Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пароль «Парнат». Водгук: «84-11б»


Цяперашняя афіцыйная назва навучальнай установы — гімназія-каледж мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Неафіцыйная назва — «Парнат». 31 студзеня ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі адчынілася выстава выпускнікоў «Парнату» 30-гадовай даўніны.

Сёньня ніхто ня можа дакладна сказаць, адкуль і дзякуючы чаму ўзьнікла назва «Парнат». Хутчэй за ўсё, яна ўтварылася шляхам зьліцьця назвы вуліцы Парніковай і слова «інтэрнат», хоць можна ў ёй пачуць і водгалас назвы сьвятой гары Парнас. Гэтая школа-інтэрнат для адораных дзяцей паўстала больш за 50 гадоў таму з ініцыятывы славутых дзеячаў беларускага мастацтва — Рыгора Шырмы, Сяргея Каткова, Леаніда Шчамялёва і іншых, якія паставілі на мэце выяўляць дзяцей, адораных у выяўленчым мастацтве і музыцы, каб рыхтаваць іх да далейшага прафэсійнага навучаньня. Як адзначае падрыхтаваны да адкрыцьця выставы прэс-рэліз, на гэты час ва ўсім сьвеце наўрад ці знойдзецца такая краіна, дзе б ня жыў хоць адзін чалавек, для якога пароль «Парнат» — не пусты гук.

Задума правесьці першую ў гісторыі навучальнай установы выставу працаў выпускнікоў аднаго году ўзьнікла, як яно часта бывае, стыхійна. Ролю каталізатара выканаў Руслан Вашкевіч. Разам з мастацтвазнаўцай Тацянай Бембель яны распрацавалі канцэпцыю выставы. Былыя парнатаўцы, выпускнікі 11 «Б» клясы 1984 году, прадставілі свае творы ў самай рознай тэхніцы: жывапіс, мастацкая коўка мэталу, дызайн адзеньня, графіка, плякаты, драўляная скульптура і нават коміксы, якія маляваліся на пачатку 80-х. Сымбалем выставы зрабіўся звычайны батон.

— Гэта зусім не выпадкова, — патлумачыў былы парнатавец Алег Усьціновіч. — У інтэрнат батоны прывозілі адразу з хлебазаводу і складалі ў трох кніжных шафах, да якіх быў вольны доступ. Дзецям есьці хацелася заўсёды, і сьвежыя батоны нас ратавалі. На ўсё жыцьцё я запомніў дзівосны іх пах.

Частку экспазыцыі склалі так званыя парнат-аб’екты. Гэта рэчы, якія суправаджалі навучэнцаў інтэрнату праз гады: кніжная шафа з тымі ж батонамі, тумба пры ложку, скрыня накшталт тых, у якіх парнатаўцы атрымлівалі пасылкі з дому, скрутак пасьцельнай бялізны і нават ванна з глінай. Прычым ванна тая, кажуць, аўтэнтычная — на выставу яе прывезьлі з самога «Парнату».

Руслан Вашкевіч патлумачыў, што адкрыцьцё выставы аніяк не прывязвалася да традыцыйнага Дня выпускнікоў. Галоўным было паглядзець, што цяпер робяць аднаклясьнікі, якія пакінулі «Парнат» 30 гадоў таму.

— Выпускнікі «Парнату» — гэта свайго роду «спэцназаўцы», — адзначыла Тацяна Бембель. — Яны прайшлі выдатную падрыхтоўку. Шкада толькі, што ў самім будынку каледжа няма памятных таблічак з імёнамі тых, хто там выкладаў і вучыўся. Ня лішнімі былі б і таблічкі з імёнамі тых, каго ў свой час выключылі з інтэрнату з розных прычын, хоць пазьней яны зрабілі сабе імя ў беларускім мастацтве.

Дарэчы, сярод тых, хто вучыўся ў «Парнаце», але ня скончыў яго, былі Аляксандар Ісачоў, Сяргей Войчанка. Апошняга выключылі літаральна за тры месяцы да сканчэньня 11-й клясы…

Выстава «84-11б» будзе працаваць да 23 лютага. За гэты час выкладчыкі і цяперашнія навучэнцы каледжа ня раз прыйдуць у Гістарычны музэй дзеля практычных заняткаў. 1 лютага ў залі сустрэнуцца выпускнікі «Парнату» 1984 году, 13 лютага адбудзецца лекцыя-дыялёг Ганны Вашчынчук «Тэорыя і практыкі паўсядзённасьці», а 21 лютага — круглы стол «„Парнат“ і ягоная роля ў фармаваньні мастацкай эліты Беларусі».

Заснавальнікі джаз-групы Apple Tea Ігар Сацэвіч і Аляксандар Сапега — таксама выпускнікі «Парнату». 18 лютага група выступіць у каледжы з канцэртам. Прагучыць і п’еса Parnat Samba, прысьвечаная іхнай alma-mater.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:28 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG