Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік старшыні «Белнафтахіму» Волкаў застаецца адзіным фігурантам справы аб хабары


Сярод гучных карупцыйных справаў, якімі займаюцца беларускія сьледчыя, асабліва вылучаюцца справы намесьніка старшыні «Белнафтахіму» Ўладзімера Волкава, былога кіраўніка «Белкаапсаюзу» Сяргея Сідзько і былой дырэктаркі Белдзяржцырку Тацьцяны Бандарчук.

Справа «Белнафтахіму»


У справе аб магчымым атрыманьні хабару намесьнікам старшыні «Белнафтахіму» Уладзімерам Волкавым дагэтуль не зьявілася іншых фігурантаў, акрамя самога чыноўніка. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Павал Траўлька.

Карэспандэнт: «Ці выставілі абвінавачаньне таму чалавеку, які нібыта даваў хабар Волкаву ў ягоным службовым кабінэце?»

Траўлька:
«У якасьці падазронага застаецца той чалавек, але ягоны статус не зьмяніўся.»

Паводле Паўла Траўлькі, Ўладзімеру Волкаву выстаўленае абвінавачаньне ў атрыманьні хабару, і зараз вядуцца сьледчыя дзеяньні па ягонай справе. На колькі працягнутае расьсьледаваньне справы, Павал Траўлька не паведаміў, як не паведаміў і месца ўтрыманьня высокапастаўленага арыштанта.

Уладзімера Волкава затрымалі ў пачатку кастрычніка. Паводле афіцыйных паведамленьняў, затрыманьне адбылося ў кабінэце чыноўніка падчас атрыманьня ім хабару памерам 19 тысяч даляраў. У Сьледчым камітэце паведамілі, што нібыта гэта была частка сумы, якую патрабаваў намесьнік старшыні «Белнафтахіму» за ўзгадненьне аб’ёмаў перапрацоўкі спадарожных прадуктаў нафты на прадпрыемствах канцэрну.

Наколькі верагодная гэта вэрсія? Журналістка Тацяна Манёнак, якая спэцыялізуецца на нафтавай тэматыцы, асьцярожна ставіцца да афіцыйнай вэрсіі пра хабарніцтва Ўладзімера Волкава.

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
«Прайшла інфармацыя, што Волкаў нібыта быў нейкім чынам датычны да падзелу квотаў, але не на нафту, а на перапрацоўку нафтахімічнай сыравіны. Сапраўды, ёсьць праблема з задзейнічаньнем магутнасьцяў нашых нафтаперапрацоўчых заводаў. І ў некаторыя месяцы, калі не хапае сырой нафты, каб цалкам задзейнічаць гэтыя магутнасьці, Беларусь імпартуе нафтахімічную сыравіну. Гэта можа адбывацца ці то з Казахстану, ці то з Расейскай Фэдэрацыі. Але аб’ёмы гэтага імпарту ня тыя, каб можна было казаць пра крымінальны эфэкт. Пакуль што ўсе мае суразмоўцы на гэтую тэму былі вельмі зьдзіўленыя гэтай сытуацыяй. Шмат хто зь іх убачыў у сцэнары, паводле якога затрымалі Ўладзімера Волкава, падабенства з тым, як быў затрыманы былы старшыня „Белнафтахіму“ Аляксандр Бароўскі», — кажа Тацяна Манёнак.

Хто расьсьледуе крымінальныя справы кіраўнікоў «Белкаапсаюзу»?


Сяргей Сідзько
Сяргей Сідзько
Пра затрыманьне старшыні «Белкаапсаюзу» Сяргея Сідзько і яшчэ двух адказных супрацоўнікаў паведамілі яшчэ ў ліпені. Затрымалі чыноўнікаў супрацоўнікі КДБ. Але ці прасунулася з таго часу справа кіраўнікоў «Белкаапсаюзу»? У КДБ справу не камэнтуюць, пры гэтым у Сьледчым камітэце Беларусі кажуць, што ў іх у вытворчасьці такой справы няма.

Тое самае адбываецца і са справай былога дырэктара сочынскага санаторыя «Беларусь» грамадзяніна Расеі Георгія Саракашыша, якога ўжо амаль год як арыштавалі супрацоўнікі КДБ. У КДБ паводле справы Саракашыша камэнтароў не даюць, а ў Сьледчым камітэце Беларусі кажуць, што такая справа не расьсьледуецца ў гэтай установе. Між тым паводле сваякоў Саракашыша, яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ.

«Справа Тацьцяны Бандарчук»


Тацяна Бандарчук
Тацяна Бандарчук
З чэрвеня ў Сьледчым камітэце знаходзіцца на расьсьледаваньні справа былой дырэктаркі Белдзяржцырку Тацьцяны Бандарчук, якую западозрылі ў шэрагу службовых злоўжываньняў. Справу Тацьцяны Бандарчук неаднаразова працягвалі. Ці даведзеная яна да суду?

«Крымінальная справа там не завершаная, сьледзтва працягваецца. Мы не прыхільнікі таго, каб на нейкім прамежкавым этапе рабіць высновы. Калі закончым справу па Бандарчук, тады і паведаміі», — гаворыць прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Павал Траўлька.

Расьсьледаваньне крымінальнай справы Тацьцяны Бандарчук было працягнута да пачатку студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG