Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарга ў Мытны саюз: Армэнія, Турэччына, Індыя


Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін
Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін

Кіраўнікі дзяржаў Мытнага саюзу заяўляюць аб прывабнасьці свайго ўтварэньня. Хоць не хаваюць і праблемаў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін на сёньняшнім паседжаньні кіраўнікоў краін Мытнага саюзу ў Менску заявіў, што варта сур’ёзна адрэагаваць на цікавасьць, якую праяўляе Індыя да супрацоўніцтва з Мытным саюзам.

Паводле Пуціна, Індыя хацела б заключыць пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю з Мытным саюзам.

Ягоны казахстанскі калега Нурсултан Назарбаеў згадаў пра Турэччыну:

«Да мяне зьвярнуўся прэм’ер-міністар Турэччыны Эрдаган: ці нельга Турэччыну прыняць у Мытны саюз. Турэччына — вялікая краіна, у нас агульныя межы, і тады наагул бы адпала пытаньне, якое часта задаюць, што вы ствараеце Савецкі Саюз».

На сёньняшнім паседжаньні абмяркоўваецца магчымае далучэньне да Мытнага саюзу Армэніі, а таксама праект пераўтварэньня альянсу з 2015 году ў Эўразійскі эканамічны саюз.

Палітоляг Аляксей Кароль лічыць і Мытны, і Эўразійскі саюзы небясьпечнымі для Беларусі:

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
«Зьнешняя палітыка Беларусі цяпер вызначаецца Расеяй, і гэта будзе яшчэ адзін крок у гэтым небясьпечным кірунку. Лукашэнка вымушаны гэта прымаць, таму што знаходзіцца ў матэрыяльнай, фінансавай залежнасьці ад Крамля. Гэты Эўразійскі зьвяз нясе ў сабе вялікі нэгатыў, бо ён абразае сувэрэнітэт Беларусі і яе магчымасьці ўплываць нейкім чынам на міжнародную палітыку. Як суб’ект міжнароднай палітыкі Беларусь ужо адсутнічае ў міжнароднай прасторы».

Тым ня меней палітоляг думае, што Беларусь зможа вырвацца з путаў «эўразійскай інтэграцыі».

«Гэта непазьбежна, дзякуючы таму, што Беларусь адбылася як дзяржава. У сыстэме сучасных міжнародных адносін Расеі немагчыма ператварыць яе ў сваю губэрню. У гэтым наш гістарычны шанец. Эўразійская інтэграцыя Беларусі скончыцца з крахам рэжыму Лукашэнкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG