Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я проста ненавіджу Лукашэнку». Апытаньне ў Горадні


Лукашэнка ў Расеі
Лукашэнка ў Расеі
Як, на вашу думку, апошнім часам мяняецца папулярнасьць Лукашэнкі ў грамадзтве: павялічваецца ці зьмяншаецца? Чаму? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: «Мне здаецца, што на сёньня ягоны рэйтынг які быў, такі і застаецца. Магчыма, некаторыя думаюць, што ён зьмяншаецца, але, на жаль, не. Часта сутыкаюся з тым пакаленьнем, якое яго абірала. Іх погляды не мяняюцца, хоць жыць яны сталі значна горш».

Спадар: «Думаю, што не зьніжаецца, але і не расьце...»

Спадар: «Напэўна, усё ж падае. І прычынай таму — дарагоўля ўсяго. Такіх цэнаў ніколі не было».

Спадар: «Я яго папросту ненавіджу...»

Спадарыня: «Не расьце. Дакладна».

Спадар: «Я за ўсіх адказаць не магу, а для мяне ён адпачатку ня быў аўтарытэтным палітыкам і чалавекам, а цяпер дык тым болей. Пэнсіянэры сталі меншыя пэнсіі атрымліваць і задумваюцца, а для астатніх нармальных людзей заўсёды было відавочным тое, што не такі чалавек патрэбны на пасадзе прэзыдэнта Беларусі. Ён і так загнаў яе ў кут».

Ягоная жонка: «Папулярнасьць Лукашэнкі відавочна зьніжаецца, прычым вельмі імкліва. Занадта доўга ён пры ўладзе».

Спадарыня: «Напэўна, усё ж не расьце. Вы ж бачыце, што ў краіне робіцца, якія цэны. Карацей, прычыны матэрыяльныя: у многіх людзей няма працы, жыць стала зусім цяжка і горш, чым было раней».

Хлопец: «Адны задаволеныя ім, другія — незадаволеныя. Мне цяжка сказаць, як ёсьць насамрэч...»

Спадарыня: «Я думаю, што ягоная папулярнасьць расьце. Ён так стараецца, столькі будуе, столькі ўсяго робіць. Канечне, расьце ягоная папулярнасьць».

Спадар: «Я думаю, што ягоная папулярнасьць зьніжаецца. Жывём усё горш і горш. Зьніжаецца ўзровень культуры і ўзровень даходаў. Наш народ цяпер думае толькі пра адно: як нешта купіць у краме. А пра культуру мы наагул забыліся, яна становіцца нейкай абстракцыяй, нікому не патрэбнай. Па-мойму, нацыя не павінна так жыць. Так жыве „народзец“, а не народ. А я думаю, што беларусы — гэта ўсё ж народ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG