Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэп ЗША: 10 няпраўдаў Пуціна пра Ўкраіну


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін
На сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША зьявіўся матэрыял, апублікаваны яго прэсавым прадстаўніцтвам пад назвай «Выдумкі прэзыдэнта Пуціна: 10 ілжывых заяваў пра Украіну». Прапануем вам пераклад гэтага матэрыялу.

Фальшывае бачаньне сытуацыі, якое прапануе Расія, імкнучыся апраўдаць свае бяспраўныя дзеяньні ва Украіне – гэта тое, чаго сьвет ня бачыў з часу, як Дастаеўскі напісаў: «Я згодны, што двойчы два чатыры – цудоўная рэч, але калі ўжо ўсё хваліць, то і двойчы два пяць – чароўная часам штучка».

Ніжэй прыводзяцца дзесяць заяваў прэзыдэнта Пуціна, пры дапамозе якіх ён спрабуе апраўдаць расейскую агрэсію супраць Украіны. За гэтымі заявамі падаюцца факты, якія ён ігнаруе або скажае.

1. Пуцін кажа: Расейскія войскі ў Крыму выключна абараняюць расейскую ваенную маёмасьць. Гэта не расейскія войскі, а «грамадзянскія групы самаабароны» захапілі інфраструктуру і ваенныя аб’екты на Крыме.

Факты: Ёсьць пераканаўчыя доказы таго, што за добра арганізаванымі антыўкраінскімі сіламі ў Крыме стаяць расейскія сілавыя структуры. Хоць байцы гэтых падразьдзяленьняў апранутыя ў форму без знакаў адрозьненьня, яны езьдзяць на машынах з расейскімі ваеннымі нумарамі і адкрыта ідэнтыфікуюць сябе як супрацоўнікаў расейскіх сілавых структур перад прадстаўнікамі міжнародных сродкаў масавай інфармацыі і ўкраінскімі вайскоўцамі. Больш за тое, гэтыя людзі носяць зброю, якая звычайна недаступная цывільнаму насельніцтву.

2. Пуцін кажа: Дзеяньні Расеі не выходзяць за рамкі Дамовы аб дружбе паміж Украінай і Расейскай Фэдэрацыяй 1997 году.

Факты: Пагадненьне 1997 году патрабуе ад Расеі паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Вайсковыя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, у выніку якіх Расія ўзяла пад свой кантроль Крым, цалкам відавочным чынам парушаюць тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны.

3. Пуцін кажа: Апазыцыя не выканала ўмовы пагадненьня ад 21 лютага з былым прэзыдэнтам Віктарам Януковічам.

Факты: У пагадненьні ад 21 лютага быў выкладзены плян, у адпаведнасьці зь якім Вярхоўная Рада павінна была прыняць законапраект, які аднаўляе дзеяньне на тэрыторыі Ўкраіны Канстытуцыі 2004 году, гэта значыць вяртаньне краіны да канстытуцыйнай сыстэмы, у цэнтры якой месьціцца парлямэнт. У адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем Януковіч павінен быў падпісаць адпаведны закон на працягу 24 гадзін і такім чынам ўрэгуляваць крызыс мірным шляхам. Януковіч адмовіўся выканаць гэтую дамоўленасьць. Замест гэтага ён сабраў рэчы і ўцёк, пакінуўшы пасьля сябе сьведчаньні буйнамаштабнай карупцыі.

4. Пуцін кажа: Урад Украіны нелегітымная. Януковіч застаецца легітымным кіраўніком Украіны.

Факты: 4 сакавіка прэзыдэнт Пуцін сам прызнаў , што ў Януковіча «няма палітычнай будучыні». Пасьля таго як Януковіч зьбег з Украіны, нават ягоная Партыя рэгіёнаў адвярнулася ад яго, прагаласаваўшы за яго адхіленьне ад пасады і падтрымаўшы новы ўрад. Новы ўрад Украіны быў зацьверджаны дэмакратычна абраным парлямэнтам Украіны – 371 голасам, то бок больш чым 82% галасоў. Гэты часовы ўрад Украіны зьяўляецца урадам народу які павядзе краіну да дэмакратычных выбараў, прызначаных на 25 траўня – да выбараў, якія дадуць магчымасьць усім ўкраінцам вырашыць будучыню сваёй краіны.

5. Пуцін кажа: Гэта гуманітарны крызыс, і сотні тысяч людзей зьбягаюць з Украіны ў Расею ў пошуках прытулку.

Факты: Да сёньняшняга дня абсалютна нішто не сьведчыла аб гуманітарным крызысе. Нішто таксама ня сьведчыла пра патокі бежанцаў з Украіны, якія шукаюць у Расеі палітычнага прытулку. Міжнародныя арганізацыі, якія вывучалі становішча на месцы ў размовах з украінскімі памежнікамі, таксама абвяргаюць гэтую інфармацыю. Незалежныя журналісты, якія назіралі за сытуацыяй на мяжы, таксама нічога не паведамляюць пра які-небудзь паток бежанцаў.

6. Пуцін кажа: Этнічныя расейцы знаходзяцца пад пагрозай.

Факты: Калі не лічыць расейскай прэсы і расейскай дзяржаўнай тэлевізіі, то не існуе вартых даверу зьвестак пра тое, што камусьці з этнічных расейцаў нешта пагражае. Новы ўрад Украіны з самага пачатку адным з сваіх прыярытэтаў абвясьціў падтрыманьне міру і яднаньне. Прэзыдэнт Аляксандр Турчынаў адмовіўся падпісаць законапраект, які абмяжоўвае выкарыстаньне расейскай мовы ў рэгіёнах. Этнічныя расейцы і расейскамоўнае насельніцтва падпісваюць пэтыцыі, у якіх заяўляюць, што не падвяргаюцца якім-небудзь пагрозам. Больш за тое, з моманту стварэньня новага ўраду ў Кіеў вярнуўся спакой. Не зафіксавана рэзкага росту злачыннасьці, марадэрства ці перасьледу палітычных апанэнтаў.

7. Пуцін кажа: Пад пагрозай апынуліся расійскія базы.

Факты: Расейскія вайсковыя аб’екты былі і застаюцца ў поўнай бясьпецы, і новы ўрад Украіны абавязаўся выконваць ўмовы ўсіх існуючых міжнародных пагадненьняў, у тым ліку датычных да расейскіх баз. Пагрозе з боку расейскіх вайскоўцаў падвяргаюцца якраз украінскія базы на Крыме.

8. Пуцін кажа: На поўдні і ўсходзе Украіны мелі месца факты масавых нападаў на цэрквы і сынагогі.

Факты: Рэлігійныя лідэры ва Ўкраіне і міжнародныя арганізацыі, якія там абараняюць свабоду веравызнаньня, кажуць, што выпадкаў нападу на цэрквы не зафіксавана. Лідэры ўсіх рэлігійных суполак Украіны, у тым ліку прадстаўнікі Украінскай праваслаўнай царквы, падпарадкавальнай Маскоўскаму Патрыярхату, заявілі пра сваю падтрымку новага палітычнага кіраўніцтва, заклікаўшы да нацыянальнага яднаньня і нармалізацыі сытуацыі. Прадстаўнікі габрэйскіх суполак з паўднёвых і ўсходніх абласьцей Украіны кажуць, што яны не назіралі росту выпадкаў антысэмітызму.

9. Пуцін кажа: Кіеў імкнецца дэстабілізаваць сытуацыю ў Крыме.

Факты: Часовы ўрад Украіны праяўляе стрыманасьць і імкнецца да дыялёгу. Расейскія войскі, аднак, выходзяць за межы сваіх баз, захопліваючы аб’екты палітычнага прызначэньня і інфраструктуры на Крыме. Украінскі ўрад неадкладна накіраваў былога кіраўніка Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны каб разрадзіць сытуацыю. Пятра Парашэнку – апошняга эмісара, накіраванага Кіевам у Крым для наладжваньня дыялёгу – не пусьцілі ў крымскі парлямэнт.

10. Пуцін кажа: Вярхоўная Рада знаходзіцца пад уплывам экстрэмістаў і тэрарыстаў.

Факты: Вярхоўная Рада – найбольш прадстаўнічы орган улады ў Украіне. Апошнія заканадаўчыя акты былі прынятыя значнай большасьцю галасоў, у тым ліку прадстаўнікоў усходніх рэгіёнаў Украіны. Ультранацыяналістычныя групы крайне правага крыла, якія ўдзельнічалі ў адкрытых сутычках зь сіламі бясьпекі падчас пратэстаў на Майдане, у Радзе не прадстаўлены. Нішто ня сьведчыць пра тое, што ўрад Украіны мае намер праводзіць палітыку дыскрымінацыі. Наадварот, ён публічна заявіў пра адваротнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG