Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белая нядзеля


27 кастрычніка 1962 году над Кубаю разгуляўся шторм. З стратасфэры ён выглядаў, як вялізнае вока, якое вырачылася ў космас і, здавалася, злавесна падміргвала бязьмежнай пустаце і холаду: маўляў, усе там будзем. І вельмі хутка.

Штарміла ня толькі над Кубай. Трэсла ўсю сусьветную палітычную сыстэму. Сьвет адчуў сябе раптам папяровым карабельчыкам, які трапіў у пральную машыну. Карыбскі крызіс, Хрушчоў і Кенэдзі з боегалоўкамі замест галоваў, ракеты, Кастра, падводныя лодкі, і зноў Хрушчоў, і зноў Кенэдзі... Такой была мова таго кастрычніка, зразумелая ўсім незалежна ад нацыянальнасьці. Але і ў гэтым хрушчоўска-кенэдзевым сьвеце былі куточкі, дзе жыцьцё ішло сваім чарадом і не зьбіралася спыняцца празь нейкія там Карыбы. Напрыклад, менавіта ў гэты дзень Савет міністраў БССР выдаў пастанову № 606 «Пра далейшае павелічэньне вырабу галянтарэйных тавараў і забесьпячэньні лёгкай прамысловасьці фурнітурай і аздабленчымі матэрыяламі». Насельніцтва хацела міру і фурнітуры, насельніцтва хацела жыць далей і зусім не зьбіралася гінуць празь нейкую там Кубу-любоў маю.

І фурнітура і мір перамаглі.

А ўсё магло выйсьці інакш. Увечары таго дня, які пазьней назавуць чорнай суботай, у штармавым небе над Кубай засеклі амэрыканскі самалёт U-2. Пасьля працяглай варажбы на штабных рамонках нехта зь ня самых высокіх савецкіх чыноў ня вытрымаў і аддаў загад зьбіць парушальніка. Пілёт маёр Андэрсан стаўся адзіным забітым на гэтай так і не абвешчанай вайне, а яго машына — галоўным экспанатам гаванскага Музэю рэвалюцыі. Пасьля такога разьвіцьця падзей ні ў кога не засталося сумненьняў, што ядзерная вайна пачнецца ўжо сёньня. Жывыя падрыхтаваліся зайздросьціць мёртвым, выконваючы волю партыі і ўраду. У ЗША падлічылі, што савецкія ракеты могуць адным махам зьнішчыць восемдзесят мільёнаў амэрыканцаў. У СССР падлічвалі, колькі застанецца рабоў і ці змогуць яны пракарміць тых, для каго было падрыхтаванае бамбасховішча. Але саступаць не хацеў ніхто. Ёсьць рэчы важнейшыя за чалавека. Міжнародны прэстыж, напрыклад. Парытэт, зь якога ўпасьці лёгка, як з парапэта.

Пра тое, што ў іх ёсьць розум, палітыкі чамусьці прыгадваюць у апошні момант. Эліта нацыі, што паробіш. Загнаная ў кут, гісторыя сьведчыць, што ім трэба часьцей пра гэта нагадваць: тыкаць пальцам, тварам, носам... Біць па руках. І, калі ня слухаюцца, пазбаўляць салодкага і цацак.

А то ж ніяк не нагуляюцца. І пальцы вечна ў чымсьці ліпучым. Добра, калі не ў крыві.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG