1 сьнежня ў Кіеве на вуліцы Банкавай людзі спрабавалі ўзяць штурмам будынак адміністрацыі прэзыдэнта Віктара Януковіча. Маладыя людзі правакавалі сутычкі зь міліцыяй, кідаючы ў кардон камяні, дымавыя шашкі, пляшкі і кавалкі тратуарнай пліткі. Міліцыя ўжыла сьлезацечны газ і шумавыя гранаты.
Венядзіктаў прыехаў ва Ўкраіну ў панядзелак ўвечары. Пагаварыць зь ім давялося ў прэс-цэнтры штабу нацыянальнага супраціву, які арганізаваны ў доме Прафсаюзаў на Майдане.
Кажа, што гэта ягоная сёмая рэвалюцыя: «91-й, 93-й, Майдан, Грузія, Кіргізыя, Малдова... — пачынае ён пералічаць. — Ой, ну хопіць. Хаджу назіраю, у мяне меркаваньня няма».
«Тое, што было на Банкавай, мне нагадала 2010-й год у Менску. Я глядзеў з Масквы, але ў мяне было поўнае адчуваньне, што калі б дэпутаты і журналіста не сталі паміж «беркутам» і «трактарам», то было б крывавае месіва. Тут радыкалізуюцца абодва крылы. Як гэта бывае падчас рэвалюцыі: калі доўга будуць стаяць, то абодва крылы выйдуць на вуліцы. Маладыя, нецярплівыя, нахабныя. У кожнай рэвалюцыі бываюць такія хлопцы».
РС: Да Расеі зусім не падобна?
Венядзіктаў: Да Балотнай? Не, канечне. Тут маладая нацыя, якая самасцьвярджаецца. Украіна — маладая нацыянальная дзяржава. Грузія таксама. А тут мы са сваімі 400-гадовымі Раманавымі. Што ж вы хочаце? У нас усё вельмі кансэрватыўна.
Нам ня трэба змагацца за мову. Руская мова не зьяўляецца зброяй у барацьбе за ідэнтычнасьць. Украінская мова — зьяўляецца. І гэта заслуга Юшчанкі. Грузінская зьяўляецца, кіргіская, беларуская, дарэчы. А ў Расеі і ўлада і апазыцыя размаўляюць на адной мове. І што зьяўляецца аб’яднаўчым — абстрактная ідэя кшталту «Эўропы»? Не, канечне. Гэта ж інфармацыйны повад.
І тут, ва Ўкраіне, гэта інфармацыйны повад. Тут людзі не чыталі ніякія дамовы. Ім гэта зусім не цікава. Іх проста пакрыўдзілі. Ім сказалі: «Вы яшчэ не дасьпелі да таго, каб быць эўрапейцамі».
Зь іншага боку, канечне, Расея тут мае свае інтарэсы і будзе іх прасоўваць і таксама законна. Гэтаксама як і Эўропа тут законна прасоўвае свае інтарэсы. Гэта вялікая тэрыторыя, вялікі рынак збыту і вытворчасьці. А Пуцін лічыць, што гэта адзін разьдзелены народ.
РС: Будзе перабольшаньнем сказаць, што гэта справакавана Расеяй?
Венядзіктаў: Не, вядома ж. Гэта справакавана ўсім ходам гісторыі. Украіна мусіла ўвайсьці ў канфлікт з навакольнай рэчаіснасьцю. Яна мусіла ўвайсьці ў канфлікт з Расеяй, зь якой яна была часткай адзінай дзяржавы, часткай імпэрыі. Яна мусіла ўвайсьці ў канфлікт з Эўропай, бо Эўропа ад Украіны хоча хутка і зараз. І эўрабюракраты проста пашыраюць зону ўплыву. У тым ліку тыя патрабаваньні, якія Эўропа высунула Ўкраіне, яны сапраўды празьмерныя. Чаму яны не прад’яўлялі такія патрабаваньні, напрыклад, Сэрбіі?
Аб’ектыўна калі паглядзець, то ва ўсіх тут свае інтарэсы. Вы што хацелі, каб расейскія палітыкі абаранялі інтарэсы Ўкраіны? Яны абараняюць інтарэсы Расеі, як яны іх бачаць. А эўрапейскія палітыкі — гэтаксама, інтарэсы Эўропы. З якога перапою яны будуць абараняць інтарэсы Ўкраіны? Зь якога пэрэляку, як тут кажуць?
Таму я тут проста назіральнік. Буду камунікаваць, буду сустракацца — ад верху да верху. І з кіраўніцтвам цэркваў, і з кіраўніцтвам грамадзянскіх актывістаў, і зь кіраўніцтвам дзяржавы і зь кіраўніцтвам апазыцыі. Мне трэба зразумець іхныя скіраваньні. Я гэтага не разумею. З Масквы карцінка рассыпалася.
Я ўчора ўначы глядзеў на Цягнібока і Яцанюка і гаварыў зь імі, і ў мяне ўзьнік абсалютна вобраз «Гюго. Дзевяноста трэці год»: Рабэсп’ер, Дантон і Марат. І чым гэта скончылася?
І пасьля — трэба ж глядзець на плюс чатары гады.. Вось я і гляджу. Што ж я, кожны год сюды буду езьдзіць?
РС: То бок зараз усё вырашыцца?
Венядзіктаў: Нічога не вырашыцца. Гэта ж не фотазыдмак. Гэта кіно, гэта працэс. Ён разьвіваецца, ён шматфігурны і шматмагчымасны. Паглядзіце на Грузію, на Малдову. Што там вырашылася? Пра што там вырашылася? У Расеі вырашылі, што ў нас за шлях? Нічога ня вырашыцца, нават не спадзявайцеся. Хаця вы маладая, яшчэ можа нешта і пабачыце«.
РС: Але Грузія і Малдова падпісалі пагадненьне з ЭЗ...
Венядзіктаў: Нікому гэтае пагадненьне ня трэба! Ну перастаньце! Гэта ж міталягічная гісторыя!
Я быў каля вытокаў Ўсходняга партнэрства, быў на першым саміце, размаўляў там з Аліевым і Саакашвілі. Хачу нагадаць, што гэта (Ініцыятыву «Ўсходняе партнэрства» — рэд.) рабілі палякі, літоўцы і швэды. Гэта ж не была прапанова Нямеччыны ці Францыі.
Усё зразумела. Такі інструмэнт. Усё добра, але гэта таксама частка працэсу.
Але і да Пуціна зь ягонымі поглядамі трэба ставіцца як да часткі працэсу, а не як да штучнага наслойваньня. Ці мы ўсе штучныя наслаеньні ці мы ўсе натуральныя наслаеньні. Я думаю, што мы ўсе натуральныя наслаеньні.
І імпэрскія болі Расеі, яны такія ж, як у Вялікабрытаніі пасьля другой сусьветнай вайны і развалу каляніяльнай сыстэмы. І Чэрчыль і ўсе іншы палітыкі гэта адчувалі. Як там Чэрчыль казаў: «Індыя — гэта не краіна, гэта геаграфічны панятак».
Можа Пуцін сказаць: «Україна — гэта не краіна, а геаграфічны панятак?» Напэўна можа. Ну вось і ўся гісторыя. Гэта доўгі гістарычны працэс.
«А людзей ва Ўкраіне проста пакрыўдзілі,» — кажа расейскі журналіст, галоўны рэдактар радёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў.
Самае папулярнае
1