The Guardian
Слабая рэакцыя Захаду на ўкраінскі крызіс не ўтрымае Ўладзімера ПуцінаБарак Абама сувора перасьцярог Уладзімера Пуціна, што Расеі давядзецца «заплаціць», калі яна працягне сваё ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ці пашырыць яго. Але амэрыканскі прэзыдэнт не ўдакладніў, у чым можа складацца падобная расплата, і гэтая «бяззубасьць» зьяўляецца дылемай, якая зараз стаіць перад ЗША і іх саюзьнікамі.
Ідэю аб тым, што ЗША, Брытанія ці Францыя — а гэта адзіныя заходнія краіны са шматлікімі, баяздольнымі, вопытнымі баявымі злучэньнямі — могуць даць ваенны адпор расейскаму ўварваньню ў Крым, нельга прымаць сур’ёзна.
Шосты флёт ЗША, разьмешчаны ў Нэапалі, уяўляе сабой значную сілу, але, каб зрабіць якое-небудзь узьдзеяньне на Ўкраіне, яму давядзецца перадысьлякавацца ў Чорнае мора, прайшоўшы праз Басфор і Дарданэлы, чаму будзе рэзка пярэчыць Турэччына і што Расея палічыць прамой пагрозай.
Любое рашэньне задзейнічаць сухапутныя войскі ЗША ці НАТА, калі ўрад у Кіеве папросіць аб падобнай дапамозе, таксама цяжка сабе ўявіць. Англа-францускае ўварваньне ў слабую ў ваенным сэнсе Лібію ў 2011 годзе галоўным чынам складалася ў дзеяньнях ВПС, але нават у такіх умовах гэта прывяло да гранічнай напругі брытанскіх рэсурсаў. Нямеччына больш не ваюе, а займаецца міратворчасьцю, і тое неахвотна.
Абама сказаў у сваёй заяве: «Любое парушэньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны будзе надзвычай дэстабілізуючым фактарам, што не адпавядае інтарэсам Украіны, Расеі і Эўропы». Але гэта словы лягічнага ўнівэрсытэцкага прафэсара, а не цынічнага палітыка. У вачах Пуціна інтарэсам Расеі (і яго самога адпавядае такое разьвіцьцё падзеяў, калі «ўмяшаньне» ЗША і Эўропы — як ён гэта разглядае — ва Ўкраіне будзе рашуча спыненае. І разьлікі Пуціна, хутчэй за ўсё, спраўдзяцца. «Расплата» Расеі за яе апошні акт вандалізму ў суседняй дзяржаве можа абмежавацца байкотам ЗША наступнага саміту G −8, ахаладжэньнем дыпляматычных адносін, карнымі мерамі ў сфэры гандлю або санкцыямі ў якой-небудзь форме. Гэта не ўтрымае Пуціна, нераскаянага салдата халоднай вайны.
Liberation
Барак Абама занадта палахлівы
Вашынгтон пагражае адмовай ад удзелу ў саміце G8 у Сочы і аддае перавагу ізаляцыі Расеі
«Каб усім было зразумела: тут ніхто не хоча паміраць за Крым!» Сфармуляванае старым амэрыканскім дыпляматам, гэтае рэзюмэ пазначае рамкі адказу Барака Абамы на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. Пасьля тыдня маўчаньня з нагоды падзеяў у Кіеве, амэрыканскі прэзыдэнт у гэты ўікэнд са скуры вылазіў, каб паспрабаваць спыніць расейскія войскі, але яму не ўдалося дамагчыся чагосьці асаблівага, акрамя дэманстрацыі свайго бясьсільля.
«Калі Пуцін хоча Крым, ён можа яго атрымаць. Захад ня будзе кідаць яму выклік, — кажа прафэсар Марк Н. Кац, адмысловец па Расеі ва ўнівэрсытэце Джорджа Мэйсана (Вірджынія). — Мне здаецца, што амэрыканскі пратэст будзе вельмі падобны на той, што мы ўжо бачылі падчас расейскай апэрацыі ў Грузіі ў 2008 годзе. Амэрыканцы гучна асуджаюць, але ня робяць нічога сур’ёзнага». Каб даць Пуціну адчуць «цану» апэрацыі, у Вашынгтоне вывучаюць цэлую гаму санкцый: выгнаньне з G-8, эканамічнае эмбарга, новы «сьпіс Магніцкага» ці нават дэманстрацыю сілаў НАТА каля берагоў Украіны.
З усіх варыянтаў Абама аддае перавагу дыпляматыі. У Злучаных Штатаў ня шмат «прамых рычагоў» для ціску на Пуціна, заяўляюць амэрыканскія аналітыкі: Вашынгтон мае патрэбу ў ягоным супрацоўніцтве па больш важным, на думку амэрыканцаў, дасье: Аўганістан, Іран, Сірыя.
The Washington Times
Цар падымаецца ў Расеі: Пуцін наносіць абразу АбамуУ той час як амэрыканцы глядзелі на галівудзкіх зорак у ноч уручэньня прэміі Оскар, Уладзімер Пуцін ажыцьцяўляў сьмелы плян вяртаньня Ўкраіны пад уладу Расеі, кідаючы выклік прэзыдэнту Абаму, ЗША і нашаму саслабеламу заходняму альянсу.
«Жалезная заслона» апусьцілася ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, дзе арганізаваныя пратэсты віталі расейскія сілы. Між тым жыхары Заходняй Украіны, дзе ўспаміны пра ўплыў Масквы наўрад ці выклікаюць далікатныя пачуцьці, абураныя. Слабы адказ Абамы не спыніў Расею і, верагодна, падбадзёрыў супернікаў і канкурэнтаў у гарачых кропках па ўсім сьвеце.
Назіральнікі хочуць даведацца, як паступіць цяпер найбуйнейшы ў сьвеце захавальнік полымя свабоды. Уінстан Чэрчыль 68 гадоў таму сказаў натоўпу ў Місуры: «Мы павінны няспынна і бясстрашна абвяшчаць вялікія прынцыпы свабоды і правоў чалавека, якія зьяўляюцца супольнай спадчынай англамоўнага сьвету.
Можаце не сумнявацца, што бескантрольныя паводзіны Пуціна ва Ўкраіне ствараюць беспрэцэдэнтныя праблемы для Злучаных Штатаў і нашых свабодалюбных саюзьнікаў.
The Christian Science Monitor
Крызіс ва Украіне: Расея наступае, а ЗША ўсё яшчэ застаюцца «супердзяржавай»?
Крызіс ва Ўкраіне не падае прыкмет заканчэньня, і статус Злучаных Штатаў як адзінай «супэрдзяржавы» ў сьвеце пасьля краху СССР ставіцца пад пытаньне і, магчыма, аказваецца нетрывалым.
Ці ёсьць у адміністрацыі Абамы рэальныя магчымасьці паўплываць на хаду падзеяў ва Ўкраіне, дзе знаходзяцца расейскія вайсковыя сілы, якія захапілі ўвесь крымскі рэгіён, і сытуацыя дайшла да таго, што прэм’ер-міністар Арсень Яцанюк кажа аб «абвяшчэньні вайны»?
Кэры заявіў, што Расея «правакуе асуджэньне на міжнароднай арэне», і выклаў меры, якія разглядаюць ЗША і іншыя краіны.
ЗША, Францыя і Вялікабрытанія ўжо выйшлі з падрыхтоўчых перамоваў наконт саміту G-8. Рэспубліканцы, якія крытыкуюць Абаму, пасьпелі выказацца адносна таго, што, на іх думку, зьяўляецца няўдалай спробай адміністрацыі пралічыць намеры і магчымасьці Расеі.
«Пуцін гуляе ў шахматы, а мы, па-мойму, гуляем у шарыкі — заявіў старшыня камітэту палаты прадстаўнікоў па справах выведкі Майк Роджэрс. — Шчыра кажучы, я хутчэй „ястраб“, але накіроўваць у Чорнае мора сілы ВМС, на самай справе, ня вельмі добрая ідэя — як нам вядома, час для гэтага даўно прайшоў, а калі вы не зьбіраецеся іх ужываць, то і няма чаго пасылаць». Цяпер, на думку сэнатара, застаюцца толькі эканамічныя магчымасьці ціску на Расею з дапамогай Эўразьвязу.
The Times
Не рабіце драмы з крымскага крызісу
Краіны-сябры НАТА не павінны залішне бурна рэагаваць на абарону Пуціным гістарычных расейскіх інтарэсаў на ўсходзе Ўкраіны.
Некаторыя параўноўваюць бягучую сытуацыю ня толькі з савецкім уварваньнем у Вугоршчыну і Чэхаславаччыну, але і з уварваньнем Гітлера ў Судэцкую вобласьць у 1938 годзе. У пэўных колах мацнее меркаваньне: калі Захад і асабліва Абама не адкажа Расеі цьвёрда, паўторыцца «мюнхэнскае пагадненьне». Але варта задумацца, чый гэта крызіс. Відавочна, што гэта крызіс для народаў Украіны і Крыму, а таксама калясальны крызіс для Пуціна: калі яго палічаць парушальнікам міжнароднага права, ён і Расея страцяць прэстыж, пры гэтым у Расеі Пуціна чакае амаль усеагульная пагарда, калі людзі палічаць, што ён страціў Украіну і асабліва Крым.
Але для нас на Захадзе гэты крызіс — крызіс толькі ў той меры, у якой мы самі гэтага пажадаем.
Большасьць рускіх лічаць украінцаў часткай сваёй нацыі ў найшырэйшым сэнсе слова, Крым асацыюецца з двума ўзорамі гераічнай абароны (Крымская і Другая сусьветная войны). Пуцін мяркуе, што падзеі ва Ўкраіне відавочна закранаюць нацыянальныя інтарэсы Расеі.
Пуціным рухае імкненьне вярнуць Расеі статус вялікай дзяржавы. Таму ён ня можа дапускаць уражаньня, быццам ён адступіў пад ціскам ЗША. Для Масквы словы Абамы, што Расея «заплаціць» за ўварваньне — як з гусі вада.
Як вядома Пуціну, ЗША і НАТА ня ўступяць у вайну, каб перашкодзіць Расеі ператварыць Крым або Ўсходнюю Ўкраіну ў яшчэ адну Паўднёвую Асэтыю. Зусім іншая справа, калі б Пуцін паквапіўся на краіны Балтыі, якія ўваходзяць у НАТА.
Daily Mail
Мы павінны ўдарыць Пуціна па кашальку: гэта самая ўразьлівая частка яго цела
Рускі мядзьведзь, які ўвасабляецца прэзыдэнтам Пуціным, паранены, а, як вядома, у такім стане зьвяры найбольш небясьпечныя. На дыпляматычнай арэне ёсьць шмат спосабаў дзеяньняў у падобных сытуацыях. Але самы непажаданы — пустыя пагрозы. Аднак, на жаль, менавіта ён ужываецца намінальным лідэрам Захаду Баракам Абамам.
У выпадку з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну, у ЗША і Вялікабрытаніі таксама ёсьць абавязацельствы, абумоўленыя рашэньнямі папярэдніх адміністрацый. 20 гадоў таму Клінтан, Мэйджар, Ельцын і Кучма падпісалі Будапэшцкі мэмарандум, які гарантуе тэрытарыяльную цэласнасьць новай незалежнай краіны на заходняй мяжы Расеі. Гэты мэмарандум відавочна парушаны.
Паводле Будапэшцкага мэмарандуму, заходнія дзяржавы пагадзіліся з тым, што Расея можа выкарыстаць Севастопаль для дыслякацыі Чарнаморскага флёту. Гэта можа здацца дзіўным, калі не ўлічыць, што велізарная база ЗША ў Гуантанама знаходзіцца на камуністычнай (за межамі гэтага кавалачка зямлі) Кубе.
Падчас Крымскай вайны Расейская імпэрыя пацярпела паразу, але брытанцы страцілі 25 тыс. чалавек. А рэпартажы пра умовы, у якіх апынуліся брытанскія салдаты, паскорылі падзеньне брытанскага кабінэту ў 1855 годзе.
Дзякуй Богу, няма ні найменшай верагоднасьці таго, што брытанскую армію адправяць на другую бітву за Севастопаль. Скажам шчыра: нестабільнасьць ва Ўкраіне не закранае нашы жыцьцёвыя інтарэсы.
Падобна таму, як было выкрытае багацьце Януковіча, мы можам праліць сьвятло на таемную маёмасьць Пуціна. У расейскага лідэра ёсьць уласнасьць, на фоне якой сядзіба Януковіча падасца досыць сьціплай.
Для Пуціна і яго прыяцеляў кашалёк −0 самая ўразьлівая частка цела. Да таго ж ўдар па кашальку −0 удар па іх асабіста.
La Stampa
«Занадта позна спыняць Цара. Украіна ў выніку будзе падзелена»
«Памылка паўстала пры Бушы, калі ён сказаў, што ўбачыў душу Пуціна і зразумеў, што яму можна давяраць, але пры Абаму гэтая слабасьць толькі пагоршылася. Зараз занадта позна, каб ратаваць Украіну, якая, хутчэй за ўсё, будзе падзеленая. Што тычыцца будучыні, то мы павінны прыняць той факт, што дыялёг і „перазагрузка“ з Масквой немагчымыя», — упэўнены Рычард Пэрл, адзін з самых аўтарытэтных дарадцаў ў адміністрацыі Буша. «Было наіўным давяраць Пуціну. Для яго крах СССР стала самай вялікай катастрофай у гісторыі, і цяпер ён хоча ўсё выправіць. Вакуум амэрыканскага лідэрства і няўпэўненасьць Эўропы ў выдзяленьні грошай, неабходных для выратаваньня Кіеву, адкрылі яму дзьверы».
«Цяпер трэба зразумець, ці задаволіцца Пуцін кантролем над Крымам або накіруе войскі, каб захапіць усю ўсходнюю частку, дзе пражывае насельніцтва рускага паходжаньня», — кажа Пэрл.
На пытаньне, што можа спыніць Пуціна, былы дарадца Буша адказаў: «Нямногае, і я ня думаю, што ЗША і ЭЗ маюць жаданьне зрабіць нават гэта нямногае, іншымі словамі, увесьці жорсткія эканамічныя санкцыі. На дадзены момант я ўпэўнены, што падзел Украіны на расейскую зону і тую, што хоча зьвязаць свой лёс з Эўразьвязам, непазьбежны».