Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Гомельскай эпархіі: «Аще кто досадит епископу, да будет проклят»


Эпіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан
Эпіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан

У інфармацыйным аддзеле Гомельскай эпархіі ведаюць пра гомасэксуальны скандал, у якім фігуруе імя эпіскапа Стэфана, але нічога без блаславеньня не камэнтуюць — адпраўляюць па тлумачэньні ў канцылярыю.

«Мы ў курсе, што дзеецца і што зроблена. Усе пытаньні, калі ласка, на тэлефон канцылярыі: 74-09-78. Пытайцеся, калі ласка, там. Мы ў інфармацыйным аддзеле — людзі паднявольныя. Нам дадуць блаславеньне — значыць, будзе. Не атрымаем блаславеньня — значыць, ня будзе», — сказалі карэспандэнту Свабоды.

У канцылярыі і сакратарыяце Гомельскай эпархіяльнай управы на тэлефанаваньні ніхто не адказвае.

«Кураеў палез, куды яму ня трэба», — так адрэагаваў прадстаўнік Гомельскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы на абвінавачаньні супраць эпіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана.

Протадыякан Андрэй Кураеў апублікаваў у сваім блогу ліст ад імя Сяргея Ф., у якім сьцьвярджаецца, што эпіскап Стэфан разбэшчваў выхаванцаў сэмінарыяў і маладых сьвятароў.

Афіцыйных камэнтароў з Гомельскай эпархіі няма. У неафіцыйнай размове адзін зь яе прадстаўнікоў выказаўся так:

«Гэта нахабная і подлая мана. Пакуль мы ніякіх афіцыйных камэнтароў не дамо. Усё строга будзе выверана з канонамі, бо Кураеў палез туды, куды яму ня варта лезьці. У любым выпадку па канонах царквы „аще кто досадит епископу, да будет проклят“. Гэта адно з правілаў Халкідонскага сабора. Кураеў пра гэта цудоўна ведае. Чалавек фактычна сам сябе адлучыў ад царквы».
Кураеў фактычна сам сябе адлучыў ад царквы

Прадстаўнік эпархіі сьцьвярджае, што ня ведае, хто б мог быць аўтарам ліста:

«Я ведаю ўладыку ўжо амаль 10 гадоў. Такога чалавека ніколі побач зь ім не было. Гэта цалкам мана».

Паводле камэнтатара, гомельскія вернікі «ў шоку» ад агучанай інфармацыі. Ён мяркуе, што гэта спроба зьвесьці з уладыкам асабістыя рахункі.

«Уладыка прыйшоў у гэтую эпархію, дзе 13 гадоў ніхто нічога не рабіў, а некаторыя тут кралі. А ён прыйшоў і ўсіх паставіў на месца. Тады яны не маглі яго зваліць расколам. А цяпер яны яго проста аблілі брудам. Ад такіх абвінавачаньняў адмыцца вельмі цяжка. Нават калі ты дакажаш, што не вінаваты. Бог ім усім судзьдзя».

Прадстаўнік эпархіі паведаміў, што сам эпіскап Стэфан «пачуваецца нармальна». Сёньня ён адслужыў службу. Усё зьвязанае з Нараджэньнем Хрыстовым ідзе ў эпархіі звычайным парадкам.

Стэфан (у міры Анатоль Нешчарэт) стаў уладыкам Гомельскім і Жлобінскім у 2012 годзе. Дагэтуль ад 2004 году ўзначальваў Тураўскую і Мазырскую эпархію.

Андрэй Кураеў
Андрэй Кураеў
Андрэй Кураеў пачаў выкрываць «блакітнае лобі Царквы» ў сваім блогу. 31 сьнежня яго звольнілі з Маскоўскай духоўнай акадэміі. На думку самога Кураева, прычынай звальненьня стала ягоная пазыцыя ў справе Pussy Riot і выкрываньне гомасэксуальных скандалаў у РПЦ.


БПЦ не камэнтуе абвінавачваньні супраць эпіскапа Стэфана


Протаярэй Сяргей Лепін, прэсавы сакратар Менскага эпархіяльнага ўпраўленьня Беларускай праваслаўнай царквы, лічыць, што абвінавачаньні супраць уладыкі Гомельскага і Жлобінскага Стэфана — гэта спроба паўплываць на пазыцыю царквы ў дачыненьні да гомасэксуалізму.

«Гэта інструмэнт, каб атрымаць уплыў на паводзіны беларускай царквы. І па гэтым выпадку мы будзем усё адно казаць, што гомасэксуалізм — гэта грэх з пазыцыяў Сьвятога Пісаньня. Нягледзячы на тое, што грэх можа сустракацца і ў самой царкве, мы будзем казаць, што гэта грэх. Якімі б мэдыйнымі скандаламі на нас ні спрабавалі аказаць уплыў», — кажа Сяргей Лепін.

5 студзеня протадыякан Андрэй Кураеў апублікаваў у сваім блогу ліст ад імя Сяргея Ф., які абвінавачваў эпіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана ў дамаганьнях і разбэшчваньні маладых сьвятароў і навучэнцаў духоўных установаў. Гэтым запісам Андрэй Кураеў працягнуў выкрываньне «блакітнага лобі» ў РПЦ. 31 сьнежня стала вядома, што Кураева звольнілі з пасады прафэсара Маскоўскай духоўнай акадэміі.

Асоба аўтара ліста Сяргею Лепіну не вядомая. Аднак ён лічыць, што звальненьне Кураева зьвязанае менавіта зь ягонай актыўнасьцю ў блогу:

«Дыякана Андрэя Кураева звольнілі з пасады прафэсара Духоўнай акадэміі менавіта таму, што ён занадта шмат абвінавачваў. Тое, што ён апублікаваў у сваім блогу, выглядае ня надта... Яго звальненьне з пасады прафэсара — гэта ўжо адзін са сродкаў уплыву на ягоныя паводзіны. А што будзе далей, то пытаньне не да нас, а да нашых братоў у Маскве», — лічыць Лепін.

Паводле Лепіна, на такім узроўні падобныя абвінавачаньні на адрас беларускіх сьвятароў пастаўленыя ўпершыню. Ці будзе царква разглядаць абвінавачаньні на адрас эпіскапа Стэфана, пакуль не вядома:

«У нас ёсьць камісіі, якія разглядаюць у тым ліку і паводзіны сьвятароў. Яны працуюць у штатным рэжыме. Пакуль прэс-служба ня мае інфармацыі, як будзе разглядацца гэты выпадак».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG