Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сочы, да Пуціна


Кіраўнік Беларусі ляціць у Сочы. Пра гэта сёньня паведаміла прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі. У кампаніі з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным ён будзе назіраць за адкрыцьцём зімовай Алімпіяды. Хто яшчэ з кіраўнікоў краін наведае Сочы, а хто запрашэньне з Масквы праігнараваў?

6 лютага, за дзень да ўрачыстага адкрыцьця зімовых Алімпійскіх гульняў, расейскія мэдыі распаўсюдзілі заяву міністра спорту Расейскай Фэдэрацыі Віталя Мутко:

«У Ванкувэры было каля 12 кіраўнікоў дзяржаваў, у нас у Сочы будзе да 70. Так, можа, хтосьці не прыедзе. Але ж у кожнага кіраўніка дзяржавы свае пляны, свае погляды... Адносна кіраўнікоў дзяржаваў, дык вы яшчэ пабачыце, колькі іх будзе. Ня думаю, што на якойсьці яшчэ Алімпіядзе іх было столькі».

Насамрэч у канадзкім Ванкувэры, на папярэдніх зімовых Алімпійскіх гульнях, кіраўнікоў дзяржаў было каля 30. Іншая справа, далёка ня ўсе вядучыя краіны тады былі прадстаўленыя першымі асобамі. Не наведалі Алімпіяду, напрыклад, прэзыдэнты ЗША, Нямеччыны, Расеі, каралева Вялікай Брытаніі... І ўсё гэта ўспрымалася спакойна — акрамя адсутнасьці тагачаснага расейскага прэзыдэнта Мядзьведзева. Дый на яго зьвярнулі ўвагу пераважна з тае прычыны, што кіраўнікі дзяржаваў-гаспадароў наступных гульняў традыцыйна ўдзельнічаюць у цырымоніі закрыцьця Алімпіяды, калі перадаецца алімпійскі сьцяг. Тады пісалі, што Мядзьведзеў быў моцна расчараваны правалам расейскіх алімпійцаў. Яны ў агульнакамандным заліку ўпершыню ня трапілі нават у першую дзясятку.

Цяжка сказаць, хто будуць тыя 70 першых асобаў, пра якіх заяўляе Віталь Мутко. Прасьцей назваць лідэраў краін, хто ўжо афіцыйна паведаміў, што не зьбіраецца ў Сочы. Гэта — прэзыдэнты ЗША, Францыі, Нямеччыны, Літвы ... У гэтым жа сьпісе — прэм’ер Вялікай Брытаніі, канцлер Нямеччыны...

«Адметнасьць іх адсутнасьці надае толькі адзін факт — тое, што Алімпіяда праводзіцца ў Расеі», — адзначае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі
«Відавочна, што гульні ў Сочы — вельмі важная справа для Ўладзімера Пуціна. Можна сьмела казаць, што гэта ягоны праект, што гэта ягоная Алімпіяда. І вось тое, што ня ўсе адгукнуліся на запрашэньне, адназначна сьведчыць: дачыненьні Расеі з Захадам сёньня складаныя. Нават пры ўмове, што Алімпіяда — гэта спартыўнае сьвята, а не палітычнае. І ключавыя фігуры на ёй — не палітыкі, а самі спартоўцы».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька параўноўвае гульні ў Сочы са сьвятам:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Гэта як нейкі юбілей, гадавіна, вясельле. І на яго зьяжджаюцца самыя блізкія сваякі. Хто блізкі ідэалягічны сваяк Пуціна, той і прыедзе. А той, хто далёкі, той, найхутчэй не прыедзе. І вось тое, што адбываецца такая канкурэнцыя, сьведчыць, што на сёньняшні дзень у прыродзе не існуе чыстага спорту, аддзеленага ад усяго астатняга — ад палітыкі, маралі, усяго іншага. Сёньня гэта ўсё вельмі моцна пераплятаецца.

А калі ўжо пачнуцца самі спаборніцтвы, то тады ўсё пераходзіць у плоскасьць — заўзеем за сваіх!».

Як паведаміў памочнік Пуціна ў пытаньнях зьнешняй палітыкі Юры Ўшакоў, прэзыдэнт мае намер з кожным кіраўніком дзяржавы сустрэцца двойчы: як у афіцыйным, так і ў неафіцыйным фармаце. А гэта азначае, што Аляксандру Лукашэнку гарантаваныя ў Сочы дзьве сустрэчы.
XS
SM
MD
LG