Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй Максіма Багдановіча
Музэй Максіма Багдановіча

Міліцыя супраць Багдановіча. Жывы рэпартаж

абноўлена
01:53 17.12.2013
Запіс відэатрансляцыі, якую наш сайт вёў з публічных чытаньняў
19:26 16.12.2013
Лявон Баршчэўскі паведаміў Свабодзе: пасьля паэтычных чытаньняў за ім ды іншымі ўдзельнікамі мерапрыемства нейкі час цікавалі супрацоўнікі міліцыі, але цяпер яны зь сябрамі «эвакуяваліся ў надзейнае месца» і спадзяюцца, што ўрэшце ўдасца дабрацца дадому без прыгодаў.
19:11 16.12.2013
Паводле папярэдніх зьвестак, паэтычныя чытаньні ў абарону музэя Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесьці скончыліся без затрыманьняў. Сьледам за ўдзельнікамі апошнімі з пляцу сышлі супрацоўнікі міліцыі.

Пакуль невядома, ці будзе працяг гэтай акцыі ў наступныя дні, паколькі прадстаўнікі Цэнтральнага РАУС абвесьцілі, што мерапрыемства было несанкцыянаванае і прыгразілі адказнасьцю арганізатарам.

Тым часам Уладзімер Арлоў апавёў: сёньня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі не ўхваліла распараджэньне Міністэрства культуры аб пераводзе музэя Багдановіча ў філію Музэя беларукай літаратуры, паколькі такое рашэньне зьяўляецца незаконным — зьмяніць статус юрыдычнай асобы можа толькі заснавальнік, а заснавальнікам музэя Багдановіча ёсьць не Міністэрства культуры, а Менгарвыканкам. Таму застаецца спадзяваньне, што Савет міністраў, разглядаючы гэтае распараджэньне, возьме пад увагу гэтую нямалаважную акалічнасьць.
18:52 16.12.2013
Чытаньні спыненыя. Невядомыя ў цывільным пайшлі сьледам за Лявонам Баршчэўскім і Аляксеем Марачкіным.
18:42 16.12.2013
Да музэю сьцягнуліся міліцыянты ў цывільным і амапаўцы. Чытаньні перапыненыя.
18:37 16.12.2013
Менская міліцыя не дазваляе публічныя чытаньні ў абарону музэя Максіма Багдановіча. Пра гэта зь месца падзеяў паведамляе наша карэспандэнтка Галіна Абакунчык:

А 18-й гадзіне, каб пачытаць вершы Максіма Баглановіча, сабраліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, пісьменьнікі, мастакі: Уладзімер Арлоў, Аляксей Марачкін, Лявон Баршчэўскі, а таксама блізу двух дзясяткаў людзей рознага веку. Але адразу ж да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі, адзін зь іх назваўся Аляксандрам Шарамецьевым, намесьнікам начальніка міліцыі Цэнтральнага РУУС. Міліцэйскі чыноўнік заявіў, што як прадстаўнік ведамства ён забараняе праводзіць масавае мерапрыемства: маўляў, калі ня будзе пададзеная адпаведная заява ў Менгарвыканкам, то гэта будзе лічыцца як правядзеньне несанкцыянаванай акцыі. Ён прыйшоў не адзін, а з памагатымі — некалькі чалавек у цывільным фільмуюць усіх прысутных. Сам Шарамецьеў пераконвае Ўладзімера Арлова не пачынаць акцыю.
Уладзімер Арлоў і міліцыянт у цывільным
Уладзімер Арлоў і міліцыянт у цывільным


Тым часам Лявон Баршчэўскі распачаў паэтычныя чытаньні.
Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі
Аляксей Марачкін
Аляксей Марачкін

Нягледзячы на незадавальненьне міліцыянтаў, Лявон Баршчэўскі зачытаў багдановічаву «Пагоню» на чатырох мовах — па-беларуску, польску, ангельску і ўкраінску. Потым прысутныя хорам сьпявалі «Зорку Вэнэру» і «Вераніку». Таксама чыталі вершы беларускага клясыка Алесь Лагвінец, іншыя людзі, якія адмыслова прыйшлі на анансаваную імпрэзу.
Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

Тым часам міліцыянты нікуды не сыходзяць, фіксуюць на відэакамэру ўсё, што адбываецца ля музэя Максіма Багдановіча. Патрабуюць ад удзельнікаў чытаньняў разысьціся, але ў самі падзеі пакуль ня ўмешваюцца.
XS
SM
MD
LG