудрае кіраўніцтва прэзыдэнта Пуціна і яго намаганьні ў абароне міжнароднай законнасьці і мэтаў ААН», гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.

Сырыйскі прэзыдэнт адзначыў, што расейскі калега «застаецца гарантам стварэньня ўраўнаважанай сусьветнай сыстэмы, заснаванай на павазе сувэрэнітэту дзяржаваў і правоў народаў на самавызначэньне», гаворыцца ў паведамленьні.

Асад пацьвердзіў падтрымку «рацыянальнага міралюбнага курсу» Пуціна на «аднаўленьне стабільнасьці ў краінах сьвету і барацьбу з экстрэмізмам і тэрарызмам». Прэзыдэнт Сырыі выказаў упэўненасьць у здольнасьці калегі з Расеі «садзейнічаць вяртаньню законнасьці і спакою ва Ўкраіну і пасьпяховай ліквідацыі народам Украіны экстрэмізму і тэрарызму» ў сваёй краіне, паведамляе агенцтва.

Пазыцыі расейскага кіраўніцтва ў падтрымку правоў і свабодаў зробяць важкі ўклад у стварэньне лепшай будучыні і ў выратаваньне сьвету ад небясьпечных выбухаў, перад якімі стаяць народы, перадае зьмест вітальнай тэлеграмы Асада Пуціну сырыйскае дзяржаўнае агенцтва.

Прэзыдэнт Сырыі Башар аль-Асад ужо некалькі гадоў вядзе ў сваёй уласнай краіне грамадзянскую вайну супраць паўстанцаў, — і дэмакратычна настроеныя, і радыкальныя ісламісты — вельмі незадаволеныя яго аўтарытарызмам. Адзінымі дзяржавамі — саюзьнікамі яго ўлады зьяўляецца Расея і Іран; значная частка сьвету лічыць, што прэзыдэнт Сырыі страціў легітымнасьць. Менавіта Расея, як сябра Рады бясьпекі ААН з правам вета, а таксама Кітай заветавалі цэлы шэраг праектаў рэзалюцый, якія прапаноўвалі ўскласьці хоць частку адказнасьці за гібель дзясяткаў тысяч людзей у Сырыі на ўладу Асада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG