Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хай сабе жыве Алімпіяда. І хакей


Віктар Дзятліковіч
Віктар Дзятліковіч

Я пішу гэты блог пад прымусам. Пісталет не прыстаўлены мне да скроні. Але ён цаляе мне ў лоб з манітора кампутара.

Сацыяльныя сеткі, «жывыя дзеньнікі» і ўвесь астатні інтэрнэт патрабуе ад мяне вызначыцца нарэшце: дык за Алімпіяду я ці супраць, па які бок барыкадаў, за сьвятло ці за цемру? І немагчыма застацца недзе побач, нэўтральным назіральнікам. Бо ўсе астатнія ўжо вызначыліся – што ў Маскве, што ў Менску.

Вось Аляксей Навальны супраць «алімпійскай» карупцыі, але за расейскіх спартоўцаў на Алімпіядзе. А паважаны мной Віктар Шэндэровіч – і супраць карупцыі і супраць Алімпіяды. І Юлія Латыніна супраць. А блогер Варламаў, што ўзбаламуціў апошнімі днямі беларускую благасфэру, хоць і апазыцыянэр быццам бы, але – «за», і нават прабег з алімпійскай паходняй колькі сотняў мэтраў. Уладзімер Някляеў сочыць за Алімпіядай і, як я зразумеў, жадае перамогі нашым спартоўцам. А Ірына Халіп шкадуе пра ідэйныя нязгоды са сваім малым сынам: той «жадае, каб Домрачава перамагла».

Ясна, што ў Беларусі дыскусія набярэ найвялікшую моц бліжэй да чэмпіянату сьвету па хакею. Аднак вызначыцца трэба ўжо зараз. І таму прызнаю: у нядзелю, 9-го лютага, я жадаў Домрачавай перамогі, і надалей жадаць буду. Больш за тое – я не лічу, што хакейны чэмпіянат сьвету ў Беларусі станецца вялікай трагедыяй для лёсу беларускай дэмакратыі. Замала? Тады так: хай нават зборная Беларусі выйграе гэты чэмпіянат – я буду толькі рады.

Аргумэнты, якія я чую ад людзей з супрацьлеглай думкай, добра вядомыя. Можа не прыгадаю ўсе, але хопіць і двух асноўных:

– Пры сучасным стане эканомікі Расеі (Беларусі) амаральна траціць дзясяткі мільярдаў (мільёнаў) на такія спартовыя падзеі.

– Спаборніцтвы кшталту Алімпіяды (чэмпіянату сьвету) задумляюцца дыктатарамі выключна для легітымізацыі сваёй улады; любыя перамогі спартоўцаў граюць на ўзмацненьне рэжыму праз падвышэньне рэйтынгу недэмакратычных лідэраў. Такім чынам народныя грошы працуюць супраць магчымых дэмакратычных зьменаў у грамадзтве.

На першым пункце доўга спыняцца ня буду. Бо зь ім усё зразумела: калі ўлада амаральная, нішто не перашкодзіць ёй патраціць любыя грошы на тыя мэты, на якія яна пажадае. Як сьвіньня знойдзе бруд, так і карупцыянэр знойдзе, дзе скрасьці. Наіўна думаць, што сочынскія мільярды ці менскія мільёны пры іншых абставінах пайшлі б выключна на добрыя справы.

З другім пунктам таксама ўсе ня вельмі складана. Але на ім спынюся крыху падрабязьней.

Першае і галоўнае: ніякая Алімпіяда не надзяляе неўміручасьцю, як бы хто гэтага не баяўся. Не надзяляе яна неўміручасьцю ня толькі людзей, але й палітычныя рэжымы.

Савецкі Саюз разваліўся праз 11 гадоў пасьля Масквы-80. У момант развалу савецкай імпэрыі ніхто ня ўзгадваў пра нейкую там Алімпіяду. Эканамічным чыньнікам, што спрычыніліся да развалу Саюзу, было неяк чхаць на ўсе іміджавыя перамогі СССР, нават калі ён іх і атрымаў у 1980-м годзе.

Бэрлінская Алімпіяда-1936 адыграла нейкую ролю ў ідэалягічнай падтрымцы нацысцкага рэжыму пад час ягонага станаўленьня. Але ж Трэці рэйх паўстаў бы нават у выпадку, калі б алімпійскую гонку тады выйграў Дублін ці Александрыя, другой сусьветнай вайны ўсе адно было не мінуць, а чым усё скончылася, мы ведаем.

У 1968-м годзе рэжым Дыяса Ордаса ў Мэксыцы за дзесяць дзён да Алімпіяды расстраляў сотні студэнтаў, што выйшлі на вуліцы пад лёзунгам «Мы не жадаем Алімпіяды! Мы жадаем рэвалюцыі!». Дыяс Ордас сышоў з пасады прэзыдэнта праз два гады. Так, рэжым, на чале якога сталі ягоныя паплечнікі, пратрымаўся яшчэ больш за тры дзесяцігодзьдзі, але ці дзякуючы Алімпіядзе? І так – паплечнікам Дыяса Ордаса (ён сам памёр у 1979-м) усё ж прыйшлося адказваць у судзе па абвінавачваньню ў генацыдзе, хай і адбылося гэта ўжо ў XXI стагодзьдзі. І на тым працэсе ніхто з адвакатаў не выкарыстоўваў аргумэнты: «Але ж якую цудоўную Алімпіяду правялі гэтыя людзі…»

Другое. Ніякія спартовыя перамогі не ўмацуюць рэжым, калі грамадзтва гатовае да пераменаў і жадае іх. Віктар Януковіч правеў у 2012 годзе чэмпіянат Эўропы па футболе. Чаму ж яму зараз так няёмка на пасадзе прэзыдэнта Украіны?

Я спэцыяльна не вывучаў украінскія блогі, але нешта мне падказвае, што там не дыскутуецца пытаньне стаўленьня да алімпійскай узнагароды Віты Семярэнкі. Бо нікому ў галаву ня прыйдзе ставіць палітычны лёс «дыктатара» Віктара Януковіча ў залежнасьць ад посьпехаў украінскіх алімпійцаў.

Дарэчы, Расея ўжо перажывала хвалю спартовага патрыятызму, калі выйграла бронзу на чэмпіянаце Эўропы па футболе ў 2008 годзе. Але гэта ніяк не зашкодзіла зьяўленьню фэномэну Балотнай плошчы празь некалькі год.

Дык навошта пужацца хакейнага чэмпіянату сьвету і нават годнага выступу на ім зборнай Беларусі? Так, трэба выкарыстоўваць гэтую нагоду, каб дамагчыся ад Аляксандра Лукашэнкі палітычных саступак, найперш – вызваленьня палітвязьняў. Так, трэба ўзмацняць ціск на рэжым, але ня варта апраўдваць фактам правядзеньня чэмпіянату сьвету ці магчымай (і, спадзяюся, не адной) перамогай Дар’і Домрачавай уласную палітычную пасіўнасьць ды няздольнасьць арганізаваць моцны грамадзянскі супраціў. Такі, каб палітычны лёс Аляксандра Лукашэнкі ані на грам не залежаў ад колькасьці шайбаў, што заб’юць у траўні сваім супернікам беларускія хакеісты.
XS
SM
MD
LG