Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1,5 даляра за літар бэнзіну — непазьбежная пэрспэктыва сацыяльнай эканомікі


Канцэрн «Белнафтахім» зрабіў навагодні «падарунак» аўтааматарам, пяты раз за год і другі — за сьнежань падвысіўшы цэны на паліва. Такім чынам, ад пачатку 2013-га кошт бэнзіну «Нармаль-80» вырас на 17%, дызпаліва — на 25%, Аі-92 і Аі-95 — больш чым на 26%. Два гады таму рэзкі рост цэнаў на бэнзін і салярку прывёў да акцыяў пратэсту аўтамабілістаў, пасьля чаго ўлады перагледзелі сваю тактыку: цяпер цэны падвышаюцца не нашмат, але часта. Да якога ўзроўню можа ўздымацца плянка?

Нягледзячы на дэкляраваную стабільнасьць і сацыяльную арыентаванасьць эканомікі, цягам 2013 году кошты на аўтамабільнае паліва падвышаліся нават часьцей, чым у 2012-м, калі цэньнікі на АЗС карэктаваліся чатыры разы. Пакуль кіраўніцтву краіны ўдаецца ківаць на суседзяў — маўляў, у Эўразьвязе кошты паліва вышэйшыя. Аднак, як перакананы кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка, дагнаць і нават перагнаць суседзяў — справа часу:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка
«Я думаю, што пры такой палітыцы мы да гэтага прыйдзем непазьбежна. Калі казаць пра 1,5 даляра, то гэта будзе максымум праз 2 гады. Дарэчы, гэта 50%, лічба вельмі сур’ёзная. Увогуле лічу, што аўтамабілістаў пакаралі як мінімум тройчы: неадэкватнае мыта, непамерныя акцызы на бэнзін, нарэшце, транспартны падатак. Але ці тое яшчэ будзе! Кошты паліва цяпер рэальна падрываюць сямейны бюджэт. Паколькі практычна ў кожнай сям’і сёньня ёсьць аўтамабіль, гэта закранула літаральна ўсіх. Я стаўлю пад сумнеў, што ўсё гэта прыжывецца і супакоіцца ў грамадзтве, але факт, што ўлады міжволі дэманструюць: нібыта сацыяльна арыентаваная эканоміка на самой справе абсалютна іншая. На жаль, дзяржава бярэ ўсё, і нават там, дзе браць з чалавека нельга — у выглядзе падаткаў, збораў, пабораў, як заўгодна гэта можна называць. Бо тым самым яна зьмяншае рэальныя прыбыткі насельніцтва».

У 2011 годзе спробы зарабіць на аўтамабілістах выліліся ў масавыя акцыі незадаволенасьці. Пасьля гэтага ўлады адмовіліся ад радыкальнага падвышэньня коштаў паліва, дадаючы да старых цэньнікаў па некалькі сотняў рублёў. Сёлета пратэсты ўзнавіліся — падставай стаў намер абкласьці кіроўцаў адчувальным транспартным паборам. Зрэшты, агульная запалоханасьць грамадзтва, страх страціць працу ці апынуцца за кратамі спынілі іх ужо на другой спробе. Тым часам экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка ня верыць запэўніваньням, што атрыманыя ад новага падатку сродкі аблегчаць існаваньне канкрэтнага чалавека:
Што і каму рэальна дасьць гэты лішні падатак? Апроч удару па кішэні — нічога

«У дадзеным выпадку адбываецца тое ж, што і раней — спроба запусьціць руку ў чужую кішэнь. Вы ж ведаеце, што армія аўтамабілістаў у Беларусі вялізная, аўтамабілізацыя ў краіне сапраўды вельмі значная, і, як мне падаецца, гэта проста чарговы бізнэс. Мы ўжо бачым, як ідзе змаганьне за бізнэс па штрафах, кантроль за якім у даішнікаў збольшага ўжо забралі — ня буду нарывацца, кажучы, хто за гэтым стаіць. Але калі раней гэтыя плыні разьмяркоўваліся сыстэмай ДАІ, то цяпер гэтым займаюцца іншыя структуры. Што да транспартнага пабору (інакш ня скажаш), то гэта тое ж самае. Пакуль ня ведаю, хто канкрэтна за гэтым рашэньнем стаіць і куды гэтыя грошы будуць капаць, але ня думаю, што гэтыя сродкі, гэтаксама як і сыстэма штрафаў, якой нас увесь час даймаюць, будуць укладацца ў добрыя справы — дарогі і г.д. Што і каму рэальна дасьць гэты лішні падатак? Ніводзін аўтамабіліст вам не адкажа. Апроч удару па кішэні — нічога. Прынамсі, я нічога станоўчага ў гэтым ня бачу».

Заставаліся тэарэтычныя спадзяваньні, што так званы транспартны падатак, якім улады маюць намер ад наступнага году абкласьці ўсе аўтамабілі ў краіне, прыпыніць рост коштаў на паліва. Маўляў, плата за дазвол на ўдзел у дарожным руху павінна зьнізіць акцызны складнік, які і без таго перавышае палову кошту бэнзіну ды саляркі. Аднак заплянавана, што ў 2014-м стаўкі акцызаў на аўтамабільнае паліва вырастуць у сярэднім яшчэ на 15%. Гэта азначае, што аўтааматараў чакае сама меней такое ж падвышэньне цэнаў. Але, як паказвае практыка, рыхтавацца варта да захадаў больш радыкальных.

Ці адэкватная цана на паліва, прывязаная да 1 даляра за літр, прыбыткам беларусаў? Параўноўвае эканаміст Віктар Цярэшчанка:
Людзі, ну так жа немагчыма! У нас нават даляр ужо зусім абясцэніўся, я ўжо не кажу пра беларускія рублі

«Катэгарычнае „не“. Зірніце на сярэднія заробкі ў нас і дзесьці за мяжой. Прыкладам, у немцаў сёньня сапраўды высокі кошт бэнзіну — 1,5–1,6 эўра за літар, залежна ад маркі. Але, перавёўшы ў даляры — паглядзіце, які сярэдні заробак у немцаў і які ў нас! Розьніца ў тысячы даляраў. Ці вазьміце прыбалтаў, тых жа латышоў, літоўцаў. На долю зарплаты ўмоўны разьліковы кошт выдаткаў на ўтрыманьне аўтамабіля, на бэнзін у нас значна большы, чым там. Паглядзіце на рамонтную базу, паглядзіце на сэрвіс аўтамабіля. Я ўжо не кажу пра даступнасьць бэнзіну. У нас практычна ўсё даражэйшае, калі лічыць ад узроўню даходаў! І вельмі правільна расейскі амбасадар Сурыкаў днямі заўважыў: на Рублёўцы пад Масквой цэны ніжэйшыя, чым на некаторыя прадукты ў Беларусі. Людзі, ну так жа немагчыма! У нас нават даляр ужо зусім абясцэніўся, я ўжо не кажу пра беларускія рублі».

Кошты бэнзіну ў Беларусі ўжо перавысілі тыя, што выстаўляюцца на АЗС у суседніх рэгіёнах Расеі. І калі дагэтуль жыхары памежных раёнаў Беларусі зараблялі на вывазе аўтамабільнага паліва да расейцаў, то цяпер бэнзінавыя рэкі павярнуліся ў адваротным кірунку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG