Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічна мы слаба разьвітыя — гамельчукі


Гомельшчына
Гомельшчына
Як вы ацэньваеце эканамічную палітыку беларускай улады? Ці ў правільным кірунку разьвіваецца айчынная эканоміка? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: «Ацэньваць яе складана. Самыя дзейсныя ацэнкі будуць усё-ткі ад экспэртаў. І пажадана ад міжнародных, а не сваёй гадоўлі — МВФ там ці нейкіх іншых рэйтынгавых арганізацыяў. Адчуваецца такая няпэўнацьць, нэрвовасьць. Стабільнасьці няма, і гэта таксама ўсе адчуваюць».

Спадар: «Эканамічная — у горшы бок. Адчулі на сабе. Заробак не дабаўляюць ўжо доўга. І затрымліваюцца — аванс і заробак».

Спадар: «Мяне задавальняе. І цэны задавальняюць, і заробак. Праца ёсьць».

Спадарыня: «Я не эканаміст, але па ўмовах жыцьця магу сказаць, што эканамічна мы слаба разьвітыя. Людзі атрымліваюць капейкі. Я як малады спэцыяліст і мае сябры на тыя грошы, якія мы атрымліваем, пражыць нельга. Гэта 2 мільёны. І, напрыклад, калі гэта хлопец і ён хоча стварыць сям’ю, то за 2 мільёны пракарміць яе немагчыма. Гэта ўсё, лічу, зьвязана з нашай эканомікай».

Спадар: «Даражэе пакуль усё. Трэба прасоўваць правільныя галіны эканомікі. У нас нібыта ўран ёсьць. Трэба распрацоўваць і атрымаецца, можа, нешта добрае. Золата, кажуць, знайшлі. У Прыпяцкім прагібе — ён глыбокі, і там можа быць шмат нафты, якую яшчэ не знайшлі. У нас шмат солі, але мы здабываем яе мала — у параўнаньні з тым, што маецца».

Спадарыня: «Канечне, у правільным. Паспрабуйце толькі сказаць штосьці ня так. Думаю, куды вядуць, туды нам і трэба. Больш нічога не скажу».

Спадар: «Адзін-два пілуюць, а сем чалавек кантралююць вытворчасьць».

Спадарыня: «Эканоміка крыху кульгае, але нічога, жывём. Як мы раней жылі, у нашыя гады? Цяпер мы можам сабе дазволіць кудысьці зьезьдзіць, штосьці купіць. Дзякуй нашаму прэзыдэнту — мы задаволеныя».

Спадар: «Думаю, нешта тут няправільна ў нас. Штосьці ў нас ня склейваецца ў эканоміцы. Інфляцыя расьце й расьце. Цэны растуць і растуць. А заробак у мяне стаіць на адным месцы. Нават інфляцыя не кампэнсуецца. Думаю, што тут няправільна штосьці. Хутчэй за ўсё, трэба ў вярхах разьбірацца, а не ў нізах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG