Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Шупа пра лесьвіцу ў неба


«Сёньня — 70 гадоў Джымі Пэйджу!» — кажу я маладому калегу. «Ты пра што?» — пытаецца ў мяне ягоны неўразумелы позірк, няўмольна нагадваючы пра часавую розьніцу ў цэлае пакаленьне.

Маё тынэйджэрства прыпала на сярэдзіну 70-х — гады, калі сьпелы брэжневізм перажыў найвышэйшы росквіт і стаў хіліцца да заняпаду. Разьвітаўшыся зь дзяцінствам, мы ўжо перасталі верыць у камунізм — «калі ня трэба будзе працаваць, і ўсё будзе за бясплатна». Паўпралетарскае паветра менскага Броду было прасякнутае зусім іншымі флюідамі, сьляды якіх адчуваліся на кожным кроку. Глухія муры трансфарматарных будак, высокія платы навакольных заводаў, школьныя парты і вучнёўскія дзёньнікі былі спрэс сьпісаныя найсаладзейшымі словамі — T.Rex, Suzi Quatro, Sweet, Slade, Deep Purple і, вядома ж, Led Zeppelin.

Рок-музыка, якая, як здавалася тады і здаецца цяпер, дасягнула свайго апагею, была нашай рэлігіяй, нашым наркотыкам, нашай плоцьцю і крывёю. Яна праточвалася да нас празь нябачныя шчыліны ў Жалезнай Заслоне — праз кароткія хвалі «ВЭФаў» і «Акіянаў», праз польскае радыё, перапісвалася на бабінныя магнітафоны.

Нашы першыя гітарныя школы туліліся ў дварах, пад’ездах, альтанках дзіцячых садкоў. Тры акорды, пяць, сем, ад блатняцкіх куплетаў праз папсу да «вяршыняў» року — рыфаў, «перабораў», солагітарных пасажаў.

Самы дарагі юнацкаму сэрцу — уступ да «Лесьвіцы ў неба», старанна зьняты, адшліфаваны, выпрактыкаваны да нюансаў. Вакол цябе сядзяць з цыгаркай раўналеткі і з павагай ківаюць галовамі. Старэйшыя пацаны, сёрбаючы з гарла «Агдам», ухвальна паляпваюць па плячы...

Думаю, ня шмат памылюся, выказаўшы меркаваньне, што гэтыя пару радкоў гітарнага ўступу сталі найбольш граным у сьвеце музычным фрагмэнтам ХХ стагодзьдзя, улічваючы вялікія сцэны, заводзкія дамы культуры, вясковыя клюбы, двары, пад’езды і альтанкі. Нядобразычліўцы нават прыдумалі жарт, што ў музычных крамах 70-х віселі абвесткі з папярэджаньнем: за спробу зайграць у краме славутае інтра пагражае штраф.

Вось жа, сёньня, 9 студзеня, куміру нашага юнацтва, гітарысту Led Zeppelin Джымі Пэйджу — 70. З днём народзінаў, дарагі настаўнік!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG