Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фаўст» Гётэ пра Лукашэнку ў Эўропе


У Беларусі яшчэ не ўсьвядомілі, што адбылося ў апошнія дні.

А адбылося тое, што Лукашэнка ўжо не апошні дыктатар Эўропы, не парыя, якой сусьветным лідэрам агідна падаваць руку. Канешне, ён застаецца дыктатарам, гэтага званьня зь яго ніхто не здымаў, але ён ужо асоба менш небясьпечная – у цені, ва ўспрыманьні Захаду, пэрсоны куды больш маштабнай у сваёй злавеснасьці.

І цяпер ён можа сказаць: добра, я згодны: я прыціскаю апазыцыю, у мяне няма свабоды прэсы, вы нават закідаеце мне зьнікненьне некалькіх апанэнтаў. Але ў мяне войска ў 60 тысяч і такая ж міліцыя – і што, хоць адзін салдат перайшоў мяжу? Я накіраваў дывізіі на Вільню? Рушыў калёны БТРаў на Беласток? Даслаў дэсант у Смаленск? Гэта я паставіў пад сумнеў ўсю сыстэму міжнароднай бясьпекі? Гэта мяне папракаюць у пагрозе Трэцяй сусьветнай вайны? Гэта з-за мяне ў вашых штабах цяпер пралічваюць, колькі тысячаў ці дзесяткаў тысяч жыцьцяў вашых грамадзянаў можа каштаваць прымус вашага колішняга партнэра па самітах (куды мяне не пускалі) да міру? А вы ўсё – ах, у Віцебску пікетчыку фінгал паставілі, ах, у Горадні журналісту камэру разьбілі...

Спрачацца з гэтым будзе цяжка. (Я не кажу, што немагчыма ці тым больш, што ня трэба. Ды і не ў Эўропе тут справа – справа ў Беларусі). Але што бясспрэчна – з улікам ўстойлівага рэфлексу эўрапейскай супольнасьці да замірэньня з Лукашэнкам, новая сытуацыя адчыняе перад ім пэрспэктывы хаця пакуль і туманныя, але патэнцыйна заманлівыя. Як бы яго яшчэ не папрасілі выступіць у ролі пасярэдніка паміж Масквой і Кіевам. А там, глядзіш, у выпадку посьпеху – і Нобэлеўская прэмія міру...

9 верасьня 2001 году ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія «выбары», фальсыфікацыі якіх назаўтра сталі тэмай першых палос вядучых заходніх газэтаў. А праз дзень было 11 верасьня, і пра Лукашэнку ўжо ня ўзгадвалі. Прыгадваюцца і іншыя супадзеньні.

Супадзеньні?

У такія моманты рука цягнецца да класыкі – напрыклад, да «Фаўсту» Гётэ. Усё ж, насуперак Іосіфу Вісарыёнавічу, у тэме ўзаемаадносінаў чалавека і д'ябла «посильнее» гэтай «штуки» нихто яшчэ нічога не напісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG