Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Була на ноч


Папу Інакенція VIII нехарошыя людзі называлі сапраўдным папам Рыму — то бок татам. Хадзілі чуткі, што ён з усяе моцы стараецца, каб добрых католікаў на сьвеце было як мага больш: і робіць іх сам пры кожнай нагодзе. У папы-таты было дванаццаць афіцыйна прызнаных нашчадкаў: восем хлопчыкаў і чатыры дзяўчынкі; колькі дзяцей ён меў насамрэч, ніхто ня ведаў, а калі й мог сказаць, дык звычайна зьбіваўся зь ліку на трэцім дзясятку...

Зрэшты, чалавецтву Інакенці запомніўся ня толькі павелічэньнем колькасьці вернікаў, а і амаль стаханаўскай барацьбой за скарачэньне колькасьці ерэтыкоў. Барацьбой, якая не спынялася цягам стагодзьдзяў. А пачалося ўсё з таго, што германскія інквізытары паскардзіліся папу, што ім усё часьцей то там, то сям «мяшаюць работаць». І 5 сьнежня 1484 году Інакенці выдаў булу «Summis desiderantes», свайго кшталту прадмову да «Молата ведзьмаў» і яго працягаў: «Сякеры экстрасэнсаў», «Зубіла доктара Сайкова» і «Фрэзэрнага варштата русалачкі». Була зрабілася дакумэнтам, які ўпершыню сказаў усю праўду пра ворагаў народу і заклікаў сьвядомых грамадзянаў запякаць іх у печках і на вогнішчах без прыправаў і спэцый.

«З найвялікшай руплівасьцю, усімі сіламі душы імкнемся мы да таго, каб вера расла, а зладзействы ерэтыкоў выкараняліся.... Зь вялікім смуткам даведаліся мы, што ў некаторых мясьцінах шматлікія асобы як мужчынскага, так і жаночага полу былі заўважаныя ў грахоўных полавых сувязях з дэманамі, і сваім чараўніцтвам, сваімі песьнямі, заклёнамі... псуюць тое, што нараджаюць жанчыны, зямля, прыплод жывёлаў, вінаграднікі, сады, мужчын, свойскую і іншую жывёлу... лугі і ўраджаі, катуюць і мужчын, і жанчын, з дапамогай хваробаў перашкаджаюць мужчынам апладняць, а жанчынам нараджаць, адымаюць у мужчын сілу выконваць шлюбныя абавязкі, а жанчынам замінаюць выконваць шлюбны доўг...»

Апошняе, відавочна, хвалявала Інакенція больш за ўсё, бо што-што, а апладняць ён любіў — хобі ў яго было такое. Да таго ж народ быў на баку папы: зусім гэтыя ерэтыкі абнаглелі, казалі на вуліцах, гэта ўсё празь іх: інфляцыя, дэвальвацыя, рэвалюцыя, радыяцыя і іншыя лізінгі, рэбрэндынгі і мэрчандайзінгі.

Карацей, папу пачулі. А непакорныя ерэтыкі як псавалі, так і працягвалі псаваць родную ральлю «Парыж-Дакар». Папская була спрасьціла задачу змагарам супраць сатанізму. Цяпер можна было не цырымоніцца. Ніхто ўжо ня памятае, як звалі таго сямідзесяцігадовага айхштэтца, які, вось паскуднік стары, лётаў безь ліцэнзіі на аблоках, выклікаў магнітныя буры і прызнаўся пры выглядзе распаленых шчыпцоў, што ён — супрацоўнік д’ябла з саракагадовым стажам і мае ад рагатага жалезны крыж «За заслугі». Ніхто ня памятае, як звалі чатырохгадовую ведзьму, якая жыла з д’яблам у грамадзянскім шлюбе і крала дажджы ў жыхароў гораду Люцэрн — увесь горад прыйшоў паслухаць, як яна крычыць на вогнішчы. Ніхто не парупіўся перапісаць паіменна тысячу жанчын, якіх гуртам спалілі ў печцы ў княстве Найсэ за ўдзел у вядзьмарскіх ўоркшопах і майстар-клясах. Сотні тысяч засталіся для гісторыі ўсяго толькі безыменнымі ўдзельнікамі вайны за веру. А імя нявіннага папы Інакенція жыве ў вяках, як подзьвіг народу. Які ніхто не асудзіць, бо ён цёмны, сьляпы, быццам крот, і булаў на ноч не чытае — думае пра ўраджай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG