Саладзей за цукар
Стэвія (батанічная назва Stevia Rebaudiana Bertoni) паходзіць зь сямейства астравых і родам з Парагваю. Стэвія таксама вядомая як «мядовая спэцыя». Салодкасьць гэтай расьліны ўтрымліваецца ў лісьці. Лісьце можна ўжываць у ежу сьвежым або сушаным. Менавіта так стэвію калісьці ўжывалі індзейцы племя Гуарані на тэрыторыі сучасных Бразыліі і Парагваю. У сучаснай харчовай прамысловасьці з дапамогай працэсу экстракцыі зь лісьця стэвіі здабываюцца салодкія злучэньні, так званыя гліказіды. Самы салодкі гліказід зь лісьця стэвіі – Рэбаўдзіазід А, скарочана Рэб А. Чысьціня экстракту ўказваецца ў працэнтах. Чым вышэй працэнт, тым саладзейшы смак. Рэб А 95% – гэта самы распаўсюджаны варыянт. Дарэчы, ён у 400-450 разоў саладзейшы за цукар (ці нават мёд).
Стэвія – адзіны натуральны салодкі прадукт зусім без калёрый
Гліказіды стэвіі бясьпечна выкарыстоўваюцца на працягу больш за 30 гадоў у якасьці падсалоджвальнікаў. Стэвія традыцыйна ўжываецца ў Парагваі і Бразыліі для лячэньня цукровага дыябэту другога тыпу. Увосень 2011 году Эўрапейскі зьвяз ухваліў выкарыстаньне расьліннага падсалоджвальніка стэвіі ў харчовай прамысловасьці ў Эўропе. Дапушчальная сутачная норма (ДСН) стэвіі паводле рэкамэндацыі Эўрапейскага ведамства па бясьпецы харчовых прадуктаў складае 4 мг на 1 кг масы цела. Стэвіі як падсалоджвальніку дадзены нумар E960. У Эўропе дапускаецца выкарыстаньне толькі падсалоджвальніка стэвіі, сама расьліна яшчэ афіцыйна не дапушчаная да спажываньня, таму што патрабуецца далейшае дасьледаваньне.
Нават пры тым, што лісьце стэвіі мае выразна салодкі смак, яно ня ўтрымлівае калёрый. Да таго ж, яно багатае на карысныя для здароўя рэчывы, такія як β-каратын, тыямін (вітамін В1), рыбафлавін (вітамін В2), розныя тэрпэны і флаваноіды. Нулявая калярыйнасьць стэвіі можа быць карыснай для асоб, якія пакутуюць ад атлусьценьня і дыябэту. Перавага стэвіі перад штучнымі замяняльнікамі цукру (напр. сахарозай) у тым, што яна не прыводзіць да інфэкцый ці расстройстваў страўніка і карыесу.
На сёньняшні дзень клінічныя дасьледаваньні дэманструюць здольнасьць стэвіі паніжаць узровень цукру ў крыві як у людзей здаровых, так і ў хворых на цукровы дыябэт.
Буйнамаштабныя дасьледаваньні на добраахвотніках таксама паказалі, што стэвія аказвае станоўчы ўплыў на крывяны ціск у людзей з гіпэртаніяй.
Як ужываць
Падсалоджвальнік са стэвіі існуе ў розных формах: у выглядзе кропляў, пудры з дабаўленьнем інуліну, канцэнтраванай пудры, таблетак. Як правіла, пудру з дабаўленьнем інуліну можна ўжываць у прапорцыі 1:1 да цукру, як раіцца ў рэцэпце. З кроплямі і таблеткамі мусіце быць асьцярожнымі, бо яны занадта салодкія – пачынаць трэба з адной адзінкі. Тое самае датычыцца і канцэнтраванай пудры: адной чайнай лыжкі можа хапіць на цэлы салодкі пірог або торт. Лісьце можна сушыць і ўжываць зьмельчаным у парашок. Але, як я ўжо адзначала, паводле эўрапейскіх нормаў сама расьліна яшчэ афіцыйна не дапушчаная да спажываньня.