Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзеі і інтрыгі саміту


У Вільні сёньня пачынаецца саміт Усходняга партнэрства Эўразьвязу. На саміт прыбываюць кіраўнікі 34 дзяржаў: кіраўнікі ўсіх 28 краін ЭЗ плюс прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва Армэніі, Азэрбайджана, Грузіі, Малдовы, Украіны. Беларусь, у гэтай праграме, якая стаіць крыху асобна і шматлікім афіцыйным асобам якой ўезд у ЭЗ забаронены, прадставіць міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

Галоўнай інтрыгай сустрэчы ў вярхах застаецца магчымасьць падпісаньня Ўкраінай пагадненьня па асацыяцыі з Эўразьвязам, ад якога афіцыйны Кіеў нядаўна адмовіўся, але запрашэньне да якога ў Вільні ўсё яшчэ застаецца ў сіле.

Сёньня ў Вільні пройдзе першая каардынацыйная сустрэча прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце з прэзыдэнтам ЕЭЗ Германам ван Рампэем і кіраўніком Эўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу. На чацьвер прызначаная таксама сустрэча кіраўнікоў краін ЭЗ, яны зьбіраюцца выпрацаваць напрамак, у якім эўрапейскую супольнасьць будзе разьвіваць свае далейшыя адносіны з усходнімі суседзямі. У пятніцу, 29 лістапада адбудзецца пленарная сэсія, па выніках якой высокія прадстаўнікі ўсіх 34 дзяржаў прымуць адмысловую рэзалюцыю.

Акрамя агульных і двухбаковых палітычных сустрэч, у рамках саміту праходзіць мноства разнастайных мерапрыемстваў. Напрыклад , міжнародны бізнэс- форум ці канфэрэнцыя аб стане і ролі грамадзянскай супольнасьці, няўрадавых арганізацый у краінах Усходняга партнэрства. Вось што распавёў адзін з мадэратараў гэтай сустрэчы , літоўскі дэпутат у Эўрапейскім парлямэнце Леанідас Донскіс:


— Я заўсёды верыў у тое, што толькі праваабаронцы і свабодныя людзі, якія ствараюць недзяржаўныя структуры, якія актывізуюць публічны інтарэс і яго ўяўляюць, — гэта адзіная надзея цяпер. Пакласьціся толькі на палітыкаў — гэта было б вар’яцтвам. Я ведаю, што цяпер адбываецца ў Эўрапарлямэнце, там поўная безыдэйнасьць . Калі ня будзе актыўнага грамадзва з ярка выяўленымі каштоўнаснымі арыентацыямі, то ўся гэтая рэалпалітык праваліцца! Менавіта ад грамадзтва залежыць адказ наконт будучыні Расеі, тое ж самае я б сказаў і пра Украіну. Палітычная кляса гэтых краін настолькі ненадзейная, настолькі кан’юнктурная, мала там дэмакратаў сапраўдных. Палітычная кляса зьяўляецца праблемай нумар адзін у гэтых краінах. Я, дарэчы, ня вельмі высокай думкі і пра новыя дэмакратыі, якія ўжо прынятыя ў ЭЗ. Уключаючы і маю краіну. Мы падобныя ў прынцыпе, толькі нам пашанцавала: мы маленькія, і ў нас паменш складанасьцяў з Расеяй. Калі ў Эўропы хопіць мудрасьці, гнуткасьці падысьці да Ўсходняга партнэрства з пазыцый, напрыклад, акадэмічных праграм або даць бязьвізавы рэжым ўсходне-эўрапейскім краінам, каб людзі рухаліся вольна, каб яны ўбачылі Эўропу, каб яны змаглі пажыць там і павучыцца, — вось гэта адказ! — Лічыць літоўскі дэпутат у Эўрапейскім парлямэнце Леанідас Донскіс.

На пытаньні Радыё Свабода адказаў таксама старшыня Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі Сяргей Мацкевіч.

— Ці атрымаецца вам быць пачутымі на Віленскім саміце, калі амаль усю ўвагу забрала на сябе Украіна ?

Сяргей Мацкевіч
Сяргей Мацкевіч
​—Мы б хацелі як раз больш пагаварыць пра Украіну, Армюніі, аб гэтых выпадках. Гэта адклікаецца і на сытуацыі ў Беларусі. Мы разьлічвалі, што найбольшым посьпехам Усходняга партнэрства бліжэйшым часам будзе падпісаньне пагадненьня з Украінай. Адкат гэтых дзьвюх краінаў для нас вельмі балючы. У адрозьненьне ад палітыкаў, якія нават занадта «рэалпалітык», мы хацелі б сказаць, што ня толькі мэркантыльнымі пытаньнямі і імгненнымі выгадамі павінна кіравацца краіна, калі вызначае сваю будучыню. Хацелі б, каб голас грамадзянскай супольнасьці быў пачуты. Мы сугучныя з тымі сіламі ва Украіне, якія цяпер выказваюць рашучы пратэст, з тымі сіламі ў Армэніі, якія б’юць у званы. А наша беларуская сытуацыя можа толькі паказаць, да якой ступені можа быць адкат, гэта перасьцярога, куды можна зайсьці, калі ня слухаць свой народ. Няўрадавыя арганізацыі наогул могуць даволі хутка рэагаваць на вострую сытуацыю. Самі людзі не так хутка варушацца. Павінны быць мэханізмы, каб ім дапамагчы. Як мінімум у гэтым грамадзкія арганізацыі сваю ролю выконваюць.

Палітычны аглядальнік газэты Lietuvos rytas Вітаўтас Брувэрыс упэўнены, што ўся надзея на рэальную дэмакратыю ў краінах Усходняга партнэрства ўскладаецца на грамадзянскую супольнасьць:

— Зародкі такога грамадзтва, калі яны прыгнечаныя, калі яны выпальваюцца калёным жалезам, як у Беларусі, зьяўляюцца галоўнай небясьпекай для рэжыму. Калі спадар Януковіч тут, у Вільні не пойдзе ў бок дэмакратыі, вядома, гэта будзе балюча для Літвы, для ЭЗ, для ўсяго праекта Усходняга партнэрства. Думаю , што ён будзе пакуль працягваць тую ж гульню, аўтаматычна, па геапалітычнай лёгіцы будзе паўтараць шлях Беларусі, але пасьля некаторага часу Ўкраіна ўсё ж хісьнецца ў бок ЭЗ.

— Надзею на гэта дае Майдан, запоўнены людзьмі?

— Так, вядома. Зноў да тэмы грамадзянскай актыўнасьці: ўкраінскае грамадзтва, па -мойму, будзе больш жорстка кантраляваць сваю ўладу. Прынамсі, тая частка , якая настроена праэўрапейскі. Гэта пытаньне часу, — мяркуе палітычны аглядальнік газэты Lietuvos rytas Вітаўтас Брувэрыс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG