Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адны кажуць, што дэвальвацыя яшчэ будзе, другія — што ўжо пачалася


Ледзь не штодня абменны курс беларускага рубля ўсталёўвае абсалютныя максымумы году ў адносінах да асноўных валютаў.

Сёньня гэты паказьнік узьняўся на чарговую вяршыню — 9390 за даляр. І хоць Аляксандар Лукашэнка ды іншыя высокія чыноўнікі зноў і зноў супакойваюць насельніцтва — маўляў, абвалу ня будзе, — экспэрты кажуць, што ўжо цяпер даляр мусіць каштаваць ня меней за 12-13 тысяч рублёў. Чаму ў такім разе ўлады не адважваюцца на аднамомантавую дэвальвацыю?

Некаторыя экспэрты, апэлюючы да перавышэньня таварнага імпарту ў Беларусь над экспартам, робяць выснову: цяперашні курс рубля штучна завышаны і ў рэальнасьці мусіць быць на адзнацы ў паўтара разы большай. Тэндэнцыю адлюстроўваюць і тэмпы інфляцыі: пры закладзеных парамэтрах у 10% на ўвесь год плян па росьце цэнаў перавыкананы яшчэ ў кастрычніку, калі ён перакрочыў мяжу ў 12%. Ці сапраўды рублёвы курс стрымліваецца адміністратыўна, каб пазьбегнуць фінансавага каляпсу ўзору 2011 году? Аналітык дасьледчай групы «BusinessForecast» Аляксандар Муха хоць і называе прагнозы калегаў занадта гіпэрбалізаванымі, але паўзучую дэвальвацыю лічыць непазьбежнай:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха
«Я лічу лічбы ў 12-13 тысяч завышанымі. Нейкімі сваімі таксама наўрад ці падзялюся: не агучваю прагноз абменнага курсу, бо лічу гэта марнай справай. Увогуле рэгулярная публікацыя прагнозаў немэтазгодная, можна толькі зьнізіць нейкія спэкуляцыйныя апэрацыі. Але лічбы непрапарцыйныя. Схіляюся да думкі, што ў бягучай сытуацыі больш верагоднай, больш рацыянальнай выглядае плаўная дэвальвацыя, якая ў нас і ідзе. А не дэвальвацыя ступенчатая. Будзе, хутчэй, гэткі плаўны рух.

Калі глядзець на дынаміку рэальнага эфэктыўнага курсу беларускага рубля, дык ён зараз калі і завышаны, то літаральна на некалькі працэнтаў. І гэта не азначае, што трэба тэрмінова ўзяць і дэвальваваць яго на столькі ж працэнтаў. Наблізіцца да раўнаважнага значэньня абменнага курсу можна коштам плаўнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Да таго ж, ва ўмовах падвышэньня цэнаў на асобныя тавары і паслугі, якія не гандлююцца і ня маюць канкурэнцыі з імпартнымі аналягамі, магчымасьці насельніцтва набываць замежную валюту таксама будуць скарачацца. На тле, у тым ліку, і скарачэньня заробкаў: бачым, што апошнія месяцы дынаміка запаволілася».

Абясцэньваньне рубля нават малымі порцыямі выклікае занепакоенасьць насельніцтва і падштурхоўвае да таго, каб пераводзіць частку заробкаў у больш прадказальную валюту. Ці можа выклікаць паніку паніжэньне курсу не на 10-20 рублёў, а прынамсі на сотню? Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі лічыць, што калі гэта будзе суправаджацца адпаведным тлумачэньнем рэгулятара, дык сытуацыю можна трымаць пад кантролем. Балазе, адпаведныя рэсурсы для гэтага пакуль ёсьць:

Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі
«Калі рубель у нас пачынае нават нязначна рухацца, гэта адразу фармуе ў насельніцтва пэўную заклапочанасьць: вось даляр стаяў на месцы — і вось ён пачаў рухацца. А ва ўсясьветнай практыцы прынята: калі на фінансавых рынках узьнікае пэўная заклапочанасьць, выходзіць кіраўнік цэнтральнага банку і пачынае тлумачыць сытуацыю. Гэта міжнародная практыка, якая называецца „вэрбальнымі інтэрвэнцыямі“. Так у прынцыпе працуюць усе рэгулятары. То бок, калі нешта падобнае пачынае фармавацца — зьяўляюцца адказныя асобы і спрабуюць патлумачыць: нічога страшнага няма, нічога дрэннага.

Таму я ня стаў бы ўвязваць заявы, якія робяць Надзея Ермакова ці Пётар Пракаповіч, з тым, што патрэбныя такія ж захады, як у 2011-м. Таму што ў 2011 годзе макраэканамічная сытуацыя ўсё ж была абсалютна іншая: і стан зьнешняга гандлю, і стан плацёжнага балянсу ў нас быў зусім іншым. Бо калі золатавалютныя рэзэрвы на ўзроўні 8 мільярдаў даляраў, Нацбанк пакуль можа згладжваць сытуацыю, не дапускаць рэзкіх ваганьняў беларускага рубля. У яго гэтыя рэсурсы ёсьць».

Раман Касьціцын
Раман Касьціцын
Дырэктар па разьвіцьці камунікацыйнага агенцтва «ARS Communications» Раман Касьціцын гэтаксама наракае: ажыятаж на валютным рынку правакуюць ня толькі рэдкія выхады чыноўнікаў у народ, але і неадукаванасьць уласна насельніцтва: фінансавыя веды для бальшыні заканчваюцца панічным страхам перад дэвальвацыяй:

«Наконт падвышэньня граматнасьці выступаў чыноўнікаў — меркаваць не магу, бо не эканаміст, а гэта, хутчэй, пытаньне да іх. А вось што тычыцца манэры зносінаў — калі яны ствараюць нейкую камунікацыю, дык, трэба сказаць, што сытуацыя палепшылася. Пэрыядычна розныя, часам спрэчныя заявы робіць кіраўніца Нацыянальнага банку. Нейкім чынам камэнтуе сытуацыю прэзыдэнт. І экспэрты тыя ж — праўда, у адным духу, пэсымістычным, але выказвацца сталі часьцей.

Але, на мой погляд, крытычнай масы для таго, каб насельніцтва навучылася само прымаць пэўныя рашэньні і даведалася іншыя словы, апроч слова „дэвальвацыя“, не назапасілася. Гэта, бадай, увогуле самае важнае, што трэба адзначыць. На жаль, у нас ведаюць толькі дэвальвацыю, а дэвальвацыя — гэта калі вельмі моцна б’юць па кішэні, а на самой справе — і па галаве, і па ўсяму быту сям’і, усяго іншага атачэньня чалавека. Але, на жаль, гэта адзінае слова, якое вельмі добра ведаюць і сутнасьць якога вельмі добра сабе ўсьведамляюць беларусы, у асноўнай сваёй масе. З магчымага фінансавага глясарыю, які мусіць быць. Калі ўзяць тых жа расейцаў, там у гэтым сэнсе толку значна больш».

Падчас падрыхтоўкі бюджэту на 2013 год урад закладаў сярэднегадавы курс на ўзроўні 8950 рублёў за даляр. Такім чынам, меркавалася, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты складзе каля 6%. Аднак выглядае, што чаканьні стабільнасьці на фінансавым рынку аказаліся яўна перавышанымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG