Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі Горадні: «У нас усё магчыма: могуць нават савецкі закон аб спэкуляцыі вярнуць...»


Кідаецца ў вочы, як шмат пустых гандлёвых месцаў на рынку «Цэнтральны» ў Горадні
Кідаецца ў вочы, як шмат пустых гандлёвых месцаў на рынку «Цэнтральны» ў Горадні

Індывідуальныя прадпрымальнікі на гарадзенскіх рынках занепакоеныя: увядзеньне дзяржавай новых суправаджальных дакумэнтаў на тавар, які ўвозіцца ў краіну, можа спыніць іхні бізнэс і пазбавіць працоўных месцаў.

Занепакоенасьць у гарадзенскіх прадпрымальнікаў узьнікла пасьля таго, як на мінулым тыдні на рынку зьявіліся кантралёры і пачалі высьвятляць, хто з прадпрымальнікаў зможа працаваць ва ўмовах поўнай сэртыфікацыі свайго тавару.

Абмяркоўваючы сытуацыю, прадпрымальнікі ня бачаць выйсьця для свайго бізнэсу. Адзін зь іх кажа, што тлумачыў кантралёрам: са сваімі аб’ёмамі тавару прадставіць сэртыфікат ён фізычна ня можа. Тыя нібы разумеюць сытуацыю.

Спадар: «У мяне швэдры жаночыя аднолькавыя па дзьве-тры штукі, максымум пяць, і больш я іх не павязу. Кантралёрка мне сказала: так, разумею, што ўсе дакумэнты вы проста фізычна ня можаце прадставіць».

Цікаўлюся — чаму гэта нерэальна? Вось што мне тлумачаць іншыя прадпрымальнікі:

«Рэальна атрымаць сэртыфікат на маскоўскай фірме, калі ты набіраеш тавару на 100 тысяч даляраў. А на рынку, які ў Расеі дзейнічае таксама законна, ніякіх дакумэнтаў ніхто не выдае. Можна купіць фальшывыя за 300 рублёў, але калі іх тут выявяць, то крымінальная адказнасьць і канфіскацыя ўсяго тавару».

Яшчэ адзін прадпрымальнік кажа, што на малую частку тавараў яны ўжо цяпер бяруць законныя сэртыфікаты, але гэта драбніца, бо на большасьць тавараў іх даць ня могуць. І новыя правілы пазбавяць пакупнікоў якраз танных тавараў:

«Таму што робіцца гэта ўсё ў Кітаі і ідзе па чорных зонах, фірмы там таксама незарэгістраваныя. А ў рускіх, адкуль мы прывозім гэты тавар, такога да 60%».

Нашу размову падсумоўвае спадарыня, якая гандлюе жаночым адзеньнем:
Мяркую, што на гэтым можа і скончыцца наш бізнэс

«Мяркую, што на гэтым можа і скончыцца наш бізнэс, бо мы не настолькі буйныя прадпрымальнікі, каб справіцца з тым тузінам дакумэнтаў, якога ад нас патрабуюць. Мы ні фізычна, ні фінансава ня можам іх атрымаць».

Яшчэ адна спадарыня паказвае мне на пустыя гандлёвыя рады. Кажа, што прадпрымальнікаў апошнім часам значна паменела, бо вельмі адчувальна зьнізілася пакупніцкая здольнасьць насельніцтва:

«У лепшым выпадку прадаеш гэта за свае грошы, каб хоць нешта вярнуць. Во, бачыце, колькі пустых месцаў? Большасьць адпачынкі пабралі альбо працуюць толькі ў выходныя, пазбаўляюцца зімовых рэчаў, каб не залежваліся. А заробку практычна няма. Вось такі бізнэс...»

Спадар: «У нас у Горадні вельмі многія пакідаюць рынак. Вось побач пустыя месцы: Валянціна Дзьмітрыеўна кінула, а вось тут Люба працавала і таксама сышла. Умовы вельмі жорсткія становяцца. Нават калі ўзяць сацыяльнае страхаваньне, то за бальнічныя плацяць капейкі, што не захочаш і хварэць. Ды вось мая жонка кінула гандаль і пайшла працаваць за два мільёны, бо не захацела такога шчасьця тут».
Мая жонка кінула гандаль і пайшла працаваць за два мільёны, бо не захацела такога шчасьця тут

Спадарыня: «У моладзі, магчыма, і ёсьць выбар — знайсьці новую працу. Але большасьці з нас, хто гандлюе на рынку, за 50, і нешта новае ў жыцьці ўжо знайсьці вельмі цяжка».

Адзін з прадпрымальнікаў кажа, што за гады існаваньня рынку давялося ўжо перажыць магчымае і немагчымае. Узгадвае, што многія пакідалі рынак, нават папрадавалі кватэры і ўжо доўгі час жывуць і працуюць у іншых краінах. А тыя, хто яшчэ застаўся, чакаюць канчатковага ўказу Лукашэнкі.

Спадар: «Карацей, адным указам можна вярнуць закон аб спэкуляцыі, які існаваў у Савецкім Саюзе, і ўсе перастануць працаваць. Тут усё магчыма, нават тое, што празь некалькі гадоў можа быць, як у Паўночнай Карэі, могуць і межы перакрыць. Бо ў нас усё робіцца адным указам. Дастаткова толькі, каб Пракаповіч ці яшчэ нехта на вуха нашаптаў — і ўсё можа стаць рэальнасьцю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG