Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў застаецца ў турме


Васіль Парфянкоў у судзе (архіўнае фота)
Васіль Парфянкоў у судзе (архіўнае фота)

У Менскім гарадзкім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі па справе палітвязьня Васіля Парфянкова. Судовая калегія Менгарсуду адмовіла ў задавальненьні просьбы Васіля Парфянкова — скасаваць прысуд раённага суду аб ягоным зьняволеньні ў калёніі строгага рэжыму і спыніць крымінальную справу.

У Менскім гарадзкім судзе інтарэсы асуджанага прадстаўляла адвакат Вольга Безбародкіна. Перад судовай калегіяй яна перадусім хадайнічала аб прызначэньні дадатковай наркалягічнай экспэртызы падчас стацыянарнай шпіталізацыі. Аднак гэтае хадайніцтва было адхіленае. Таксама Менгарсуд адмовіў і ў задавальненьні просьбы адмяніць прысуд першаснай судовай інстанцыі аб зьняволеньні ў калёніі строгага рэжыму на адзін год. Гаворыць Вольга Безбародкіна:

«Я падтрымлівала Васіля Парфянкова ў частцы накіраваньня на паўторную стацыянарную наркалягічную экспэртызу, бо папярэдняя амбуляторная праводзілася фармальна, за пяць хвілін. Таксама я падтрымлівала ягонае меркаваньне, што прысуд ад 5 сьнежня 2013 году, вынесены судом Першамайскага раёну, быў беспадстаўны і незаконны».

У 2012 годзе суд Першамайскага раёну асудзіў Васіля Парфянкова на шэсьць месяцаў арышту паводле артыкула Крымінальнага кодэксу аб парушэньні ўмоваў прафіляктычнага нагляду. Летась 5 сьнежня гэты ж суд асудзіў палітвязьня паўторна, але гэтым разам на год пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі строгага рэжыму і з прымусовым лячэньнем ад алькагольнай залежнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» па-ранейшаму заяўляе, што перасьлед Васіля Парфянкова матываваны палітычна. Гаворыць сябра «Вясны» Наста Лойка:

«Наша пазыцыя не зьмянілася ад моманту першага судовага працэсу над Васілём Парфянковым: мы расцэньваем яго як палітычна матываваны. Паколькі прэвэнтыўны нагляд і ўсе наступствы перасьледу наўпрост зьвязаныя з падзеямі „Плошчы-2010“ і носяць палітычна матываваны характар».

Тым часам сябры Васіля Парфянкова паведамляюць, што ў яго нарадзіўся сын і Васіль плянаваў згуляць вясельле са сваёй абраньніцай, але спраўдзіцца гэтым плянам перашкодзіла чарговае зьняволеньне. Сяброўка Васіля Парфянкова, кінадакумэнталістка Вольга Мікалайчык, зь якой палітвязень лістуецца, гэтак пракамэнтавала чарговы судовы вырак:

«Мне вельмі крыўдна і балюча, што змагар, добры, шчыры і сьветлы чалавек застанецца на год у турме, у жахлівых умовах, у канцлягерных, я б сказала. А ён вельмі здольны, таленавіты, мог бы рабіць карысныя справы, ён меў іншыя пляны адносна свайго асабістага жыцьця. А замест гэтага Васіль будзе сядзець у турме са злачынцамі. Я стамілася ўжо абурацца, проста разумею, у якой краіне мы жывем».

Васіль Парфянкоў быў першым асуджаным па «справе 19 сьнежня 2010 году». У лютым 2011 году яго асудзілі на 4 гады калёніі строгага рэжыму, а ў жніўні таго ж году вызвалілі праз памілаваньне. Цяпер ён адбывае паўторнае пакараньне — за парушэньне ўмоваў прафіляктычнага нагляду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG