Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму маўчыць Лукашэнка?


Вышэйшае кіраўніцтва Беларусі афіцыйна ніяк не камэнтуе ўкраінскія падзеі. Маўчыць Аляксандар Лукашэнка, пазьбягаюць камэнтароў і іншыя высокія службовыя асобы.

Беларускія аналітыкі і палітолягі ў размовах са Свабодай кажуць, што маўчаньне — гэта цяпер для кіраўніцтва Беларусі аптымальная рэакцыя на украінскі крызыс.

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначае: Лукашэнка маўчыць, але ўладная прапагандысцкая машына працуе:

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў
«На Беларускім тэлебачаньні асьвятленьне падзеяў з адпаведнага ракурсу ёсьць. Яно, канечне, не такое радыкальнае, як на расейскіх каналах, але яно скіраванае ў бок крытыкі Эўрамайдану.

Куды схіліцца сытуацыя, Лукашэнка і яго атачэньне ня ведаюць, таму яны і не прымаюць хуткіх рашэньняў і не камэнтуюць гэтыя падзеі. І я думаю, што для іх гэта — правільная пазыцыя. Для іх перамога эўрапейскага курсу Ўкраіны (у дадзеным выпадку я не кажу пра перамогу Эўрамайдану) больш выгадная. У такім выпадку, як мінімум, захаваецца спэцыяльны статус дачыненьняў Беларусі і Расеі. А для беларускага кіраўніцтва гэта вельмі важна.

Акрамя гэтага, такі курс Украіны адкрывае шырокія магчымасьці і для іншых. А гэта таксама грае на карысьць традыцыйнаму балянсу Беларусі паміж Усходам і Захадам».

Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць, што Лукашэнка наўмысна трымае паўзу:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«У прынцыпе, гэта нешта такое, што было і па пытаньні арышту Баўмгертнэра. Тады Лукашэнка трошкі вытрымаў паўзу, каб пасьля выказаць сваё меркаваньне.

Ня думаю, што ягонае меркаваньне наконт Украіны будзе моцна адрозьнівацца ад меркаваньня Ўладзімера Пуціна. Хоць у свой час ён сказаў тое, што ў прынцыпе супярэчыла пазыцыі Расеі адносна Ўкраіны. Лукашэнка казаў, што дамова Ўкраіны аб асацыяцыі з Эўразьвязам не супярэчыць знаходжаньню Ўкраіны ў Мытным саюзе. Хоць для расейцаў гэта яўная супярэчнасьць».

Для кіраўніцтва Беларусі было б лепей, калі б Украіна пайшла ў Эўразьвяз, але пры адной важнай умове, — лічыць палітоляг Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
«Толькі так — патроху, павольна, бяз значных посьпехаў. Каб яна не канкуравала зь Беларусьсю ў Мытным саюзе, калі Ўкраіна раптам вырашыць пайсьці ў гэтым кірунку. Мне падаецца, што гэта жаданьне і ёсьць стрымліваючым фактарам для вышэйшага беларускага кіраўніцтва ў ацэнках сытуацыі ва Ўкраіне. Бо, з аднаго боку, падтрымаць тое, што зараз адбываецца ва Ўкраіне, беларускаму кіраўніцтву не з рукі. А выказацца супраць таксама не выпадае, бо гэта выглядае немэтазгодным і супярэчыць больш-менш глябальным мэтам Лукашэнкі.

Безумоўна, калі Кіеў пойдзе ў Мытны саюз, дык толькі за вельмі вялікія расейскія грошы. А ў Масквы ня вельмі добра зараз з грашыма. Значыць, трэба будзе ў кагосьці забіраць. А ў каго забіраць? Хто больш за іншых атрымлівае ад Расеі ў Мытным саюзе? Зразумела, хто».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG