Прызнавайся, сволач. Што ў цябе паміж ног, ступень зношанасьці, чыіх ты, на якой нярускай мове балакаеш, адкуль такі ўзяўся, ці даўно тут швэндаешся, з кім жывеш, каго напладзіць пасьпеў, ці ўмееш падпісваць пратаколы допытаў, якому рамяству навучаны... Так магла б сказаць дзяржава — але яна прыдумала слова «перапіс»: быццам кожны акт гэтай драмы ёсьць стварэньнем нейкіх новых істотаў, абнаўленьнем пагалоўя. Адных выкрасьлілі, другіх падкрэсьлілі, іншых перапісалі — так адбываецца пралетарская дыктоўка.
Усесаюзны перапіс насельніцтва — так называлася пошасьць, якая прыйшла ў БССР 17 сьнежня 1926 году. Папярэднія, не такія ўжо й даўнія пошасьці пачатку 20-х не лічыліся — з насельніцтва адноўленай бальшавікамі імпэрыі, якая ўсё яшчэ месцамі заставалася ў стане вайны, цяжка было выбіць праўдзівыя зьвесткі, а ў 1923-м апытвалі толькі гарадзкое насельніцтва. А вось узімку 1926-га народ нехаця прызнаўся, як і з кім жыве і каго любіць. Апрача згаданых вышэй пытаньняў, перапісчыкам быў дадзены загад цікавіцца і іншымі: дзяржаву хвалявалі, напрыклад, такія інтымныя рэчы, як псыхічнае здароўе рэспандэнтаў і іхныя калецтвы. Санітарам трэба было ведаць, колькі ў палаце «буйных» і каму варта падкараціць пратэзы.
Перапіс 1926-га быў, вядома, не такі займальны, як забаронены перапіс 1937-га — калі раптам высьветлілася, што народу ў імпэрыі стала неяк малавата і ў масе сваёй, сьвяткуючы Дзень нараджэньня Леніна і сёмага лістапада, ён дагэтуль верыць у бога — ангельскага шпіёна з падмандатнай Палестыны. Але менавіта параўнаньне з вынікамі 1926-га і паказала ў 1937-м, каго і да якой сьценкі вядуць і колькі яшчэ трэба куляў для канчатковага рашэньня праблемы.
Згодна зь перапісам 1926-га, у Беларусі жыло чатыры мільёны дзевяцьсот дваццаць пяць тысяч чалавек (ёсьць зьвесткі, што крыху меней, ёсьць, што крыху болей). Усяго ў імпэрыі налічвалася амаль 4739000 беларусаў. Толькі васемсот пяцьдзясят тысяч чалавек у БССР жыло ў гарадах. Насельніцтва Менску перавышала 130 тысяч чалавек. Наколькі вядома, у масе сваёй беларусы назвалі мовай зносінаў беларускую. Можа, ім так падказалі? Хто ведае. Але падказка была правільная.
Перапіс зафіксаваў у сельскай мясцовасьці БССР аднаго асманскага турка, аднаго якута, аднаго карэйца, а таксама пэрса і зь ім 55 кітайцаў. Апрача таго, на тэрыторыі БССР спакойна пражываў сабе адзін самаед — і да таго ж у горадзе. Застаецца спадзявацца, што ніхто яго там ня крыўдзіў. Бо колькасная перавага часам абуджае такіх дэманаў, якіх не ўлічыць ніводная статыстыка.