Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Літвінава: У Майдана другое дыханьне


Алена Літвінава
Алена Літвінава

У нядзелю ў цэнтры Кіева адбыліся жорсткія сутычкі паміж дэманстрантамі і сіламі правапарадку. А што адбываецца зараз? Радыё Свабода зьвязалася з журналісткай Аленай Літвінавай, якая знаходзіцца ў Кіеве.

​Літвінава: У гэты момант на вуліцы Грушэўскага, дзе якраз разьмяшчаецца ўрадавы квартал, працягваюцца сутычкі. Але яны носяць лякальны характар. Прыблізна за 10 мэтраў ад міліцэйскага блёк-посту група маладых людзей, як і раней, працягваюць закідваць міліцыю камянямі, ім міліцыя адказвае сьветлашумавымі гранатамі і гумавымі кулямі. На наступнай лініі стаяць прыкладна 5 тысяч чалавек, якія ці назіраюць ці дапамагаюць зьбіраць камяні гэтым хлопцам.

Экспэрты кажуць, што арганізацыя, якая ладзіць гэтыя сутычкі ва ўрадавым квартале, стварылася ў выніку распаду больш вядомай арганізацыі «Братэрства». Гэтыя людзі адкалоліся і стварылі сваю ультраправую арганізацыю «Правы сэктар». Яна раней не была на слыху, толькі падчас апошніх падзеяў усе пра яе даведаліся. Раней яны былі ў складзе злучэньня самаабароны і забесьпячэньня грамадзкага парадку на Майдане.

У нядзелю, калі праводзілася традыцыйнае Народнае веча, яго ўдзельнікі чакалі ад апазыцыі канкрэтнага пляну, канкрэтных дзеяньняў. Але не пачулі гэтых плянаў. Але энэргія назапасілася і ёй трэба было выйсьце. І хлопцы не знайшлі нічога лепшага, чым пайсьці на ўрадавы квартал з камянямі.

РС: А які настрой спарадзілі гэтыя сутычкі на Майдане: жах, што пралілася кроў, што былі ахвяры, ці яны ўзмацнілі жаданьне змагацца?

Літвінава: Мне здаецца, што хутчэй мабілізавалі. Калі я знаходзілася сярод удзельнікаў, то чула, як людзі гаварылі, што трэба было ўсё пачынаць раней, каб улада пачула іх і зьвярнула на іх увагу. Дагэтуль улада не сустракалася з гэтымі людзьмі, не размаўляла зь імі, наагул рабіла выгляд, што нічога не адбываецца. Мне здаецца, што ўчорашнія падзеі надалі другое дыханьне пратэстам.

РС: Людзі, якія 2 месяцы сядзяць у намётах на Майдане – яны яшчэ вераць у перамоўны працэс ці яны расчараваліся ў тактыцы чаканьня і ўскладаюць спадзяваньні на сілавы сцэнар?

Літвінава: Адзін зь лідэраў Майдану Віталь Клічко лічыць, што перамовы зараз – гэта адзіны магчымы мэханізм, каб дамовіцца з уладай. Хаця людзі чакаюць менавіта актыўных дзеяньняў. Сёньня стала вядома, што ў адміністрацыі прэзыдэнта была створаная спэцыяльная група для перамоваў. Яе апазыцыя спачатку не ўспрыняла і запатрабавала перамоваў непасрэдна зь Януковічам. Але толькі што стала вядома, што народнае аб'яднаньне «Майдан» стварыла тэхнічную групу для перамоваў, у склад якой увайшлі Аляксандар Турчынаў ад «Бацькаўшчыны», Віталь Кавальчык ад «УДАРу», Руслан Кашулінскі ад «Свабоды» і Юры Луцэнка ад грамадзкасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG