Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: За кандыдатаў на мясцовыя выбары падпісваюцца неахвотна


У раённых цэнтрах Магілёўшчыны 26 студзеня вылучэнцы ў мясцовыя саветы ад партыі БНФ зьбіралі подпісы ў сваю падтрымку і пратэставалі супраць разьмяшчэньня расейскіх авіабазаў у Беларусі.

У Шклове ля мясцовага рынку пікет правяла выбарчая каманда сябра партыі БНФ Яраслава Фяско. За яго агітавалі пяцёра ягоных паплечнікаў і намесьнік старшыні партыі Рыгор Кастусёў. Паводле Кастусёва, за акцыяй апазыцыянэраў назіралі міліцыянты, але ёй не перашкаджалі. Партыец адзначае, што бальшыня наведнікаў рынка, калі знаёміліся з транспарантамі супраць расейскіх авіябазаў, то не разумелі пра што вядзецца гаворка. Прызнаваліся, кажа ён, што не валодаюць пра тое зьвесткамі.

Гэтую ж акалічнасьць адзначае і шклоўскі вылучэнец у дэпутаты Яраслаў Фясько. Ён, аднак, кажа, што большая частка, тых з кім ён пагутарыў, была супраць расейскіх авіябазаў:

«Палова выказвалася супраць. Людзі казалі, што нам не патрэбныя іхныя самалёты, а пагатоў, тыя, якія могуць несьці ядзерную зброю. Другая палова наагул ня ведала, пра што гаворка. Яны папросту не валодаюць інфармацыяй. Што да выбараў, то шклоўцы ведаюць, што такое мясцовыя саветы. Падпісваліся ж за мяне неахвотна, бо казалі, што малады».

У Быхаве, дзе за савецкім часам разьмяшчалася авіябаза, сябра партыі БНФ Сяргей Антонаў зьбіраў подпісы і пратэставаў супраць замежных войск у Беларусі. Паводле яго шмат хто ў Быхаве цяпер настальгуе па часах, калі тут была савецкая авіабаза. Рэакцыя ж на ягоны пратэст была стрыманая.

«Падыходзілі глядзелі і тут жа сыходзілі — нават не ўступалі ў палеміку, — кажа Сяргей Антонаў. — Вось у былым гарнізоне, там многія сумуюць па базах. Там упэўненыя, што калі база была, то афіцэрства несла культуру ў масы. Такія настроі ў гарнізоне. У самім жа Быхаве крыху іначай, але настальгіі хапае, бо авіябаза тады давала працу людзям».

26 студзеня, паводле Рыгора Кастусёва, партыя БНФ абвясьціла адзіным днём правядзеньня пікетаў са зборам подпісаў у падтрымку сваіх вылучэнцаў на дэпутацтва ў мясцовыя саветы і пратэстам супраць разьмяшчэньня расейскіх авіябазаў у Беларусі.

Палітык адзначае, што дзень 26 студзеня абраны невыпадкова. 550 гадоў таму пад час Лівонскай вайны адбылася бітва на раце Ўла, што пад Чашнікамі. Тады войскі Вялікага княства Літоўскага на чале зь Мікалаем Радзівілам разьбілі расейцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG