Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заклікалі ўлады Ўкраіны спыніць гвалт


Злучаныя Штаты абвінавацілі ўлады Ўкраіны ў абвастрэньні сытуацыі ў краіне, запатрабавалі вывесьці міліцэйскі спэцназ з цэнтра Кіева і пачаць дыялёг з апазыцыяй.

Прадстаўнік Белага дома па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кэйтлін Хэйдэн заявіла, што дзеяньні ўкраінскіх уладаў, якія прызналі злачынствам мірныя пратэсты грамадзян, пазбавіўшы сваіх палітычных апанэнтаў ключавых ахоўных мер, аслабілі асновы дэмакратыі і прывялі да эскаляцыі сытуацыі ва Ўкраіне.

Вашынгтон заклікае Кіеў адмяніць прынятыя нядаўна антыдэмакратычныя законы, спыніць гвалт і сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй. У адваротным выпадку, ЗША працягнуць разглядаць дадатковыя крокі, уключаючы санкцыі, адзначыла Хэйдэн.

Учора ў другой палове дня і цягам сёньняшняй раніцы ў цэнтры Кіева адбыліся сутыкненьні дэманстрантаў з міліцыяй. Пасьля заканчэньня восьмага па ліку «народнага веча», на якім лідэры апазыцыі абвясьцілі плян дзеяньняў у адказ на прыняты парлямэнтам 16 студзеня антыдэмакратычны пакет законаў, каля тысячы чалавек паспрабавалі прарвацца да Вярхоўнай Рады, каб пікетаваць яе з патрабаваньнем адмяніць рэпрэсіўныя законы. Дэманстрантам перагарадзілі дарогу кардоны спэцназа МУС, грузавікі і аўтобусы. Радыкальна настроеная моладзь закідвала міліцыянтаў камянямі, пэтардамі і бутэлькамі з «кактэйлем Молатава». У адказ міліцыя ўжывала сьлезацечны газ, сьвятлошумавыя гранаты, вадамёты.

Па мэдыцынскую дапамогу зьвярнуліся каля 100 пацярпелых на Эўрапейскай плошчы — з закрытымі чэрапна-мазгавымі траўмамі, пераломамі, ударамі і атручваньнем газам. У выніку сутыкненьняў ад рук байцоў «Беркута » пацярпелі мінімум чацьвёра журналістаў, у тым ліку карэспандэнт Радыё Свабода.

Заведзеная крымінальная справа аб масавых беспарадках. У міліцыі паведамілі пра не менш за дзесяць затрыманых.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў пра гатоўнасьць пачаць перамовы з апазыцыянэрамі. Ён паабяцаў ужо ў панядзелак стварыць камісію з прадстаўнікоў уладаў і апазыцыі, якая зоймецца дазволам крызіснай сытуацыі ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG