Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будзьма туркамі


Ягонага тату Атацюркам ня звалі. І маму ня звалі спадарыяняй Атацюрк. Атацюркам, бацькам туркаў і самым вялікім туркам у гісторыі яго ахрысьціў прыдуманы ім самім парлямант прыдуманай ім Турцыі. А праз чатыры гады, 10 лістапада 1938 году а 9.05 раніцы ў стамбульскім палацы Далмабахчэ Найвялікшы правадыр, Стырнавы, Машыніст, Спартсмэн, сябра ўсіх дзяцей і галоўны мовазнаўца Турэцкай рэспублікі аддаў жыцьцё Алагу. На той час рэлігія была тут ледзьве не адзіным, што прыдумалі яшчэ да Атацюрка і безь яго ўдзелу.

Гэта і праўда культ асобы з усімі ягонымі ідэалягічнымі кульбамі і кулакамі на скулах — але нейкі вельмі ўжо сямейны. Да яе, гэтай асобы, туркі ставяцца як да горача любімага памерлага таты: «Запісаўся надоечы ў басэйн, бо сам Кемаль казаў, што гэта карысна для здароўя», — цяжка паверыць, але і ў дваццаць першым стагодзьдзі такое можна пачуць, напрыклад, ад маладога турэцкага студэнта. Дыктатар-бацька — у гісторыі ня рэдкасьць, але, відаць, толькі туркі прыгадваюць свайго «тату» безь нянавісьці: бацькаў рэмень — справа сямейная, затое якая навука — на цэлае жыцьцё.

Мустафу Кемаля Атацюрка льга было б параўнаць з чалавекам, якому дастаецца ў спадчыну старая кватэра — і ён мяняе ў ёй усё: ад сьценаў, сантэхнікі, дзьвярэй і шпалераў да пляніроўкі і выгляду з акна. Бо — «нам тут жыць, а не камусьці іншаму». З тым, хто гэта — мы, таксама трэба было як мага хутчэй разабрацца. І Кемаль прыдумаў — асманы зрабілся туркамі за адну ноч. І за адзін дзень навучыліся гэтым ганарыцца. «Будзьма туркамі»!

На кожнае «за» Кемаля знойдзецца сваё «супраць». Культ быў — але і асоба была: дзе-нідзе так, здаецца, дагэтуль кажуць пра «айца народаў». У выпадку са Сталіным гучыць сумнеўна: цяжка назваць асобай скалечанага паранояй маньяка, які без чалавечынкі на сьняданак дня пражыць ня мог. Кемаль быў не крыважэрны — ён быў палітык, і, напэўна, цынізму ды разьліку ў яго было ня менш і ня больш, чым у палітыкаў сучаснасьці.

Ён адстаяў незалежнасць — і даў дабро на вынішчэньне і асыміляцыю нацыянальных мяншыняў.

Ён скасаваў султана, як муху ў пакоі — і ўвёў рэспубліку, якая не магла не ператварыцца ў дыктатуру, ня горшую за тую, што была пры манархіі.

Ён даў правы жанчынам — і забраў іх у нязгодных зь яго палітыкай мужчын.

Ён забараніў рэлігійныя ордэны — і стварыў уласную партыю кшталту КПСС.

Ён прыняў эўрапейскі каляндар — і прымусіў жыць паводле яго Азію.

Ён адмяніў тытулы і ўвёў прозьвішчы — і сам атрымаў прозьвішча-тытул.

Ён даў туркам лацінскі альфабэт, арганізаваў сьвецкую дзяржаву, правёў эканамічныя рэформы... Ён здолеў зьмяніць краіну, як хірург-трансплянтоляг зьмяняе чалавечае цела. Дагэтуль спрачаюцца, ці прычыніўся Кемаль да генацыду армянаў — але тое, што ён ствараў дзяржаву ў тым ліку рукамі забойцаў, на жаль, таксама цалкам імаверна. «Усе лічаць, колькі армянаў забілі туркі, і ніхто — колькі туркаў зьнішчылі армяне,» — зразумела, што гэтая выкшталцона-дыпляматычная фраза, кінутая ім у дваццатых, мусіла быць прамоўленая кіраўніком дзяржавы — але генацыд ад гэтай вымушанасьці генацыдам быць не перастаў. Па вялікім рахунку, яго можна абвінаваціць у чым заўгодна. Але толькі не ў нянавісьці да свайго. Раскоша, якую і цяпер можа дазволіць сабе ня кожны дыктатар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG