Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Апіёк: Партрэт Домрачавай блізкі да завяршэньня


Дар’я Домрачава ў часе цырымоніі ўзнагароджаньня
Дар’я Домрачава ў часе цырымоніі ўзнагароджаньня
Перамогі беларускіх алімпійцаў у Сочы ўлада працягвае выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах. Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся паслаць па трыюмфатараў прэзыдэнцкі самалёт і арганізаваць ім пышную сустрэчу ў Палацы незалежнасьці. Тым часам украінскія спартоўцы на знак салідарнасьці з абаронцамі Майдану здымаюцца са спаборніцтваў.

За некалькі дзён да заканчэньня Алімпіяды беларусы ўдвая перавысілі колькасныя паказьнікі папярэдніх гульняў у Ванкувэры. А што да якасьці ўзнагародаў, то пра пяць залатых мэдалёў наўрад ці хто нават марыў. Выглядае, што больш мэдалёвая скарбонка наўрад ці папоўніцца, калі толькі ня здарыцца цуду ў жаночай эстафэце.

Лукашэнка сам парупіўся пра тое, каб пераможцаў сустрэлі як мае быць: з партрэтамі, транспарантамі, лёзунгамі. Старшыні Менгарвыканкаму Мікалаю Ладуцьку загадана аформіць вуліцы і падрыхтаваць сьвяточную ілюмінацыю. У Палац незалежнасьці дзеля ўрачыстасьцяў даставяць нават роту ганаровай варты.

Найбольшыя дытырамбы ляцяць у бок Дар’і Домрачавай. Сьледам за званьнем Героя Беларусі чыноўнікі прапануюць неадкладна ўвекавечыць вобраз чэмпіёнкі ў творах мастацтва. З такой ініцыятывай выступіла старшыня камісіі Менгарсавету па адукацыі, навуцы, культуры і спорце Ганна Старавойтава, і яе пачулі. Так, мастак Мікалай Апіёк, які маляваў розных дзеячаў, уключна з галоўнакамандуючым Лукашэнкам, апавёў, што ягоны варыянт жывапіснай Домрачавай — практычна гатовы:

«Ня толькі асабіста сачу за Алімпіядай, але як толькі Дар’я выйграла першую гонку, зрабіў эскізы. Думаю, што гэтыя працы будуць прадстаўленыя на выставе, прысьвечанай ужо нашым гульням — чэмпіянату сьвету па хакеі. А ўвогуле я вельмі абураны каналам „Эўраньюс“: ніводнага слова пра нашу Дар’ю! Сволачы, інакш ня скажаш. Наўмысна хаваюць яе ад Эўропы! Слухайце, чалавек узяў тры залатыя мэдалі, дык яна што, пасьля гэтага не герой нацыі? Яна насамрэч годная найвышэйшага званьня — Герой Беларусі, бо гэта самы галоўны герой усіх Алімпійскіх гульняў».

Карэспандэнт: «Таямніцу выдасьце? Будзе партрэт ці яна бяжыць па трасе?»
Яна ў мяне ў поўны рост, са сьцягам за сьпінай, які лунае, як крылы. А ў гарызанталі — стрэльбішча

«Не, я раблю кампазыцыйны момант. Тут трэба злучыць і стральбу, і бег, і пераможны фініш. Гэта ж палотнішча, на якім павінен быць адлюстраваны ўвесь від спорту. Проста бяжыць — гэта адно. Але я раблю момант трыюмфу, калі чалавек дасягнуў сваёй мэты. Ён перамог, ён крычыць. Яна ў мяне ў поўны рост, са сьцягам за сьпінай, які лунае, як крылы. А ў гарызанталі — стрэльбішча. Як бы другі плян, які раскрывае гэты від спорту. Такая вось задума. І паколькі эскіз ужо зроблены, то я прыступлю да працы неадкладна, пакуль ёсьць гарэньне, энтузіязм. Бо ўся рэспубліка павінна прыйсьці ў захапленьне за сваю зямлячку. Я б так падсумаваў».


На тле гістэрыі з пампэзнымі ўганараваньнямі зусім іншыя настроі ў штабе каманды Ўкраіны. Сёньня ў Сочы адбыўся пазачарговы збор алімпійцаў на чале з прэзыдэнтам НАК Украіны Сяргеем Бубкам. Спартоўцы, трэнэры і сябры дэлегацыі хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць загінулых суайчыньнікаў, выказалі словы спачуваньня родным і блізкім ахвяраў, а таксама зазначылі, што глыбока смуткуюць з прычыны трагічных падзеяў на роднай зямлі. Дзень жалобы ва Ўкраіне яны падтрымалі, павязаўшы чорныя стужкі на дзяржаўных сьцягах у Алімпійскай вёсцы. Заклік грамадзкіх арганізацыяў спыніць удзел у Алімпіядзе пачуты, але ўсё аддадзена на волю саміх атлетаў. Пакуль што пра вяртаньне дадому заявіла толькі гарналыжніца Багдана Мацецкая.
Чорныя стужкі на ўкраінскіх сьцягах у Алімпійскай вёсцы
Чорныя стужкі на ўкраінскіх сьцягах у Алімпійскай вёсцы

Этнічныя ўкраінцы ёсьць і ў беларускай зборнай, перадусім трэба назваць залатых трыюмфатараў Сочы-2014 фрыстайлістаў Алу Цупер і Антона Кушніра. Абодва перабраліся з Роўна ў Менск крыху больш за 10 гадоў таму, але самыя блізкія людзі па-ранейшаму жывуць ва Ўкраіне. Родная сястра Алы, Натальля, чакае яе дома на наступным тыдні. Ад пачатку Алімпіяды разам з маці Ганнай Васільеўнай яны даглядаюць паўтарагадовую дачку Алы. Чым гатовы сустрэць горад сваю нараджэнку?

«Ну, больш-менш у нас пакуль усё нармальна, ня так, як у Кіеве, зразумела. Хоць за ўвесь Кіеў таксама не магу сказаць, бо глядзім адтуль толькі навіны. Але ў Роўна збольшага ўсё нармальна. Жалоба, вядома, па людзях, якія загінулі. А так, тфу-тфу, пакуль нічога, вялікіх эксцэсаў не было».

Карэспандэнт: «Натальля, як лічыце, ці варта ўкраінскім спартоўцам дачасна завяршыць выступы ў Сочы?»
Палітыка — яна заўсёды была, ёсьць і будзе, а такая вялікая спартовая падзея адбываецца ня кожны дзень

«Для многіх гэта падзея ўсяго жыцьця, таму трэба ўсё ж выступіць да канца. Палітыка — яна заўсёды была, ёсьць і будзе, а такая вялікая спартовая падзея адбываецца ня кожны дзень. Украіну ж таксама трэба падтрымліваць мэдалямі, добрымі выступамі; людзі рыхтаваліся, чакалі гэтай падзеі. Я ня думаю, што калі спартоўцы вернуцца, нешта рэзка зьменіцца. А ім трэба свой вынік паказаць, бо гэта спорт. Але гэта ў сваім родзе таксама і палітыка. Трэба людзям крыху ўзьняць настрой і нарэшце выйграць золата. Каб хоць нейкія добрыя навіны былі».

Карэспандэнт: «Ці маленькая Ліза пазнавала маму ў тэлевізары?»

«Вядома, глядзела выступы, Алу адразу пазнала: „Мама, мама!“ І на фатаграфіях пазнае — мама. Таму з гэтым усё нармальна: здымкі паказваем, пра ўсё расказваем. Дый Лізе тут няма калі асабліва сядзець і па маме сумаваць, таму што ў мяне таксама маленькая дачка, ім тут удзьвюх весела. Маёй Валерыі чатыры годзікі было, а Лізцы — паўтара. Дык малая Ліза за маёй усё паўтарае, гуляюць, танцуюць, усё добра. Бывае, Валерыя паказвае Лізе на мяне — а гэта хто? Бо я ж не кажу, што мама, кажу — Наташа. А яна — мама! Кажу: ну, Ліза, табе пашчасьціла, у цябе адразу дзьве мамы — мама Ала і я».

Паводле папярэдніх зьвестак, беларуская дэлегацыя вернецца ў Менск у панядзелак 24 лютага. Праўда, уганараваная «эліта» — з камфортам прэзыдэнцкім бортам № 1, а «лузэры» — разам з простым людам рэгулярным рэйсам з Сочы.
XS
SM
MD
LG