Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы пайшоў: канфіскацыя аўто за п'яное кіраваньне


Суд Першамайскага раёну Менску вынес першы вэрдыкт аб канфіскацыі аўтамабіля ў кіроўцы, які трапіў паўторна на працягу году за п'яное кіраваньне, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на першы канал БТ.

Кіроўца быў спынены ДАІ праз 4 дні пасьля ўступленьня ў сілу паправак у заканадаўства, якія ўзмацняюць адказнасьць за кіраваньне ў стане алькагольнага ап'яненьня, на 1-м кілямэтры МКАД. Агляд паказаў наяўнасьць у крыві амаль 1 праміле алькаголю. Да гэтага – 25 кастрычніка – за кіраваньне аўтамабілем у алькагольным ап'яненьні гэты ж кіроўца быў аштрафаваны і пазбаўлены пасьведчаньня кіроўцы.

Суд прыняў рашэньне ўжыць спэцыяльную канфіскацыю аўтамабіля «Фіят», ён будзе выстаўлены на таргі, у якіх на агульных падставах зможа прыняць удзел і былы ўладальнік. Кошт аўтамабіля будзе ўстаноўлены спэцыяльнай камісіяй. Характэрна, што аўтамабіль, на якім зьдзейсьнена правапарушэньне, быў зарэгістраваны на іншую асобу. «Гэты аўтамабіль падлягае канфіскацыі, паколькі для суду ня мае прававога значэньня прыналежнасьць гэтага транспартнага сродку», – заявіла старшыня суду Першамайскага раёну Менску Тамара Высоцкая.

Акрамя таго, суд прыняў рашэньне прызначыць парушальніку пакараньне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін 1 год 6 месяцаў з утрыманьнем 20 % месячнага заробку, але ня менш адной базавай велічыні. Ён таксама пазбаўлены права займацца дзейнасьцю ў выглядзе кіраваньня транспартным сродкам тэрмінам на 3 гады і яму прызначаны штраф у суме Br39 млн.

24 кастрычніка ўступілі ў сілу папраўкі ў заканадаўства па пытаньнях узмацненьня мер адказнасьці за кіраваньне транспартным сродкам у стане ап'яненьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG