Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін аб дапамозе Ўкраіне: навошта дабіваць партнэра?


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін правёў сёньня вялікую прэс-канфэрэнцыю ў Маскве. На ёй прысутнічалі больш за 1300 расейскіх і замежных журналістаў. Яна працягвалася больш за тры гадзіны.

Украіна знаходзіцца ў складаным становішчы. Калі мы кажам, што гэта братэрскі народ, то і паступіць мы павінны як сваякі, — заявіў прэзыдэнт Пуцін, адказваючы сёньня на пытаньне аб расейскай дапамозе Кіеву на вялікай прэс-канфэрэнцыі ў Маскве.

Ці гарантуе выдзяленьне Ўкраіне грошай яе ўваходжаньне ў Мытны саюз? І колькі яшчэ Масква гатовая заплаціць, каб канчаткова адвадзіць Кіеў ад Эўропы, спыталі журналісты расейскага прэзыдэнта. Пуцін адказаў, што выдзеленыя Расеяй 15 мільярдаў даляраў пойдуць на падтрымку ўкраінскага бюджэту і што гэта ніяк ня зьвязана ні з Майданам, ні з перамовамі з ЭЗ. Гаворачы аб зьніжэньні цаны на газ, расейскі лідэр заўважыў: «Гэта прагматычнае рашэньне, навошта ж дабіваць свайго асноўнага партнэра».

На пытаньне пра пераемніка Пуцін адказваць ня стаў, але адзначыў, што ў краіне шмат дасьведчаных палітыкаў і прывёў прыклады: Генадзь Зюганаў, Уладзімір Жырыноўскі, Сяргей Міронаў, Дзьмітры Мядзьведзеў. Пуцін таксама заявіў , што ў апошні час у палітыцы зьяўляецца шмат «новых людзей», у тым ліку апазыцыйна настроеных, аднак не назваў іх імёнаў. Ён таксама адзначыў, што некаторыя новыя палітыкі, каб заявіць пра сябе, «выскокваюць з штаноў і лаюцца».

Задалі пытаньне Пуціну і пра былога кантрактніка амэрыканскіх спэцслужбаў Эдварда Сноўдэна, які атрымаў часовы прытулак у Расеі. Пуцін сказаў, што з Сноўдэнам не сустракаўся, але ён яму цікавы. Сноўдэн, на думку расейскага прэзыдэнта, зрабіў высакародны, але складаны для сябе выбар.

Пуцін адказаў таксама на пытаньні пра расейска-амэрыканскія дачыненьні, выбарах мэраў, падрыхтоўцы да Алімпіяды.

Гаворачы пра «балотную справу» Пуцін сказаў, што нікому не дазволена груба парушаць закон. Журналісты нагадалі кіраўніку дзяржавы аб выніках грамадзкай экспэртызы падзеяў на Балотнай плошчы 6 траўня 2012 году, якую Пуціну перадаў лідэр РПР-ПАРНАС Уладзімер Рыжкоў. Паводле высноваў экспэртаў, тое што адбылося, не зьяўляецца масавымі беспарадкамі, а сутыкненьні з дэманстрантамі былі справакаваныя паліцыяй. У гэтай сувязі, на думку карэспандэнткі «Газеты.Ru», усе, а ня частка абвінавачаных па «балотныя справе», павінны быць амніставаныя.

Пуцін на гэта чарговы раз заявіў, што прызнаваць, ці ёсьць правапарушэньня ці не, можа толькі суд.

Пуцін таксама заявіў, што апазыцыянэр Аляксей Навальны не ўяўляе сур’ёзнай небясьпекі для ўлады і яго пэрсона не абмяркоўвалася з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным перад выбарамі кіраўніка гораду мінулай восеньню. «Па канкрэтных прозьвішчах ён ( Сабянін — ІФ) са мной ня раіўся. Але тое, што мэр сталіцы абмяркоўвае палітычныя пытаньні з прэзыдэнтам, мне здаецца, гэта абсалютна нармальная рэч і нічога тут дзіўнага няма», — сказаў Пуцін. «Калі б прадстаўляў пагрозу, то на выбары яго не пусьцілі б, і не пусьцілі б ні нейкім адміністрацыйным спосабам, а законным і палітычным», — сказаў Пуцін пра Навальнага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG