Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выбарчых камісіях усё тыя ж людзі, «з досьведам»


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Працэдура фармаваньня ўчастковых камісіяў на мясцовых выбарах у Беларусі «застаецца негалоснай і закрытай для грамадзкага кантролю».

Да такой высновы прыйшлі арганізатары кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», — паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Ён адзначыў, што лічыць бюлетэні сёлета будуць, за невялікім выключэньнем, тыя ж самыя асобы, што і на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе. А калі прадстаўнікі апазыцыі спрабавалі даведацца, чаму іх не ўключылі ў камісіі, у адказ яны нярэдка чулі: «З-за адсутнасьці папярэдняга досьведу такой працы».

Доля апазыцыянэраў, якім дазволілі лічыць галасы, ад выбараў да выбараў зьмяншаецца. Сёлета іх толькі 0,03% ад агульнай колькасьці сябраў камісіяў. На парлямэнцкіх выбарах 2012 году адпаведная лічба складала 0,1%, а на прэзыдэнцкіх 2010 году — 0,26%.

Калі параўнаць працэнт «праходнасьці» сябраў апазыцыйных і праўладных партыяў у склад участковых камісіяў на гэтых выбарах, то робіцца відавочнай значная дыспрапорцыя — 5,6% ад апазыцыі і 86% ад ляяльных уладам.

Паводле назіраньняў праваабаронцаў, асноўную колькасьць прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі накіравала так званая вялікая пяцёрка праўладных грамадзкіх арганізацыяў: Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, «Белая Русь», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларускі саюз жанчын» і Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў.

Мясцовыя выбары прызначаныя на 23 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG